Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 верасьня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Афіцыйныя ўлады не бяруць на сябе адказнасьць за зьнікненьне Віктара Ганчара – гэтак жа, як і за зьнікненьне Юрыя Захаранкі й Тамары Віньнікавай. Між тым, практыка захопу палітычных апанэнтаў была адпрацаваная яшчэ некалькі гадоў таму.

У жнівеньскую ноч 95-га году, калі душыўся страйк менскага мэтрапалітэну, і ягоных ініцыятараў ўзброеныя "калашамі" АМАПаўцы кідалі на асфальт праспэкту Скарыны, – мне затэлефанавала жонка дэпутата Сяргея Антончыка й паведаміла, што Сяргей зьнік.

Разам з дэпутатамі Зянонам Пазьняком і Валянцінам Голубевым і карэспандэнткаю Радыё "Свабода" Галінай Прыгара мы скіраваліся на пошукі. Грукаліся ў дзьверы Камітэта дзяржаўнае бясьпекі, Міністэрства нутраных справаў, Гэнэральнай пракуратуры – аж пакуль давераныя крыніцы не падказалі, што шукаць Антончыка трэба на базе спэцназу, што па вуліцы Прылуцкай.

Дзяжурны лэйтэнанцік, не дасьведчаны ў гульнях вялікіх начальнікаў, адразу прызнаўся, што – так, Антончык у іх.

"Будзьце спакойныя, ён – пад аховаю", – дадаў лейтэнант. Але ўжо палкоўнік, які пазьней зьявіўся на КПП, знаходжаньне Антончыка ў ягонай вайсковай частцы адмаўляў…

Наступнага дня адбылася размова па тэлефоне з тагачасным памочнікам прэзыдэнта – Уралам Латыпавым. На маё пытаньне – "Ці разумеце Вы, што ўлады ідуць супраць Канстытуцыі?" былы прафэсар акадэміі КГБ і спэцыяліст па барацьбе з тэрарызмам Латыпаў, як ня дзіўна, адказаў, што – так, разумее.

Але яшчэ больш дзіўнай падалася наступная фраза: "Але й вы павінныя зразумець, што калі мы цяпер ня пойдзем на жорсткія захады – сытуацыя выйдзе з-пад кантролю".

Сёньня такое прызнаньне ўжо не падалося б дзіўным, хаця я сумняюся, што на цяперашняй пасадзе міністра замежных справаў Латыпаў зрабіў бы яго – не пажадана выходзіць па-за межы дыпляматычнага палітэсу.

Брудная праца ўскладзена на іншых, і ўлада пойдзе на любыя крокі, каб толькі трымаць пад "уласным кантролем" любую палітычную ініцыятыву, якая можа стварыць колькі-небудзь рэальную пагрозу для йснаваньня гэтае самае ўлады.

Для супрацоўнікаў спэцслужбаў – як у пагонах, так і ў цывільным – не йснуе пры гэтым такога паняцьця, як каштоўнасьць чалавечага жыцьця, як не было яго для афіцэраў НКВД, якія пад покрывам начы тысячамі звозілі людзей у Курапаты.

Кажуць, што пад час захопу закладнікаў самыя эфэктыўныя сродкі для іхнага вызваленьня – апэляваць не да пачуцьцяў тэрарыстаў, а дэманстраваць рашучасьць. Цяпер лёс Віктара Ганчара залежыць не ад тых, хто выконваў апэрацыю па ягоным захопе, і нават не ад тых, хто аддаваў загад – бо спадзявацца на міласэрднасьць наіўна, – а ад таго, наколькі адэкватна зрэагуе на чарговае зьнікненьне апазыцыянэра беларускае грамадзтва й сусьветная супольнасьць.

XS
SM
MD
LG