Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

"Магчыма, Ельцын падасьць ў адстаўку. Магчыма, ён ўвядзе надзвычайнае становішча. Ён можа таксама йзноў разагнаць урад або йзноў скіравацца ў шпіталь з прычыны хваробы сэрца". Такія здагадкі выказваюць расейскія СМІ, палітыкі, бізнэсоўцы й шэрагавыя грамадзяне. Кожны з гэтых варыянтаў магчымага разьвіцьця падзеяў верагодны ў сытуацыі, якая зараз склалася ў Расеі…

Учора вечарам меў мейсца чарговы выбух жылога 9-павярховага будынку ў Санкт-Пецярбургу. Паводле дадзеных праваахоўных ворганаў, ў выніку пажару абгарэлі тры паверхі й загінулі два чалавекі, выкінутых выбуховай хваляю праз вокны. Заваліліся лесьвічныя праходы.

Усіх жыхароў эвакуявалі. Разглядаецца вэрсыя выбуху газу, але не выключаюць і чарговага тэракту.

Між тым супрацоўнікі Фэдэральнае службы выведкі ды Ўправы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю затрымалі двух западозраных ў арганізацыі выбуху на вуліцы Гур'янава й Кашырскай шашы. Гэта ўраджэнцы Грознага, 32-гадовы Цімур Дахкільгаў і ягоны цесьць – 40-гадовы Бэкмарс Саўціеў. На руках і ў кватэры затрыманых выяўлена сьляды гэксагэну, а таксама сканфіскаваны пісталет Макарава.

Учора, пры спробе продажу 14-ці кіляграмаў тратылу, з дапамогаю якіх можна было б разбурыць жылы квартал, праваахоўныя ворганы затрымалі траіх жыхароў Алтайскага краю.

Сёньня ўраніцу скончылася разчыстка руінаў будынку ў Валгадонску, пад якімі загінулі 17 чалавек, а 87 чалавек шпіталізаваныя ў выніку выбуху. На нядзелю, 19 верасьня, прызначаны дзень жалобы па ахвярах гэтага замаху.

Прадстаўнік інжынэрных войскаў Расеі палкоўнік Аляксей Казлоў заявіў, што "гэксагэн скарыстаны тэрарыстамі дзеля падрыву жылых дамоў, выбраны імі па рэкамендацыі дасьведчаных спэцыялістаў". Казлоў патлумачыў, што дадатак алюмініявай пудры ў зарадах падвышае тэмпэратуру выбуху й выклікае вялікі пажар. Паводле ягоных словаў, тэхналёгія нарыхтоўкі гэксагэну надзвычай складаная, і ўвесь цыкаль вытворчасьці строга кантралюецца. Крадзеж гэтага выбуховага рэчыва ў часе транспарту мала верагодны, але цалкам нельга выключыць такой магчымасьці", –адзначыў палкоўнік Казлоў.

Між тым, сёньня ў Савеце Фэдэрацыі адбылося пазачарговае паседжаньне, на якім сэнатары за зачыненымі дзьвярыма разгледзелі сытуацыю на Паўночным Каўказе й сродкі стабілізацыі становішча.

На паседжаньні выступіў прэм'ер Уладзімер Пуцін. Паводле словаў прэзыдэнта Інгушэціі Аўшэва, прэм'ер выказаўся "за жорсткую барацьбу з тэрарызмам, экстрэмізмам і бандытызмам ў Расеі".

Губэрнатар Санкт-Пецярбургу Якаўлеў лічыць, што "неабходна аб'яднацца ўсім галінам улады і прыняць адпаведныя крокі супраць тэрарыстаў".

Яшчэ да паседжаньня, старшыня Народнага Сходу Дагэстану Муху Аліеў адзначыў, што неабходныя рашучыя крокі дзеля поўнага выкараненьня тэрарызму ў Расеі. Паводле слоў Аліева, "пакуль адназначна ня будзе акрэсьлены статус Чачэніі, дагэстанскае кіраўніцтва ня мае намеру раззбройваць сілы народнага апалчэньня, паколькі людзі маюць права абараняцца".

"Дзеля поўнага зьнішчэньня гэтых бандыцкіх фармаваньняў у фэдэральных сілаў не хапіла сілы", – заявіў учора міністар нутраных справаў Дагэстану Магаметагіраў. Уварваньне ісьлямскіх баявікоў на ягоную думку, было дакладна падрыхтаванае, яны выдатна арыентаваліся на мейсцы, скарыстоўвалі натуральныя сховішчы, мелі магчымасьць манэўру і атрымоўвалі падмацаваньне з Чачэніі".

"У барацьбе з тэрарызмам Расея ня будзе зьвяртацца па дапамогу да міжнародных арганізацыяў", – заявіў упаўнаважаны ў правох чалавека ў Расеі Алег Міронаў. На ягоную думку "гэта нутраная справа Расеі, і нам патрэбная толькі маральная падтрымка", – адзначыў ён.

Моцная падтрымка Расеі прагучала ўчора з вуснаў дзяржаўнага сакратара ЗША Мэдлін Олбрайт.

Шэраг амэрыканскіх палітыкаў, такіх як сэнатар Дзік Армі, лічаць, што палітыка адміністрацыі Клінтана ў дачыненьні да Расеі не дала вынікаў, і Расея канчаткова страчаная. Замест дэмакратыі ды свабоднага рынку, гэта разкрадзеная і збанкрутаваная зона анархіі, дзе акрамя таго – ядравая зброя".

У адказ на падобную крытыку Мэдлін Олбрайт заявіла:

"Майце на ўвазе, што Расея не гадзіньнік і не зьвязак ключоў, якія можна загубіць. Гэта краіна са 150-цю мільёнамі людзей, якая на працягу трох стагодзьдзяў была адной з найбольш магутных дзяржаваў. Думка выказваная некаторымі, што мы маглі страціць Расею – нахабная, і думка, што Расея страчаная – неправільная".

У часе, калі ў палітычных колах ЗША працягваецца дыспут, ці далейшая дапамога ахопленай карупцыяй Расеі мае сэнс, Фэдэральнае бюро расьсьледваньняў ЗША запрапанавала расейскім праваахоўным ворганам усемагчымую дапамогу ў барацьбе з тэрарызмам. Аб гэтым заявіў учора былы віцэ-прэм'ер і міністар нутраных справаў Анатоль Кулікоў.

З прапановай дапамогі выступіў дырэктар ФБР Луіс Фры. "У Дагэстане й Чачэніі, – падкрэсьліў Кулікоў, – дзейнічаюць не тэрарысты-адзінкі, але там функцыянуе сапраўдны, міжнародны тэрарыстычны цэнтар. Напэўна, не на свае сродкі міжнародны тэрарыст Бін Ладзін купляе зброю, фармуе баявыя атрады, вывучае іх і аплачвае выканаўцаў тэрактаў".

Кулікоў, як, дарэчы, і іншыя прадстаўнікі расейскага ўраду, не выключае таго, што Бін Ладзін арганізаваў апэрацыю ў Дагэстане й апошнія выбухі ў Расеі. На думку Кулікова, зараз рэзка зьмянілася пазыцыя расейскага грамадзтва ў дачыненьні да чачэнскіх бандытаў. Заміж ранейшага пасыўнага незадаволеньня, людзі дамагаюцца цяпер рашучых дзеяньняў.

Між тым, чачэнскія ўлады заявілі, што урадавыя сілы й сябры нацыянальнае гвардыі Рэспублікі, дысьлякаваныя ў Гудэрмэскім раёне, ня маюць анічога супольнага з баявымі дзеяньнямі ў Дагэстане. З такой заяваю выступіў прэсавы сакратар чачэнскага прэзыдэнта Абдул Мусьлімаў.

З рашучым асуджэньнем тэрактаў у Маскве й Буйнакску выступіла Рада муфціяў Расеі. "У гэты цяжкі час выпрабаваньня мы гаворым: тэрарызму няма апраўданьня!" Прадстаўнікі мусульманскага сьвятарства Расеі зьвярнуліся да расейскіх уладаў і прэзыдэнта Ельцына асабіста з заклікам "прыняць ўсе неабходныя крокі дзеля спыненьня новых барбарскіх актаў супраць цывільнага насельніцтва краіны".

Мусульманскія лідэры йзноў выступілі супраць "спробаў некаторых СМІ зьвязаць дзеяньні экстрэмістаў зь ісьлямскім веравызнаньнем, што дзеляць людзей па канфэсыйнай прыкмеце". "Арганізатары й выканаўцы гэтых антычалавечых дзеяньняў – па-за рэлігіяй і законамі чалавечага грамадзтва. На іх пашыраецца й пакараньне Ўсявышняга, і ўсе дзяржаўныя законы супраць злачынцаў", – адзначаецца ў заяве мусульманскага сьвятарства. Рада муфціяў выказала спачуваньне ўсім, каго закранула трагедыя, і заклікала грамадзянаў "выявіць стрыманасьць і разам супрацьстаяць выкліку антыграмадзкіх сілаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG