Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Пасьля чарговага выбуху жылога будынку ў Маскве, у выніку якога загінулі 118 чалавек, у расейскай сталіцы рэзка ўзрасьлі антыкаўкаскія настроі. Адначасова, пасьля чатырох за апошнія два тыдні тэрактаў, устрывожаныя жыхары Масквы актыўна ствараюць ўласныя групы самааховы. Улады правялі буйнамаштабную апэрацыю спраўджаньня дакумэнтаў ў аўтамабілістаў, на кірмашох і чыгуначных станцыях, у крамах, узмацняюць кантроль за наплывам не-расейцаў і ахову чачэнскае мяжы, аднак на думку некаторых аглядальнікаў, ўсе гэтыя крокі хутчэй за ўсё сьведчаць аб бездапаможнасьці ўладаў…

Прэм'ер Уладзімер Пуцін адхіліў прапанову аб увядзеньні ў краіне надзвычайнага становішча, аднак заклікаў да рашучых крокаў супраць чачэнскіх бунтаўнікоў. Выступаючы ў Думе, ён заявіў, што тэрарызм стаўся "нацыянальнай праблемаю Расеі", аднак на ягоную думку, няма патрэбы ўводзіць надзвычайнае становішча. Супраць гэтага выказаўся таксама сьпікэр Дзяржаўнае думы Генадзь Селязьнёў.

Пуцін акрэсьліў Чачэнскую Рэспубліку, як "вялікі тэрарыстычны лягер", абвясьціў ўзмацненьне памежнага кантролю, эканамічныя санкцыі супраць Грознага й бязьлітасныя атакі супраць ісьлямскіх баявікоў ў Дагэстане.

У арганізацыі двух апошніх выбухаў ў Маскве расейскія службы бясьпекі абвінавацілі пэрсанальна лідэраў ісьлямскіх баявікоў, якія ўварваліся ў Дагэстан, двух вахабітаў: Яданца аль-Хатаба, які дарэчы здымае атакі сваіх баявікоў і зьмяшчае на старонцы ў Інтэрнэце. Мяркуецца, што Басаеў займаецца практычнай падрыхтоўкай баявікоў да барацьбы з расейцамі ў гарах, а Хатаб больш рупіцца пра грошы й зброю з-за мяжы. Намесьнік міністра нутраных справаў Зубаў заявіў, што аб іхным ўдзеле ў замахах сьведчаць запісаныя тэлефонныя гутаркі паміж імі.

Таксама на думку замежных аглядальнікаў, вельмі праўдападобна, што за замахамі стаяць ісьлямскія фундамэнталісты. Аб гэтым сьведчыць прафэсійны спосаб падрыхтоўкі некалькіх замахаў амаль адначасова. Тым ня менш абодва лідэры ў адзін голас заяўляюць, што з замахамі ў Маскве не маюць анічога супольнага.

Хатаб заявіў ў Грозным, што ён не ваюе з жанчынамі й дзецьмі, толькі з вайскоўцамі. Дарэчы, службы бясьпекі вядуць вышук за Дэнісам Саітакавым, які праўдападобна прайшоў абвучэньне на базе Хатаба ў Чачэніі. Пасьля выбуху будынку на мінулым тыдні Саітакаў накіраваўся ў Нальчык.

Пад небывалым ціскам з боку Крамля й грамадзтва, якое ў барацьбе з тэрарызмам дамагаецца хуткіх вынікаў, міністар нутраных справаў Рушайла сустрэўся з прэзыдэнтам Ельцыным і паведаміў пра выяўленьне і абясшкоджаньне яшчэ адной магутнай бомбы пад іншым будынкам ў Маскве. Дзьве тоны выбуховага рэчыва былі нібыта падкладзеныя пад 12-павярховы будынак, ў якім 260 кватэраў.

Міліцыя затрымала ўжо трох западозраных у тэрактах і вядзе вышук трох іншых. Міліцыя праверыла агулам 26 з 30-ці тысячаў шматпавярховых жылых дамоў.

Ельцын загадаў ўзмацніць кантроль, асабліва за атамнымі электрастанцыямі, складамі паліва ды іншымі важнымі аб'ектамі. Мэр Масквы Лужкоў ў сваю чаргу ад сябе распарадзіўся ўзмоцніць сродкі бясьпекі і ў кожным раёне пільна сачыць за ўсякімі падазронымі людзьмі й дзеяньнямі.

Адначасова ў расейскім грамадзтве выразна ўзмацніліся традцыйныя, але дагэтуль прыхаваныя антыкаўкаскія настроі. Аб'ектамі яўнага перасьледу сталі, у прыватнасьці, гандляры каўкаскіх нацыянальнасьцяў, якія даўно здамінавалі маскоўскія рынкі.

Хаця ў тэлевізыйным выступе Барыс Ельцын заявіў, што "вораг ня мае твару, нацыянальнасьці й рэлігіі", на сьценах зьявіліся графіці "забі чорных!"."Я пратэстую супраць гвалту… я ўстрывожаны забойствамі, але я ня маю анічога супольнага з Дагэстанам, хаця й расплачваюся не за свае грахі", – заявіў азэрбайджанец, які ўжо 12 гадоў жыве й працуе ў Маскве.

Пераважная бальшыня расейскага грамадзтва відавочна ня верыць у пасьпяховасьць праведзеных уладамі надзвычайных крокаў. На думку спэцыяліста ў пытаньнях каўкаскага рэгіёну Аляксандра Іскандар'яна, " любы тэрарыст можа лёгка падкупіць карэннага масквіча, які ня выкліча падазрэньняў і той падкладзе бомбу".

Расейцы й без рэкамэндацыі Юрыя Лужкова ствараюць свае ўласныя камітэты самааховы, назіраюць за сваімі дамамі і ўсімі незнаёмымі людзьмі. Некаторыя расейцы выказваюць здагадкі, што апошнія бамбовыя замахі ў Маскве зьяўляюцца элемэнтам прыхаванае палітычнае барацьбы: "глядзі, хто можа мець карысьць ад таго, што здарылася, і там шукай вінаватых". І многія ўсур'ёз застанаўляюцца, якім палітычным сілам выгадная была б дэстабілізацыя і ўвядзеньне, да прыкладу, надзвычайнага становішча.

XS
SM
MD
LG