Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Кніга былога палкоўніка КГБ Васіля Мітрохіна "Шчыт і меч: сакрэтная гісторыя КГБ" выклікала немалую сэнсацыю ў сьвеце. У кнізе сабраныя дакумэнты, якія Мітрохін гадамі выносіў з архіву КГБ і якія ў 92-м ён перадаў брытанскай выведцы. З гэтак званага "архіву Мітрохіна", які лічыцца "найбўйнейшай уцечкай інфармацыі пра КГБ за ўсе гады йснаваньня савецкае выведкі", вынікае, што падрыўная дзейнасьць КГБ па ўсім сьвеце была куды больш актыўная, чым раней меркавалася. На адзін з эпізодаў дзейнасьці КГБ зьвяртае ўвагу ангельская газэта "The Daily Telegraph" ў артыкуле "Ворагі ў нутры"…

Дзесяць гадоў пасьля падзеньня Бэрлінскае сьцяны, – піша брытанская газэта "The Daily Telegraph", лёгка заплюшчыць вочы на дзейнасьць агэнтаў КГБ і Штазі, і лічыць што яна нічога не дала, акрамя прыніжэньня саміх вучоных і журналістаў, зараз пераважна старых і нямоглых.

Зараз яшчэ менш прыхільнікаў пакараньня гэтак званых савецкіх "агэнтаў уплыву" ў гадох халоднае вайны, – піша "The Daily Telegraph". Аднак гэтая спагадлівасьць, – лічыць брытанская газэта, – не павінна зацямняць гістарычную праўду. Ня кожнае няўменьне трымаць язык за зубамі зьяўляецца здрадаю, аднак няма іншага слова на акрэсьленьне яўнага супрацоўніцтва некаторых брытанцаў з варожымі выведкамі, што пашкодзіла дэмакратыі і падарвала сыстэму абароны краіны.

Сур'ёзная пагроза для NATO зьявілася ў пачатку 80-х з боку гэтак званага "міратворчага руху", – піша "The Daily Telegraph". "Кампанія за Ядравае Раззбраеньне" здолела мабілізаваць шырокія колы брытанскага грамадзтва супраць разьмяшчэньня на тэрыторыі краіны ракетаў з ядравымі баегалоўкамі.

Ракеты былі йстотнай часткаю праграмы мадэрнізацыі ўзбраеньня NATO й сталіся сымбалям выкліку, які Захад кінуў Варшаўскаму Пакту ў гады кіраваньня Маргарэт Тэтчэр і Рональда Рэйгана. Некаторы час "міратворчы рух" меў значныя посьпехі, хаця з другога боку ён пашкодзіў лева-цэнтрысцкім урадам. У прыватнасьці, у Нямеччыне рух спрычыніўся да выбарчай паразы Гэльмута Шмідта й абраньня канцлерам хрысьціянскага дэмакрата Коля.

Літаратура й мастацтва гэтага пэрыяду былі поўныя апакаліптычных перасьцярогаў атамнае вайны. "Кампанія за Ядравае Раззбраеньне" ды іншыя міратворчыя арганізацыі нагняталі ў грамадзтве масавую істэрыю.

Сярод тысячаў тых, хто далучыўся да гэтых арганізацыяў, быў цяперашні прэм'ер Тоні Блэр. Зараз, ён сам і ягоныя прыхільнікі цьвердзяць, што тады да такіх арганізацыяў далучаліся ўсе.

З другога боку, варта памятаць, – адзначае газэта "The Daily Telegraph", – што асабліва ад маладых палітыкаў менавіта Лейбарысцкае Партыі амаль патрабавалася сяброўства ў падобных мірных арганізацыях.

Многія лідэры "Кампаніі за Ядравае Раззбраеньне", як Томпсан, у мінулым былі добра вядомымі камуністамі. Пазьней стала вядома, што прынамсі адзін зь лідэраў гэтае арганізацыі, прафэсар Вік Альлен працаваў на ўсходненямецкую выведку Штазі.

Калі Томпсан разам са сваімі аднадумцамі стварылі ўласную групу "За Эўрапейскае Ядравае Раззбраеньне" й заклікалі і NATO, і Варшаўскі Пакт да разбраеньня, арганізацыя "Кампанія за Ядравае Раззбраеньне" і Лейбарысцкая Партыя засталіся на ранейшых пазыцыях.

Зараз ёсьць падставы меркаваць, што прафэсар Альлен актыўна працаваў дзеля ізаляцыі гэтага новага "мірнага руху". Не падлягае таксама сумневу, што брытанская выведка цікавілася дзейнасьцю кіраўніцтва падобных "міратворчых" арганізацыяў. Такія людзі, як Джуліан Люіс, якія закідалі "Кампаніі за Ядравае раззбраеньне", што яна зьяўляецца інструмэнтам савецкае палітыкі, былі зьняважаныя за свае погляды і зараз мусяць лічыць сябе апраўданымі.

Незважаючы на абурэньне некаторых колаў, – піша "The Daily Telegraph", – нагляд брытанскае выведкі за дзейнасьцю левых сілаў быў ў многім апраўданы. Як выявілася, Дзік Клемэнс, які на працягу 21 году працаваў журналістам у "The Tribune", супрацоўнічаў з КГБ.

Журналіст "The Guardian" Джон Айткэн абвінаваціў дэпартамэнт М-5 ў тым, што ён нагэтулькі рупліва распрацоўваў такія "падрыўныя" арганізацыі, як згаданая "Кампанія за Ядравае Раззбраеньне", што не выкрыў шматгадовую шпіёнскую дзейнасьць Мэліты Норвуд. Аднак паводле "The Daily Telegraph", гэтая "міратворчая" арганізацыя была ня менш падрыўной, чым у 40-м годзе "Брытанскі Зьвяз Фашыстаў".

"Халодная вайна", – піша брытанская газэта "The Daily Telegraph", – не каштавала нашай краіне шмат чалавечых жыцьцяў, аднак перамагчы ў ёй было ня менш важным, чым у двух усясьветных войнах. Зараз, калі вядома, якім чынам савецкая ваенная махіна маніпулявала міратворчымі рухамі на Захадзе, тым больш відавочна, колькі нам каштавала параза ў гэтым супрацьстаяньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG