Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 верасьня 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Беларуская мытня ня будзе прыймаць дадатковых захадаў да кантролю ў зьвязку з вайною ў Дагэстане й выбухамі ў Максве. На беларуска-расейскай мяжы па-ранейшаму ня будзе мытнага кантролю. Пра гэта сёньня паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Вікенці Макарэвіч.

У Расеі йдзе вайна ў Дагэстане, у Маскве тэрарысты падрываюць жылыя дамы, але беларуская мытня не зьмяняе рэжым сваёй працы на ўсходнім напрамку — як і раней, на мяжы з Расеяй можна сустрэць толькі міліцыянтаў, якія абараняюць спажывецкі рынак краіны шляхам канфіскацыі прадуктаў харчаваньня:

(Макарэвіч: ) "Адмена мытнага кантролю — гэта рашэньне кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў. У мяне няма інфармацыі, што гэтае рашэньне будзе карэктавацца. Мяркую, што дамова аб адзінай мытнай прасторы будзе рэалізоўвацца й надалей".

Паводле спадара Макарэвіча, адкрытасьць межаў не азначае тое, што яны застануцца па-за ўвагаю. Старшыня мытнага камітэту цьвердзіць, што ягоныя падначаленыя разам зь беларускімі спэцслужбамі кантралююць сытуацыю ва ўсіх памежных раёнах. У прыватнасьці, там праводзяцца адмысловыя апэрацыі з тым, каб прадухіліць увоз зброі ды выбуховых рэчываў у Беларусь.

Вікенці Макарэвіч не ўдакладніў сутнасьць гэтых апэрацыяў, а таксама, ці ёсьць нейкія вынікі цягам апошніх дзён.

Тым часам, ад уладальнікаў сотавых тэлефонаў беларускія мытнікі патрабуюць дазволу на правоз апаратаў празь мяжу. Паводле мытнікаў, праца мабільных тэлефонаў на тэрыторыі краіны перашкаджае дзейнасьці некаторых дзяржаўных службаў. Адпаведны дакумэнт выдаецца міністэрствам сувязі ў Беларусі, але як яго можна атрымаць за межамі краіны, Вікенці Макарэвіч так і не растлумачыў.

У мінулым годзе 500 супрацоўнікаў мытні былі звольненыя за злоўжываньні службовай пасадаю. Сёлета такі лёс напаткаў яшчэ дзьве сотні ўжо колішніх мытнікаў.

З большым задавальненьнем кіраўніцтва мытнага камітэту кажа пра станоўчыя вынікі сваёй працы — так, летась мытнікі пералічылі ў бюджэт амаль 30 трыльёнаў рублёў. Гэта складае 22 адсоткі ад прыбытковай часткі бюджэту. Сёлета праца мытні прынесла дзяржаве 65 мільярдаў рублёў.

Апошнія лічбы яшчэ раз паказваюць, што Беларусь можа зарабляць вялікія грошы дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу. Пра гэта, дарэчы, цьвердзіць беларуская апазыцыя ад пачатку 90-х гадоў. Але за гэты час улады так і не змаглі абсталяваць межы Беларусі й стварыць належную інфраструктуру ў нутры краіны. Магчыма, што ў іншым разе беларускія міліцыянты не займаліся б канфіскацыяй прадуктаў харчаваньня.

XS
SM
MD
LG