Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Яшчэ адзін былы супрацоўнік савецкае ды расейскае выведкі адкрыў кулісы вядомых і цалкам невядомых сакрэтных апэрацыяў КГБ у мінулым. Да такіх перабежчыкаў, якія паведамілі заходнюю грамадзкасьць пра дзейнасьць савецкае выведкі, як Гардзіеўскі, Калугін і Сувораў, далучыўся былы палкоўнік Васіль Мітрохін…

У сваім апошнім, суботнім нумары лонданская газэта "Times" пачала перадрук новай кнігі "Меч і шчыт: сакрэтная гісторыя КГБ", якая днямі выйшла з друку. Сааўтарамі кнігі зьяўляюцца: былы палкоўнік КГБ Васіль Мітрохін і навуковец з Кэмбрыджу Крыстофэр Эндр'юс.

Васіль Мітрохін быў штатным супрацоўнікам КГБ і ў гадох 1972-1984-м меў непасрэдны доступ да архіву. Як пазьней выявілася, ў часе пераносу архіву КГБ з Лубянкі ў новую сядзібу Ясенава, за які Мітрохін быў адказны, на працягу 12-ці гадоў ён перагледзеў агулам 20 тысячаў дакумэнтаў.

Кожную ноч ён выносіў іхныя копіі ды хаваў у халадзільніку ў пустых кардонах з-пад малаку. Затым ў кожныя выхадныя ён складаў гэтыя кардоны пад падлогай сваёй дачы пад Масквою.

Пасьля пераходу на пэнсію, Мітрохін ўвесь час думаў пра ўцёкі на Захад, аднак толькі праз 8 гадоў, ў 1992 годзе яму ўдалося прыбыць ў Прыбалтыку й зьвярнуцца ў амбасаду ЗША. Аднак афіцэр Цэнтральнае выведнае ўправы Пол Рэдманд выслухаў яго без асаблівага энтузіязму. Не зацікавіліся архівам Мітрохіна й вышэйшыя, амэрыканскія чыны.

Рэдманд патлумачыў пазыцыю сваіх начальнікаў тым, што пасьля краху Савецкага Саюзу ЦВУ вырашыла скараціць свае шпіёнскія апэрацыі супраць Масквы, што, як пазьней выявілася, было поўнай наіўнасьцю. Пол Рэдманд прызнаў ў інтэрвію, што сам на сваю руку хацеў перазьняць сакрэтныя дакумэнты былога афіцэра КГБ, але той, расчараваны халодным прыняцьцем у амбасадзе ЗША, зьвярнуўся ў прадстаўніцтва Вялікабрытаніі.

Супрацоўнік дэпартамэнту М-6 з дыпляматычным статусам зацікавіўся дакумэнтамі, але папрасіў прынесьці іх болей. Калі Мітрохін прынёс яшчэ 2 тысячы копіяў, амбасада вырашыла забясьпечыць яму выезд на Захад.

Сам Мітрохін баяўся забраць са сваёй дачы свой архіў і зрабіў гэта малады аіцэр выведкі з брытанскай амбасады ў Маскве Рычард Томлінсан. Увесь архіў – шэсьць чамаданаў з нататкамі Мітрохіна й копіямі дакумэнтаў КГБ – Томлінсан у дыпляматычным багажы перавёз у Лёндан.

Затым празь першыя чатыры гады ў час кіраваньня Джона Мэйджара, выведнае ведамства М-6 захоўвала ў поўным сакрэце справу Мітрохіна і ў міжчасе дакладна вывучала ягоны архіў. Пасьля вывучэньня дакумэнтаў, яны былі перададзены выведным службам Злучаных Штатаў, Францыі ды Нямеччыны.

Палкоўнік Васіль Мітрохін, якому зараз 77-м гадоў, мае брытанскае грамадзянства й жыве ў Вялікабрытаніі пад іншым прозьвішчам. Ён даў абшырнае інтэрвію кампаніі "BBC" і затым ў нядзелю ягоныя паказаньні экспэрты пракамэнтавалі ў праграме навінаў "CBS" "60 хвілінаў".

Былы афіцэр КГБ кажа, што да выяўленьня сакрэтаў савецкае выведкі схіліла яго расправа камуністычных уладаў над дысыдэнтамі. "Я хацеў паказаць грандыёзныя маштабы дзеяньня гэтай махіны зла", – сказаў ён ў інтэрвію радыёстанцыі "BBC". – "Я хацеў прадэманстраваць, што можа здарыцца, калі патаптаныя асновы сумленьня й забытыя маральныя прынцыпы. Я лічыў гэта маім абавязкам як расейскага патрыёта", – сказаў ён.

Брытанскія СМІ лічаць, што сэнсацыйная справа архіву Мітрохіна вельмі клапатлівая для ўраду Тоні Блэра, хаця ўсё адбывалася яшчэ да ягонага ўступленьня на пасаду.

Брытанскі ўрад загадаў ў панядзелак правесьці расьсьледваньне, як выведныя службы, вядомыя пад назовамі М-5 і М-6, скарысталі інфармацыю, атрыманую ад Мітрохіна. Найбольш скандальным і непрыймальным лічыцца той факт, што яны не паведамілі аб усім урад.

Старшыня парлямэнцкага камітэту выведкі й бясьпекі Том Кінг выказаў зьдзіўленьне тым, што выведныя службы, якія абавязаны здаваць ураду справаздачы, затрымоўваюць для сябе такую важную для краіны й дэмакратыі інфармацыю. Яны таксама не прадпрынялі аніякіх крокаў ў дачыненьні да, як мінімум, двух шпіёнаў, пра якіх згадвалася ў дакумэнтах Мітрохіна.

Аднак сааўтар кнігі "Меч і шчыт" Крыстофэр Эндр'юс лічыць, што выяўленьне сакрэтаў КГБ шкодзіць хутчэй за ўсё расейскай выведцы. Паводле ягоных словаў, таксама амэрыканская ФБР лічыць, што гэта "самая абшырная і важная крыніца інфармацыі аб КГБ, сабраная адным чалавекам". "Гэта роспачны дзень для цяперашняй расейскай выведкі. Зараз аніводная выведка ў сьвеце ня можа завэрбаваць новага агэнта й захаваць ляяльнасьць старых агэнтаў, калі іхная дзейнасьць не ўтрымоўваецца ў сакрэце", – сказаў ён.

У дакумантах ёсьць зьвесткі пра апэрацыі КГБ у сьвеце якія даўно былі вядомыя заходнім выведкам, пра тыя, якія толькі падазраваліся, і тыя, якія былі цалкам невядомыя.

З архіву Мітрохіна ясна вынікае, што кагэбісты дзейнічалі крайне каварна, бяз аглядкі на любыя нормы й маральныя прынцыпы, як сучасныя міжнародныя тэрарысты.

Архіў Мітрохіна ня толькі раскрыў маштабы й методы шпіёнска-дэструктыўнай дзейнасьці ў КГБ. Ён таксама ўжо дазволіў выявіць некалькі савецкіх агэнтаў, але аб гэтым наступным разам.

XS
SM
MD
LG