Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 верасьня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня выканаўца абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Генадзь Цярэня разам з дэпутатамі Сяргеем Калякіным і Валерам Шчукіным былі выкліканыя ў міліцэйскі пастарунак, дзе на іх былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Гэтак улады адрэагавалі на спробу дэпутатаў абараніць віцэ-сьпікэра парлямэнту Віктара Ганчара і дамагчыся прыняцьця апэратыўных захадаў у ягоным пошуку.

Генадзя Цярэню, Сяргея Калякіна й Валера Шчукіна абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце побач з адміністрацыяй прэзыдэнта. Гэтак была расцэнэная ўчорашняя акцыя 14 дэпутатаў Вярхоўнага Савету, а таксама сябраў камісіі ў пошуках Віктара Ганчара ў ягоную абарону.

Нагадаем, а 10-й гадзіне ўраніцу дэпутаты прыйшлі да адміністрацыі з пэтыцыяй на імя Аляксандра Лукашэнкі. У гэтай пэтыцыі выказваўся рашучы пратэст супраць палітычнага тэрору і патрабавалася прыняць неадкладныя захады ў пошуках Віктара Ганчара. Свае заявы дэпутаты падмацавалі транспарантам з надпісам "Лукашэнка! Вярні Ганчара!".

"Менавіта гэта плякат і сьведчыць пра тое, што вы зарганізавалі несанкцыянаваны пікет,-- тлумачыў сёньня дэпутатам Цярэне й Калякіну падпалкоўнік міліцыі Міклуш з аддзелу нутраных справаў Ленінскага раёну Менску. Міліцыянт абвесьціў дэпутатам, што яны прыцягваюцца да адказнасьці паводле 167-га артыкула Адміністрацыйнага кодэксу і заўтра з раніцы абавязаныя зьявіцца ў суд Ленінскага раёну на разгляд справаў.

Максімальнае пакараньне, што пагражае Цярэне й Калякіну, якіх сёлета ўпершыню прыцягваюць да адказнасьці за парушэньне закону аб вулічных акцыях — гэта папярэджаньне, а для Валерыя Шчукіна прызнаньне ягонай віны будзе азначаць адміністрацыйны арышт або нават узбуджэньне крымінальнае справы — у яго падобных парушэньняў у гэтым годзе шмат.

Між тым, ніхто з дэпутатаў сваю віну не прызнае. Палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Генадзь Цярэня абураецца:

(Цярэня: ) "Людзей хапаюць за што? Людзі несьлі калектыўны зварот Вярхоўнага Савету да ўладаў... сваімі паводзінамі анічога не парушалі..."

А лідэр Камуністычнае Партыі Беларускае Сяргей Калякін лічыць вінаватымі не дэпутатаў, якія выйшлі на абарону Ганчара, а міліцыянтаў:

(Калякін: ) "Я ня згодзен з высунутымі мне абвінавачваньнямі ў зьдзяйсьненьні адміністратыўнага правапарушэньня, бо я лічу, што я ажыцьцяўляў сваё канстытуцыйнае права на перадачу калектыўнага завроту ў ворганы выканаўчае ўлады. Гэта быў калектыўны зварот, прыняты на сэсіі Вярхоўнага Савету, які дэпутаты — у тым ліку і я — скіравалі на адрэсу выканаўчае ўлады й Гэнэральнае пракуратуры. А ні ў якім пікеце мы ня ўдзельнічалі і, такім чынам, не зрабіліл аніякага правапарушэньня. Ня мы парушылі заканадаўства, а ворганы ўлады скасавалі нашае права ажыцьцяўляць свае канстытуцыйныя правы ў пляне перадачы сваіх патрабаваньняў таму, каму хочам іх перадаць".

Нагадаю, заўтра Сяргея Калякіна й Генадзя Цярэню будуць судзіць за спробу перадаць у адміністрацыю прэзыдэнта пэтыцыю ў абарону Віктара Ганчара. На чарзе — суд над дэпутатам Валерам Шчукіным. Паводле зьвестак, позву зьявіцца ў міліцыю спрабавалі перадаць і яшчэ аднаму ўдзельніку акцыі — намесьніку старшыні АГП Аляксандру Дабравольскаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG