Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 верасьня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ў прадстаўніцтве АБСЭ ў Менску адбылася нарада палітычных апазыцыйных партыяў, якія вырашалі пытаньне доступу да дзяржаўных сродкаў масавае. Пакуль апазыцыянэры раздумваюць — ці варта пагаджацца на ўрадавыя прапановы?

Кіраўнік экспэртавае групы ў пытаньнях доступу апазыцыі да СМІ Міхал Пастухоў паведаміў нашаму радыё, што на сёньняшнім паседжаньні прадстаўнікам апазыцыйных партыяў былі даведзеныя ўзгодненыя з урадавай дэлегацыяй прапановы. Пакуль гэта мінімальны пакет. І экспэртавая група пад кіраўніцтвам Пастухова працуе над ягоным пашырэньнем.

Паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, апазыцыйныя палітыкі будуць мець магчымасьць два разы на тыдзень надрукаваць у пяці цэнтральных афіцыйных газэтах паведамленьні, памерам кожнае ў 250 радкоў. Тое ж тычыцца афіцыйных вабласных газэтаў і "раёнак". Рэдагаваньне апазыцыйных матэрыялаў не дапушчаецца.

Урадавы бок настойвае на тым, каб зьмест апазыцыйных паведамленьняў тычыўся выключна перамоўнага працэсу. Міхал Пастухоў з гэтым не пагаджаецца — ён прапануе даць магчымасьць апазыцыянэрам выступаць у газэтах штодня, пры чым тэматыка можа выходзіць па-за межы перамоўнага працэсу.

Пасунуцца ў пытаньні доступу апазыцыі да электронных мэдыя экспэртавыя групы ня здолелі — на ўсе патрабаваньні наўпроставага эфіру ўлады або маўчаць, або кажуць, што гэта "тэхнічна вельмі складана". Разам з тым пытаньне доступу менавіта да электронных СМІ зьяўляецца адным з галоўных. І калі яно ня будзе вырашанае, то ўск папярэднія дамоўленасьці губляюць сэнс. Менавіта так акрэсьлілі сваю пазыцыю прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, якія прымалі ўдзел у сёньняшніх кансультацыях.

У будынку АБСЭ сёньня прысутнічалі прадстаўнікі Беларускага Народнага Фронту, Народнай Грамады й Грамады, партыі Працы й лібэрал-дэмакратаў. Камуністы, АГП і рух "Яблоко" сваіх прадстаўнікоў не даслалі. У кантэксьце разнагалосьсяў, што стала паўстаюць у апазыцыйнай дэлегацыі, цікавым уяўляецца тое, як самі апазыцыянэры зьбіраюцца дзяліцца эфірным часам і газэтнай плошчаю. Гэтае пытаньне будзе абмеркаванае ў аўторак, у часе наступных кансультацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG