Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 верасьня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

На тэрыторыі Дагэстану зараз не вядзецца актыўных баявых дзеяньняў. Перад расейскімі войскамі пастаўленая задача ізаляваць Чачэнію. Аднак, многія экспэрты, у тым ліку на старонках друку, выказваюць сумненьні, што канфлікт блізкі да разьвязаньня. Бо ў гэтага канфлікту ёсьць надта глыбокія карані.

Газэта "New York Times" сёньня падсумоўвае жахлівыя вынікі апошняе вайсковае апэрацыі ў Дагэстане ды бамбаваньня Чачэніі: "230 расейскіх жаўнераў і 280 цывільных асобаў былі забітыя, каля тысячы чалавек параненыя. І акрамя ўсяго, расейцы ахопленыя ўсеагульным страхам з-за выбухаў, ахвярамі якіх сталі 300 чалавек, сьпісаныя на рахунак чачэнскіх тэрарыстаў".

Галоўнае, няма ўпэўненасьці, што абедзьве гэтя зьявы – вайна ў Дагэстане й тэрарыстычныя акты ў Расеі – ня мецьма працягу. Расейская прэса паведамляе аб новых прыгатаваньнях расейскіх войскаў да бамбаваньня ды ракетных абстрэлаў аб'ектаў ісьлямістаў у Дагэстане і ў Чачэніі. "Ёсьць адчуваньне, што гэтым разам бойка на тэрыторыі Дагэстану спыненая, – гаворыць Талгат Ахмедханаў, галоўны рэдактар газэты "Новое дело", якая выдаецца ў Махачкале. – Разам з тым, на ягоную думку, як пасьля першай атакі ісьлямістаў адразу адбылася другая, так неўзабаве пасьля другой атакі можна чакаць трэцяй".

Расея, – піша далей "New York Times", – апынулася перад цяжкім выбарам. Дагэстан, мабыць, адзін з найменш разьвітых у эканамічных адносінах рэгіён Паўночнага Каўказу. Разам з тым, страта Дагэстану можа яшчэ больш паскорыць працэс аддзяленьня ад Расеі прыкасьпійскага рэгіёну.

Вайна нанесла ўдар па чыгуначным руху ў рэгіёне. Праз Дагэстан праходзіць трубавод, празь які пастаўляецца нафта й нафтапрадкуты з Азэрбайджану ў чарнаморскі порт Наварасійск, а адтуль у танкерах – у Міжземнамор'е. Часткова нафтавод праходзіць і праз тэрыторыю Чачэніі. Вытворцы ды спажыўцы азэрбайджанскае нафты, у тым ліку ЗША хацелі б скарыстаць новы трубавод, па-за межамі Расеі, які б наўпрост выходзіў на міжземнаморскае ўзбярэжжа Турэччыны.

Дагэстан, верагодна, застаецца адзіным шанцам для Расеі, каб не застацца ў баку ад плянаў транспартаваньня нафты – піша "New York Times". Расейскі ўрад у пятніцу прапанаваў праект будаўніцтва новага трубаводу праз Дагэстан у Наварасійск у абыход Чачэніі. Нацыянальная ідэя можа быць адным са стымулаў для чачэнцаў у іхнай барацьбе за Дагэстан, магчымасьць зарабляць грошы ёсьць другім, прынамсі, ня менш важным чыньнікам. Магчыма, і ў Грозным, і ў Маскве ёсьць нямала людзей, якія хацелі б дамовіцца ў гэтай справе.

Аднак, Чачэнія, дзе вядучую ролю адыгрываюць палявыя камандзіры – такія як Шаміль Басаеў, чыё імя вымаўляюць часьцей за ўсё побач зь імём іярданскага ісьляміста Хатаба, не зьбіраецца саступаць Маскве. Тым больш, што палявыя камандзіры карыстаюцца, на думку экспэртаў, падтрымкаю радыкальных ісьлямістаў у Пакістане, Аўганістане, Савудаўскай Арабіі ды іншых краінах Усходу.

У газэце "Известия", да прыкладу, напрыканцы тыдня зьявілася публікацыя, зь якой вынікае, што тэрарыст Усама бін Ладзін, якога ЗША абвінавачваюць у арганізацыі леташніх выбухаў у амэрыканскіх амбасадах у Кеніі ды Танзаніі, накіраваў дадатковую дапамогу ісьлямскім партызанам у Чачэніі. "Известия" сьцьвярджаюць, што Бін Ладзін накіраваў яшчэ сёлета ў жніўні два мільёны даляраў на амуніцыю для рэкрутаў, які потым удзельнічалі ў паходзе на Дагэстан.

Расейская прэса паведамляе, што новыя рэкруты рыхтуюцца на базах у Чачэніі і ў Дагэстане.

Прэса паведамляе таксама аб канцэнтрацыі магутнай групоўкі расейскіх войскаў на мяжы Дагэстану, якія спрабуюць блякаваць Чачэнію. Вайсковы канфлікт працягваецца.

XS
SM
MD
LG