Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 16 верасьня 1999 г.


Валянцин Жданко, Менск

Сёньня афицыйна паведамлена, што фэстываль "Дажынки'99", які меў адбыцца напрыканцы верасьня ў Шклове, адменены.

Шклоўскія "дажынкі" адмяніў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Адначасова вырашан не праводзіць і вабласныя фэстывалі "Дажынак" — адбудуцца толькі раённыя сьвяты, на якіх лепшым калгасьнікам, якія вызначыліся на жніве, будуць уручаныя абяцаныя Лукашэнкам легкавыя аўтамабілі, матацыклы, халадзільнікі ды іншыя падарункі.

Паводле афіцыйнае вэрсіі, шклоўскія "Дажынкі" Лукашэнка адмяніў пасьля таго, як разгледзіў стан справаў у сельскай гаспадарцы і абмеркаваў гэтую праблему з урадам. Вынікі аналізу, — як сьцьвярджаецца ў афіцыйным паведамленьні, — і схілілі Лукашэнку да такога рашэньня.

Сумневы адносна таго, ці варта сёлета наладжваць пампэзныя ўрачыстасьці ў Шклове ўзьніклі ў прэзыдэнцкім аьачэньні яшчэ на пачату жніўня. Ужо тады было зразумела, што сёлета беларускія калгасы зьбяруць самы нізкі за апошнія 30 гадоў ураджай збожжа.

У той жа час, на радзіме Лукашэнкі — у Шклове — больш як паўгады вяліся прыгатаваньні да грандыёзнага сьвяткаваньня "Дажынак". На гэтыя мэты былі патрачаныя вялікія сумы ня толькі з вабласнога й раённага, але й з рэспубліканскага бюджэту.

Паказальна, што шклоўскія "Дажынкі" адмененыя ўсяго за 10 дзён да пачатку, калі вяліся апошнія прыгатаваньні, калі ўжо былі аплачаныя і артысты, і феервэркі, і строі, і сцэна для маляўнічага сьвята. Дажынкі ў Шклове былі задуманыя як апагэй сьвяткаваньняў, як узор усёй сыстэмы фэстываляў і масавых сьвятаў, што стваралася і ўдасканальвалася ў Беларусі на працягу апошніх 5 гадоў.

Замест гэтага сёлетні год стаў часам, калі ўся гэтая сыстэма масавых гульбішчаў пастаўленая пад сумнеў. Спачатку — пасьля травеньскае трагэдыі на Нямізе мы жахнуліся, пабачыўшы, чаго вартыя арганізатары гэтых акцыяў, цяпер — для ўсё большай колькасьці людзей відавочна, што для грандыёзных сьвяткаваньняў няма аніякіх падставаў. І што самі гэтыя фэсты ў цяперашніх умовах амаральныя.

Размовы пра магчымую адмену шклоўскіх "Дажынак" вяліся ў кабінэтах прэзыдэнцкае адміністрацыі і тры, і два тыдні таму. Канчатковае рашэньне супала з часам, калі грамадзтва напалоханае разгулам тэрарызму ў суседняй Расеі, калі людзі запалоханыя, падазрона ставяцца да любога натоўпу, і зусім ня схільныя да масавых гульбішчаў. Супадзеньне гэтае наўрадці выпадковае.

XS
SM
MD
LG