Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 верасьня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Сёньня ў нямецкім горадзе Мюнстары ва ўзросьце 67 гадоў памерла Раіса Гарбачова – жонка апошняга Гэнэральнага сакратара ЦК КПСС і прэзыдэнта СССР Міхала Гарбачова.

Ужо пасьля сваёй адстаўкі ў шэрагу інтэрвію Гарбачоў падцьвердзіў, што заўсёды – і практычна па ўсіх пытаньнях дзяржаўнае палітыкі – раіўся з жонкаю. Такім чынам, на працягу пяці гадоў Раіса Гарбачова – зразумела, неафіцыйна, – была першай дарадцаю лідэра савецкае дзяржавы і, значыць, другой паводле ўплыву асобаю ў Саюзе.

Магчыма, мы ўжо ніколі не даведаемся, якія канкрэтна ідэі Гарбачова былі падказаны яму Раісай Максімаўнай. Аднак відавочная і бясспрэчная ейная роля ў ажыцьцяўленьні таго, што можна было б назваць рэвалюцыяй грамадзкае сьвядомасьці.

Пасьля таго, як скончыла самагубствам Надзея Алілуева (паводле іншых вэрсыяў, яна была забітая самім Сталіным) – тэма жонак савецкіх лідэраў на працягу дзесяцігодзьдзяў знаходзілася пад табу. Зрэдку – пад час візыту Хрушчова ў Амэрыку ці выбараў у Вярхоўны Савет – людзям паказваліся першыя лэдзі. Жонак жа Андропава й Чарненкі савецкі народ пабачыў толькі на пахаваньнях гэтых гэнсэкаў. Як ня дзіўна, але за мяжою пра савецкіх першых лэдзі ведалі болей, чым у Саюзе.

Калі напачатку 60-х гадоў у Вене Хрушчоў спатыкаўся з Кэнэдзі, увесь сьвет абыйшлі здымкі Марыі Пятроўны побач з элегантнай Жаклін, і параўнаньне было не на карысьць крамлёўскай бабулькі.

Раіса Гарбачова была першай, хто – ужо паводле ўласнага вобліку – магла канкураваць з жонкамі амэрыканскіх прэзыдэнтаў і выглядала ніяк ні горш, чым Нэнсі Рэйган ці Барбара Буш.

А галоўнае – Захад упершыню пабачыў, што і Міхал, і Раіса Гарбачова – жывыя людзі, якія не хаваюць сваіх пачуцьцяў, а значыць, зь імі можна мець справу. У сярэдзіне 80-х, калі йснавала пагроза ядзернай вайны (пра якую нястомна пісаў Алесь Адамовіч і на што мы сёньня пасьпелі забыцца) чалавечнасьць гэтай сямейнай пары паўплывала на працэс міру, бадай, ня меней за пакеты міжнародных дамоваў.

Але тое, чым ганарыліся б немцы, французы ці тыя ж амэрыканцы, у вачах савецкага чалавека было недаравальным. Урэшце, гэта шмат у чым і было прычынаю антыпатыі да самога Гарбачова, які ня здолеў, як тады шмат хто казаў, "паказаць жанчыне ейнае мейсца".

Мейсца ж савецкае жанчыны было каля кухоннай пліты. Ці – на будоўлі, каля станку, за штурвалам камбайну.

Раіса Гарбачова прымусіла грамадзтва зразумець, што гэта не адзіныя сфэры, дзе жанчына можа быць нароўні з прадстаўнікамі "моцнага полу", і перагледзець мейсца савецкае (тады яшчэ – савецкае) жанчыны. Нават пры тым, што, як ні парадаксальна, менавіта жанчыны першыя абрынуліся на Раісу Гарбачову з крытыкаю.

Кіраўнікі БССР, як і іхныя старэйшыя таварышы ў Палітбюро, таксама не выстаўлялі жонак сьвету – гэтага патрабавала паняцьце "партыйнае сьціпласьці". А магчыма, проста ня было чым хваліцца.

Затое з надыходам незалежнасьці жонкі беларускіх палітычных лідэраў, – пачынаючы ад Ірыны Шушкевіч, – пачалі займаць тое мейсца, якое ім традыцыйна належыць у цывілізаванай краіне. Як ні хаваў сваё вясельле Пазьняк, але яно зрабілася сэнсацыяй і адразу паставіла Галіну Вашчанку ў цэнтар грамадзкае ўвагі. У сёньняшняй Беларусі жонкі дэмакратычных дзеячоў вымушаныя наведваць ня сьвецкія ды дыпляматычныя раўты, а залі сустрэчаў у сьледчых ізалятараў ды прыёмныя пракуратураў – як Юлія Чыгір, Вольга Захаранка або Зінаіда Ганчар.

І яшчэ адно парушэньне традыцыяў уяўляе сабою сёньняшняя Беларусь – застаецца нявызначаным мейсца першае лэдзі. Больш дакладна кажучы, у Лукашэнкі ёсьць жывая, дзякуй Богу, жонка, але ейная вось ужо пяцігадовая адсутнасьць каля першай асобы дзяржавы прымушае задумацца, а ці ўсё ў норме ў ейнага мужа?

Раіса Гарбачова памерла ад лейкэміі, прычынаю якой у ейным выпадку наўрад ці быў Чарнобыль. У Беларусі, аднак, гэтая хвароба атаясамляецца менавіта з Чарнобылем. Самы вялікі й небясьпечны выкід ядравых рэчываў адбыўся, як вядома, у першыя гадзіны й дні пасьля аварыі – калі інфармацыя пра выбух замоўчвалася. Гарбачоў зьвярнуўся да народу праз тэлевізію толькі на трэці тыдзень. Пазьней менавіта Раіса Гарбачова спрыяла стварэньню ды абсталяваньню цэнтраў у справе дасьледваньня й вылечваньня лейкэміі.

Апошнія гады Раіса Гарбачова пражыла не пад фокусам тэлевізійных камэраў і па-за ўвагаю ўсясьветнае супольнасьці, аднак ёй забясьпечана мейсца ў гісторыі побач з Гарбачовым, які драматычна намагаўся рэфармаваць таталітарную савецкую сыстэму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG