Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 верасьня 1999 г.


Сяргей Абламейка, Прага

Штогадовага пасланьне Дзяржаўнага дэпартамэнту Кангрэсу ЗША (працяг тэмы)

На мінулым тыдні Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўпершыню апублікаваў пасланьне Кангрэсу ў спараве датрыманьня ў сьвеце міжнародных рэлігійных свабодаў. Гэты дакумант аб'ёмам 1000 старонак зьмяшчае інфармацыю аб рэлігійнае сытуацыі ў 200 краінах. У мінулыя пятніцу й панядзелак нашыя слухачы ўжо мелі магчымасьць пазнаёміцца з часткамі адмысловага беларускага разьдзелу пасланьня, прысьвечанымі Каталіцкай і Праваслаўнай цэрквам. Тут прадстаўляем вам чарговую частку дакумэнту.

Нагадаем слухачам, што прысьвечаны Беларусі разьдзел першага пасланьня Дзяржаўнага дэпартамэнту Кангрэсу ЗША ў справе датрыманьня ў сьвеце міжнародных рэлігійных свабодаў пачынаецца з крытыкі палітыкі прэзыдэнта Лукашэнкі ў дачыненьні Праваслаўнае царквы. Паводле ўраду ЗША, Лукашэнка сьвядома разглядае Праваслаўную царкву як сродак дасягненьня славянскага адзінства ў рэгіёне і "аб'яднаньня" Беларусі з Расеяй. Дзеля гэтага ён аказвае гэтай царкве матэрыяльную падтрымку, якой у краіне ня маюць іншыя цэрквы.

Адносна становішча Рыма-Каталіцкае царквы ў Беларусі, у пасланьні зьвяртаецца ўвага на гістарычна абумоўленае ў Беларусі атаясамленьне рыма-каталікоў з польскай мяншыняй у краіне. Пры гэтым, аднак, колькасьць палякаў у краіне ацэньваецца Дзяржаўным дэпартамэнтам ў 400 тысячаў чалавек, а колькасьць каталікоў – паміж 8 і 20 адсоткамі. Дзеля пагрозы таго, – гаворыцца ў пасланьні, – што беларускія ўлады могуць пачаць ставіцца да Каталіцкае царквы як да замежнай, кардынал Сьвёнтак забараніў вывешваньне ў касьцёлах польскіх сьцягоў і загадаў польскую мову ў набажэнствах замяніць беларускаю.

Пад канец савецкае эпохі, – гаворыцца далей у штогадовым пасланьні Дзяржаўнага дэпартамэнту Кангрэсу ЗША, – колькасьць гэбрайскага насельніцтва ў Беларусі складала 120 тысячаў чалавек. Сёньня ў Беларусі жыве ад 60 да 80 тысячаў гэбраяў, каля паловы зь якіх сканцэнтраваныя ў сталіцы й вакол яе. Бальшыня гэбраяў Беларусі сёньня рэлігійна пасыўныя. Тыя зь іх, хто зьяўляецца вернікамі, належаць да кансэрватыўнае ці рэфарматарскае плыні юдаізму. У Менску таксама дзейнічае невялікая, але актыўная артадаксальная Любавіцкая сынагога.

Колькасьць пратэстанцкага насельніцтва Беларусі ацэньваецца ў пасланьні Дзяржаўнага дэпартаманту ў некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек, што зьяўляецца адносна невялікай лічбаю ў адсоткавых адносінах. Пачынаючы з 1990 году, – гаворыцца далей у пасланьні, – колькасьць пратэстанцкіх абшчынаў у краіне, паводле інфармацыі Дзяржаўнага камітэту Беларусі ў справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, узрасла больш чым на 600. Гістарычна пратэстантызм у Беларусі значна саступаў паводле колькасьці адэптаў Праваслаўю, Каталіцтву і Юдаізму, а пад час савецкіх перасьледваньняў у Беларусі йснаваў адзіны зьвяз пяцідзясятнікаў і баптыстаў. Сёньня яны падзяліліся на самастойныя арганізацыі, а іх суполкі можна знайсьці па ўсёй краіне.

У Геларусі, – гаворыцца далей у пасланьні Дзяржаўнага дэпартаманту, – дзейнічае сёньня і некалькі абшчынаў Грэка-Каталіцкае (Уніяцкае) царквы, якая некалі была галоўнай рэлігіяй краіны. Створаная ў XVI стагодзьдзі, гэтая царква ахоплівала тры чвэрці насельніцтва краіны й была гвалтоўна забароненая расейскім урадам у 1839 годзе. Спроба адрадзіць гэтую царкву, якая выкарыстоўвае праваслаўныя рытуалы й прызнае сваім галавой Папу, пасьля атрыманьня Беларусяй незалежнасьці мае зьмешаны посьпех.

Падкрэсьленае выкарыстаньне ўніятамі беларускае мовы, што ў краіне асацыюецца з апазыцыйным Беларускім Народным Фронтам, а таксама гістарычнае напружаньне паміж Уніяцтвам і Праваслаўем, зьяўляюцца прычынаю таго, што ўрад прэзыдэнта Лукашэнкі глядзіць на гэтую царкву падазрона.

Сярод іншых рэлігіяў краіны пасланьне Дзяржаўнага дэпартамэнту называе Адвэнтыстаў Сёмага Дня, Музульманаў, Егавістаў, Кальвіністаў і Лютэранаў.

Дзяржаўны камітэт Беларусі ў справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, – гаворыцца далей у штогадовым пасланьні Дзяржаўнага дэпартамэнту Кангрэсу ЗША, – заяўляе, што ў краіне зарэгістраваныя і дзейнічаюць рэлігійныя суполкі 26 канфэсіяў. На самай справе, і гэта важна падкрэсьліць, ня ўсе зь іх зарэгістраваныя як агульнанацыянальныя арганізацыі, што не дае ім права адчыняць цэрквы й свабодна праводзіць свае набажэнствы.

Урад Беларусі адмаўляе ў рэгістрацыі некаторым рэлігійным мяншыням і пагражае ім як сэктам. Да прыкладу, – гаворыццца далей у пасланьні, – улады Беларусі адмовілі ў рэгістрацыі адной з галінаў Беларускае Праваслаўнае Аўтакефальнае царквы пасьля неаднаразовых ейных зваротаў. На адным з сэмінараў, які праходзіў летась у Менску, прадстаўнік Дзяржаўнага камітэту ў справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў‚ Вячаслаў Савіцкі заявіў, што 11 дэструктыўных сэктаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі, працягваюць нелегальна дзейнічаць у краіне. На адной з канфэрэнцыяў, наладжаных сёлета ў красавіку Праваслаўнай царквою і прэзыдэнтам Лукашэнкам, абмяркоўваліся, да прыкладу, такія тэмы, як прыняцьцё адпаведнага закону, які б забараніў дзейнасьць "дэструктыўных сэктаў".

Урад адмаўляе такім арганізацыям у праве рэгістрацыі на падставе таго, што іх дзейнасьць "супярэчыць Канстытуцыі краіны". Без афіцыйнай рэгістрацыі рэлігійныя арганізацыі, якія ўрад Беларусі разглядае як сэкты, ня могуць арэндаваць або купляць нерухомасьць пад мейсцы для набажэнстваў і ня могуць ствараць умовы дзеля свабоднай падрыхтоўкі сваіх сьвятароў. Мірныя сустрэчы сяброў такіх суполак у прыватных дамох для набажэнстваў разганяліся паліцыяй.

Сябры нетрадыцыйных пратэстанцкіх плыняў і некаторых іншых цэркваў не спрабуюць дамагчыся афіцыйнае рэгістрацыі, бо ня вераць, што іхнія заявы будуць нават разгледжаныя. Публікацыя рэлігійнае літаратуры для нетрадыцыйных канфэсіяў практычна немагчымая, бо выдавецтвы ў краіне кантралююца дзяржаваю.

Больш за тое, – гаворыцца далей у пасланьне Дзяржаўнага дэпаратаманту ЗША, – практыкаваньне веры, якая разглядаецца ў Беларусі як нетрадыцыйная, асабліва, якой незарэгістраванай зь іх, можа паставіць пад пагрозу прасоўваньне па службе чыноўніка ў дзяржаўным сэктары. Пры гэтым, фармальна ад урадавых чыноўнікаў не патрабуецца нейкае рэлігійнае прысягі ці прыналежнасьці да нейкае пэўнае веры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG