Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 верасьня 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Судовыя выканаўцы наведалі рэдакцыю газэты "Навіны" дзеля таго, каб апісаць маёмасьць. Але замест гэтага ў складзеным акце ім давялося канстатаваць, што ў рэдакцыі газэты гэткае маёмасьці амаль няма.

Сёньняшняя раніца пачалася для выконваючага абавязкі галоўнага рэдактара газэты "Навіны" Паўла Жука з гутаркі з судовымі выканаўцамі.

Размова адбывалася праз зачыненыя дзьверы. Судовыя выканаўцы й некалькі міліцыянтаў прыйшлі дзеля таго, каб апісаць маёмасьць, але Павал Жук не пусьціў іх у кватэру.

Пасьля гэтага выканаўцы скіраваліся ў рэдакцыю "Навінаў". Там яны таксама меліся апісваць маёмасьць. Але апісваць папросту не было чаго — "Навіны" арэндуюць памяшканьне, а ўсё абсталяваньне зьяўляецца прыватнай уласнасьцю.

Судовыя выканаўцы дзейнічалі на падставе зыску. Сакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман падаў у суд на рэдакцыю газэты "Навіны" й журналіста Сяргея Аніську.

14 верасьня быў надрукаваны артыкул Аніські, дзе распавядалася аб сядзібе, якую збудаваў сваім бацькам Віктар Шэйман. Дзяржаўны сакратар лічыць сябе абражаным. і патрабуе ў якасьці кампэнсацыі 10 мільярдаў рублёў ад газэты "Навіны" і 5 мільярдаў ад сяргея Аніські.

Вось як камэнтуе патрабаваньні Віктара Шэймана выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара "Навінаў" Павал Жук:

(Жук: ) "Гонар і годнасьць сапраўднага чалавека ня можна купіць ані за якія грошы — я ўпэўнены ў гэтым канкрэтна — заўсёды. І нармальны чалавек ня можа выстаўляць фінансовыя санкцыі за свой гонар і годнасьць. Гэта чыста "саўковы" падыход — падыход галоднага "саўка", які дарваўся да ўлады".

Судовы зыск супраць газэты й памеры кампэнсацыі спадар Жук разглядае ў кантэксьце агульнай сытуацыі ў Беларусі:

(Жук: ) "10 мільярдаў — гэта такія грошы, якія ў стане прыдушыць газэту чыста фінансова".

Павал Жук лічыць, што судовы зыск супраць газэты "Навіны" — гэта чарговая спроба спыніць дзейнасьць незалежнай газэты. Звычайна, разгляд судовых зыскаў у абароне гонару й годнасьці цягнецца месяцамі, але ў гэты раз усё адбываецца вельмі апэратыўна. У мінулы чацьвер Віктар Шэйман падаў зыскавую заяву, на наступны дзень быў зарыштаваны банкаўскі рахунак газэты. тады ж судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць Аніські. Назаўтра Паўла Жука й Сяргея Аніську выклікаюць у суд Маскоўскага раёну Менску. Як напісана ў позьве — "дзеля размовы".

Кіраўнік Цэнтру юрыдычнае дапамогі Міхал Пастухоў цьвердзіць, што парадак дзяньняў уладаў супярэчыць беларускаму заканадаўству. Спачатку бакі выклікаюцца дзеля тлумачэньняў. Затым — суд. І толькі пасьля суду можа адбыцца блякаваньне банкаўскіх рахункаў і апісаньне маёмасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG