Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 верасьня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Вядучы афіцыйнае праграмы беларускае тэлевізіі "Рэзананс" Аляксандар Зімоўскі ўказам Аляксандра Лукашэнкі ўзнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме" 3-й ступені. Узнагароджаньне адбылося адразу пасьля таго, як апазыцыянэры перадалі кіраўніку ўрадавае дэлегацыі на перамовах з апазыцыяй Міхалу Сазонаву заяву, у якой заклікалі спыніць абразы, што ў кожнай перадачы гучаць з вуснаў Зімоўскага на адрэсу апазыцыі.

І калегі Аляксандра Зімоўскага па працы, і прадстаўнікі прэзыдэнцкае адміністрацыі, і нават апазыцыянэры сыходзяцца ў адным — прэзыдэнцкую адзнаку Зімоўскі, сапраўды, заслужыў. Назва ордэна, якім узнагароджаны Аляксандар Зімоўскі, гаворыць сама за сябе — ордэн "За службу Радзіме" 3-й ступені.

Указ пра ўзнагароджаньне падпісаў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ім, як патлумачыла нам прадстаўніца аддзелу ўзнагародаў адміністрацыі Лукашэнкі Ірына Ісаева, гэтая ўзнагарода даецца за нейкія асаблівыя заслугі. Што гэта за заслугі, і хто яшчэ атрымаў такі ж ордэн, спадарыня Ісаева паведаміць адмовілася.

Даведацца меркаваньне самога Аляксандра Зімоўскага адносна таго, ці можна разьлічваць на ягоную падвоеную працавітасьць пасьля ўзнагароды, не ўдалося. Зь 1 верасьня ён знаходзіцца ў адпачынку.

Галоўны рэдактар "Агэнцыі Тэлевізійных Навінаў" (АТН) Уладзімер Мартынаў заявіў нам, што Зімоўскі сапраўды заслужыў ордэн, бо зьяўляецца таленавітым журналістам. Адным зь лепшых, як лічыць галоўны прадстаўнік афіцыйнага PR'у.

Але раней за Аляксандра Лукашэнку сваю адзнаку таленавітасьці Аляксандра Зімоўскага публічна дала беларуская апазыцыя, прадстаўнікі якой з зайздроснай пэрыядычнасьцю падавалі на Зімоўскага ў суд за паклёп.

Талент Зімоўскага адзначыла й Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, якая летась прысвоіла яму дыплём і званьне "Ганаровага Крумкача".

Апошняй адзнакай творчасьці галоўнага прэзыдэнцкага вядучага стала заява экспэртаў у пытаньнях сродкаў масавае інфармацыі на перамовах з уладамі. Кіраўнік гэтае групы Міхал Пастухоў перадаў на мінулым тыдні кіраўніку ўрадавае дэлегацыі на перамовах Міхалу Сазонаву ліст, у якім запатрабаваў спыніць плыню хлусьні, што ліецца з вуснаў Зімоўскага на апазыцыйных дзеячоў.

Пасьля гэтага вядучы прарамы "Рэзананс" і атрымаў ордэн.

Лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч, камэнтуючы ўзнагароджаньне Зімоўскага ордэнам за службу Радзіме, заявіў, што гэтую адзнаку ён сапраўды заслужыў. Бо быць галоўным рупарам Лукашэнкі ў цяперашніх умовах сапраўды цяжка,-- лічыць Станіслаў Багданкевіч.

XS
SM
MD
LG