Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 1999 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Са зваротам да беларускай грамадзкасьці выступіла група жыхароў Бярэсьця. У звароце паведамляецца, што берасьцейцы занепакоеныя таямнічым зьнікненьнем Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Тамары Віньнікавай…

Грамадзянам Беларусі прапануецца паведаміць па аднаму з тэлефонаў у Берасьце любыя факты, якія дапамогуць адшукаць названых асобаў. За дакладную інфармацыю пра мейсцазнаходжаньне зьніклых грамадзянаў аўтары звароту абяцаюць выплаціць у якасьці ўзнагароды 10 тысячаў амэрыканскіх даляраў.

Як стала вядома нашаму радыё, ініцыятыва ў правядзеньні гэтае акцыі належыць мяйсцовым актывістам Аб'яднанае Грамадзянскае партыі ды Праваабарончага цэнтру "Вясна-96". Яны спадзяюцца, што грамадзяне, якім што-небудзь вядома пра абставіны зьнікненьня Віньнікавай, Захаранкі, Ганчара й Красоўскага ды іхны цяперашні лёс, выйдуць на сувязь і паведамяць пра гэта сябрам ініцыятыўнае групы.

Што тычыцца абвешчанае ўзнагароды, дык прадстаўнікі палітычных і праваабарончых арганізацыяў Берасьця небеспадстаўна лічаць, што паведамленьні пра памеры гэтай узнагароды могуць паспрыяць атрыманьню больш дакладнае і разнастайнае інфармацыі пра зьніклых асобаў. Але пытаньне нашага радыё пра крыніцы, зь якіх будуць выдаткаваныя грошы на матэрыяльнае стымуляваньне тых, хто паведаміць карысную інфармацыю, засталося без адказу. Разгалошваньне такіх зьвестак, на думку арганізатараў акцыі, у чарговы раз прыцягне ўвагу сілавых структураў да дзейнасьці мяйсцовае апазыцыі, якая і без таго знаходзіцца пад пільнай увагаю праваахоўных ворганаў.

Да гэтага трэба дадаць, што адзін зь берасьцейскіх актывістаў згаданае ініцыятыўнае групы — Генадзь Самойленка — пачынаючы з 22 верасьня, ладзіць у Менску сустрэчы з грамадзянамі, якім што-небудзь вядома пра лёс зьніклых асобаў. Спадар Самойленка паведаміў, што гэтыя сустрэчы будуць адбывацца штодзённа да канца верасьня на Пляцы Незалежнасьці ў беларускай сталіцы.

XS
SM
MD
LG