Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 верасьня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мейсца зьнікненьня Віктара Ганчара дасьледвалі незалежныя экспэрты й сябры грамадзкае камісіі. Ці можна паводле гэтага змадэляваць падзеі, што адбываліся ў мінулы чацьвер увечары побач з лазьняй, якую наведаў Віктар Ганчар? Інтэрвію з удзельнікам гэтага агляду, былым сьледчым Алегам Воўчакам.

На паўднёвую пляцоўку побач з лазьняю, як на магчымае мейсца нападу на Ганчара й Красоўскага, першым указаў сябра Ганчара Яўген Лычоў, які абсьледваў навакольную тэрыторыю яшчэ ўраніцу ў пятніцу. Яўген знайшоў сьляды, якія, на ягоную думку, сьведчылі пра гвалтоўны захоп, і падзяліўся сваімі высновамі зь міліцыянтамі адзела нутраных справаў Савецкага раёну, а таксама зь сябрамі адразу ж створанае грамадзкае камісіі ў пошуках Ганчара.

У мінулую суботу гэтая камісія выяжджала на мейсца здарэньня, правяла дэталёвы агляд і збольшага падцьвердзіла папярэднія высновы пра гвалтоўны захоп дэпутата й прадпрыймальніка. Пра тое, што камісія ўбачыла на мейсцы здарэньня, распавёў нам былы сьледчы Алег Воўчак, якога, як прафэсіянала папрасілі ўдзельнічаць у сьледчым экспэрымэнту побач з лазьняю на вуліцы Фабрычнай.

(Воўчак: ) "Знайшлі некалькі доказаў таго, што быў зьдзейсьнены напад. Плямы чырвонага колеру, зламанае дрэва... Мы зьвярнулі ўвагу на тое, што на асфальце ёсьць сьляды тармажэньня машыны, якая перакрыла дарогу, хутчэй за ўсё джып, машыне, на якой ехаў Ганчар з Красоўскім.

Ёсьць меркаваньне, што быў напад на машыну з двух бакоў, бо маюцца з аднаго й другога бакоў аскроткі шкла.

Я думаю, што гэтае здарэньне непасрэдна зьвязанае з Ганчаром. Мейсца вельмі зручнае, каб захапіць — няма сьведкаў у гэтым раёне, і там працуе вельмі моцна фабрыка... Самы галоўны доказ — гэта заднія падфарнікі ад "Джыпа-Чэрокі". Гэтыя падфарнікі ўжо зняходзяцца ў сьледчых ворганах".

(Карэспандэнт: ) "І якую выснову грамадзкая камісія зараз робіць?"

(Воўчак: ) "Гэта было йзноў падобна на прыкметы выкраданьня Захаранкі. Дзейнічала асаблівая група, вельмі падрыхтаваная..."

(Карэспандэнт: ) "Там была кроў знойдзеная. чыя гэта кроў?"

(Воўчак: ) "Гэтае пытаньне вырашыць судова-мэдычная экспэртыза. Магла быць або пацярпелых, або нападаўшых..."

Алег Воўчак паведаміў таксама, што праведзены экспэрымэнт быў засьняты на відэастужку. Паводле ягоных вынікаў складзены пратакол, які будзе далучаны да матэрыялаў расьследваньня грамадзкае камісіі. Што тычыцца міліцэйскага расьсьледваньня, то на яго асаблівых надзеяў Воўчак не ўскладае. "Я зноў узгадваю гісторыю зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Былога міністра не знаходзяць менавіта таму, што гэтага ня хочуць",-- упэўнены Воўчак. І ў якасьці доказу ён спасылаецца на адмову пракуратуры ўзбудзіць крымінальную справу паводле факту зьнікненьня Юрыя Захаранкі.

Дарэчы, і ў выпадку зь Віктарам Ганчаром крымінальная справа дагэтуль ня ўзбуджаная. Гэта сёньня мне падцьвердзіў начальнік крымінальнае міліцыі аддзелу нутраных справаў Савецкага раёну Менску Іван Падгурскі, чыё ведамства займаецца гэтым фактам. "Мы пакуль правяраем усё, што зьвязанае са зьнікненьнем Ганчара — усе вэрсіі",-- сказаў спадар Падгурскі, і дадаў, што гісторыя таксама знаходзіцца на кантролі службы вышуку міністэрства нутраных справаў. Камэнтаваць высновы, якія зрабіла грамадзкая камісія пасьля агляду мейсца зьнікненьня Ганчара, кіраўнік крымінальнае міліцыі адмовіўся.

XS
SM
MD
LG