Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Зь сёньняшняга дня сэрбская апазыцыя прыступае да масавых акцыяў пратэсту з дамаганьнем адстаўкі прэзыдэнта Мілошавіча. Заходнія аглядальнікі зьвяртаюць увагу на факт, што бальшыня грамадзтва незадаволеная цяперашнім кіраўніцтвам і сытуацыяй у краіне, але з другога боку апазыцыю дыскрэдытуюць нутраныя падзелы й сваркі…

"Гэта покер, у якім ўсе карты на стале, – цытуе амэрыканская газэта "The New York Times" лідэра апазыцыйнае Дэмакратычнае Партыі Зорана Джынджыча. – Мы ня маем іншага выбару й мусім да канцу гэтага году з дапамогай вулічных выступленьняў адхіліць Мілошавіча ад улады". "Аднак гэта будзе залежыць ад сэрбскага народу, і я ня ведаю, якая будзе рэакцыя людзей", – лічыць ён.

Ягоная партыя, а таксама шэраг меншых апазыцыйных груповак, згуртаваных у "Альянсе за Зьмены" плянуе пачынаючы з сёньняшняга дня праводзіць адначасова дэманстрацыі ў 32-х гарадох краіны.

У сёньняшнім мітынгу на Пляцы Рэспублікі мае удзельнічаць ад 10-ці да 15-ці тысячаў чалавек. "Альянс за Зьмены" плянуе блякаваньне гарадзкога руху, страйкі й прызначэньне ценявога ўраду на чале з былым старшынём Цэнтральнага банку Драгославам Аврамавічам.

Джынджыч лічыць, што акцыі пратэсту будуць паступова пашырацца і ўдзельнікі зьбяруць два мільёны подпісаў пад пэтыцыяй за адстаўку прэзыдэнта. Лідэр Дэмакратычнае Партыі спадзяецца, што неўзабаве да апазыцыі пяроўдуць каля 30-ці сяброў адміністрацыі Мілошавіча, што знайшліся ў сьпісе трохсот чыноўнікаў, якім Эўразьвяз адмаўляе ў візах.

Кіраваныя апазыцыйнымі дзеячамі ворганы мяйсцовага самакіраваньня ўжо выказалі вотум недаверу цэнтральным уладам і заявілі аб непадпарадкаваньні ім.

Аглядальнікі лічаць, што сэрбскай апазыцыі моцна перашкаджае разьяднанасьць. У дэманстрацыях, зарганізаваных "Альянсам за Зьмены" ня мае намеру ўдзельнічаць "Рух Аднаўленьня" Вука Драшкавіча.

Драшкавіч заявіў, што далучыцца да пратэстаў, калі апазыцыя згодзіцца на датэрміновыя, свабодныя і справядлівыя выбары, і калі Мілошавіч не пагодзіцца на іх.

Аглядальнікі лічаць, што ён сьпярша будзе назіраць за разьвіцьцём падзеяў, і калі ўбачыць, што пратэсты даюць вынікі, ён далучыцца да іх ахвоча прэтэндуючы на лідэрства.

Многія аналітыкі лічаць, што посьпех апазыцыі будзе залежыць ад прымірэньня паміж Джынджычам і Драшкавічам. Пакуль што атачэньне Джынджыча абвінавачвае Драшкавіча ў карупцыі ў часе, калі ён кіраваў сталічнай гарадзкой радаю і ў тым, што ў свой час ён стаў на баку Мілошавіча.

Лідэр "Руху Аднаўленьня", у сваю чаргу, мае шэраг закідаў на адрэсу Джынджыча, пачынаючы з таго, што ён зачаста карыстаецца ангельскай моваю і што ў часе вайны ў Косаве ён ня выявіў належнага патрыятызму.

Акрамя таго адзначаецца, што апазыцыя ўсё ж такі не карыстаецца асаблівым аўтарытэтам ў грамадзтве. "Нашая апазыцыя страшная. Гэта асноўная прычына таго, што Мілошэвіч яшчэ застаецца пры ўладзе", – заявіў незалежны палітычны аглядальнік Алекса Джылас. "Апазыцыйныя лідэры хочуць, каб мы выйшлі на вуліцы, але я не хачу падстаўляць сваю галаву пад дубінкі ў час, калі палітыкі хаваюцца за нашымі сьпінамі й думаюць пра сваю кар'еру", – заявіў чалавек, які ўдзельнічаў ў ранейшых дэманстрацыях, але гэтым разам застанецца дома. Настроі ў грамадзтве ўмела скарыстоўвае афіцыйная прапаганда. Дзяржаўныя СМІ называюць апазыцыю ня йнакш, як служкамі й памагатымі NATO, якія за грошы Захаду хочуць зьнішчыць тое, чаго не пасьпелі зьнішчыць NATOўскія бомбы.

З другога боку, як падкрэсьліваць амэрыканскія газэты "The New York Times" і "The Washington Post", сытуацыя ў краіне неспрыяльная для прэзыдэнта Мілошавіча. На плякатах, разьвешваных ў Белградзе, віднеюць перакрэсьленыя партрэты Мілошавіча ды ягонай жонкі Міры Маркавіч з надпісамі "Выбар народу".

На думку Зорана Джынджыча, тым ня менш Мілошавіч так лёгка не аддасьць уладу і ўжо неўзабавае можна разьлічваць на скарыстаньне з боку ўладаў гвалту й контардэманстрацыяў. На думку ягонага дарадніка Ёванавіча, "улада Мілошавіча разваліцца, калі калі ён ня зможа больш кантраляваць рычагі ўлады, калі паліцыя зразумее, што за іхнымі сьпінамі толькі жменька злодзеяў, а перад імі-народ".

Аднак бадай найбольшы ўплыў на разьвіцьцё падзеяў будзе мець сацыяльна-эканамічная сытуацыя. Адбудова пасьля паветраных рэйдаў NATO абмяжоўваецца рамонтамі мастоў, дарогаў і дамоў. На думку эканамістаў, без замежнай дапамогі й скасаваньня гандлёвых санкцыяў аздараўленьне эканомікі немагчымае.

Згодна апошняму апытаньню, у сэрбскім грамадзтве дамінуе боязь перад голадам, хаосам і грамадзянскай вайною. Рэзка ўзрасьлі цэны харчоў, не хапае паліва, павялічваецца беспрацоўе. Сытуацыю дэстабілізуюць этнічныя сэрбы з Косава, якія нагадваюць афіцыйнаму Белграду пра страту правінцыі ды дамагаюцца ад ураду жыльля ды сродкаў на жыцьцё.

Аб тым, што гэтыя людзі ня маюць куды вяртацца, сьведчыць сытуацыя ў Косаве. Армія Вызваленьня Косава даўжэйшы час адмаўлялася цалкам скласьці зброю. Учора быў знойдзены кампраміс.

Кіраўніцтва сілаў NATO ў правінцыі й лідэры Арміі Вызваленьня Косава падпісалі дамову аб трансфармацыі альбанскіх фармаваньняў у цывільную гвардыю з абмяжаванай колькасьцю зброі.

Новыя сілы праўдападобна будуць называцца "Корпусам Аховы". У яго склад увойдуць 5 тысячаў вайскоўцаў на чале з Агімам Чэку, які будзе падлягаць сілам NATO.

Гэнэральны сакратар NATO Салана прывітаў стварэньне новага фармаваньня.

Паводле словаў палітычнага лідэра Арміі Вызваленьня Косава, новыя, цывільныя сілы паспрыяюць умацаваньню дэмакратыі ў правінцыі. "Корпус Аховы" мае выконваць гуманітарныя і ратаўнічыя заданьні, аднак некаторыя выказваюць боязь, што ён ня будзе падпарадкоўвацца міжнародным сілам.

Альбанскія лідэры не прыхоўваюць, што хочуць, каб з часам "Корпус Аховы" стаў ядром нацыянальнае арміі незалежнага Косава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG