Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 верасьня 1999 г.


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Прэзыдыюм Рады Беларускае Народнае Рэспублікі зьвярнуўся да кіраўніцтва дэмакратычных краінаў і міжнародных фінансавых арганізацыяў з заклікам паставіць выдаткаваньне дапамогі Беларусі ў залежнасьць ад вызваленьня палітычных вязьняў і ўсталяваньня канстытуцыйнае законнасьці.

У Нью-Ёрку адбылося паседжаньне Прэзыдыюму Рады Беларускае Народнае Рэспублікі. Нагадаю, што ў ягоны склад уваходзяць Старшыня й Намесьнікі Старшыні, а таксама некаторыя сябры Рады. У часе паміж сэсіямі Прэзыдыюм зьяўляецца кіруючым ворганам Рады БНР.

Гэтым разам Прэзыдыюм абмеркаваў вынікі візыту Старшыні Рады Івонкі Сурвілы ў Вільню, які адбыўся напачатку верасьня.

Спадарыня Івонка Сурвіла лічыць, што Расея не пазбавілася ад свайго імкненьня інкарпараваць Беларусь у імпэрыю. З гэтай прычыны ўсе нацыянальна сьвядомыя беларусы мусяць яднацца ў змаганьні за незалежнасьць Бацькаўшчыны. А Рада БНР мусіць, як таго вымагае ейны Статут, выкарыстоўваць усе даступныя ёй сродкі, каб дасягнуць галоўнае ейнае мэты – незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі. На думку спадарыні Сурвілы, адным з такіх сродкаў ёсьць падтрымка ўсіх тых палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, якія вядуць змаганьне за незалежнасьць у Беларусі.

Адным з такіх палітыкаў, на думку Старшыні Рады БНР, зьяўляецца й Сямён Шарэцкі, які ёсьць адзіным легітымным кіраўніком улады ў Беларусі, чые мэты шмат ў чым супадаюць з мэтамі Рады БНР. Менавіта гэтая акалічнасьць і сталася падставаю таго, што Івонка Сурвіла паставіла свой подпіс разам са Станіславам Шушкевічам і Радзімам Гарэцкім пад Зваротам да беларускага народу, беларусаў сьвету і ўсіх дэмакратычных парлямэнтаў. Нагадаем, што ў гэтым звароце Старшыня Рады БНР, былы сьпікэр Вярхоўнага Савету й Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" заклікалі адмовіць Лукашэнку ў падтрымцы й падтрымалі Сямёна Шарэцкага, які, паводле Канстытуцыі, выконвае абавязкі прэзыдэнта. Акрамя спатканьняў зь беларускімі апазыцыянэрамі, спадарыня Сурвіла мела сустрэчы і зь некаторымі палітыкамі Летувы

На паседжэньні Прэзыдыюму Рады БНР адзначана, што пасьля 18-га году, калі Ўрад БНР быў змушаны пакінуць Беларусь, Старшыня Рады БНР ўпершыню непасрэдна ўзяла ўдзел у палітычным жыцьці Бацькаўшчыны. Місія Івонкі Сурвілы даволі падрабязна асьвятлялася ў летувіскай прэсе.

На паседжэньні Прэзыдыюму адзначалася, што нягледзячы на ўсе папрокі, якія могуць быць выстаўленыя спадару Шарэцкаму, трэба кіравацца найперш інтарэсамі Беларусі й знайсьці спосабы падтрымаць намаганьні дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ў справе ўсталяваньня канстытуцыйнае законнасьці. Пры гэтым, як стала вядома карэспандэнту "Свабоды", сябры Прэзыдыюму адзначылі, што ім хацелася б бачыць больш выразную пазыцыю Сямёна Шарэцкага і апазыцыйных дэпутатаў ў адстойваньні ідэалаў Акту 25 Сакавіка. Першым крокам на гэтым шляху, на думку сябраў Рады, магло б быць вяртаньне бел-чырвона-белага сьцягу й гербу "Пагоня" статусу дзяржаўных сымбаляў.

Прэзыдыюм Рады БНР вырашыў падтрымаць Сямёна Шарэцкага й дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ў іхных намаганьнях ў справе абароны незалежнасьці Беларусі ды аднаўленьня канстытуцыйнае законнасьці.

Падкрэсьлена, што гэта а ні ў якім разе не азначае перадачы паўнамоцтваў Рады БНР ці іхняга абмежаваньня.

Сябры Рады БНР Янка Запруднік і Алесь Сільвановіч паінфармавалі пра пазыцыю некаторых вашынгтонскіх палітыкаў у дачыненьні да сытуацыі ў Беларусі. Доўгі час лідэры беларускае дыяспары дамагаліся ад афіцыйнага Вашынгтону, каб амэрыканская дапамога Расеі залежыла ад стаўленьня Крамля да Лукашэнкі і ягонай палітыкі ў галіне правоў чалавека. Днямі прадстаўнікі дыяспары атрымалі ліст з Дзяржаўнага дэпартамэнту ад Амбасадара ў надзвычайных даручэньнях спадара Роса Вільсана, у якім ён паведаміў, што сёлета ў ліпені, пад час апошняга візыту расейскага прэм'ера ў ЗША, прадстаўнікі амэрыканскага ўраду абмяркоўвалі зь ім і беларускую праблему. Сябры Прэзыдыюму Рады БНР будуць і надалей працягваць кантакты з амэрыканскімі палітыкамі.

На паседжэньні ў Нью-Ёрку быў прыняты Зварот Рады БНР "Аб фінансавай дапамозе Рэспубліцы Беларусь". Рада БНР выказала заклапочанасьць катастрафічным станам эканомікі й правоў чалавека ў Беларусі. Яна прапанавала урадам краінаў Эўропы, а таксама ЗША і Канады, міжнародным фінансавым арганізацыям паставіць выдаткаваньне дапамогі Рэспублікі Беларусь у залежнасьць ад вызваленьня палітычных вязьняў, выкананьня міжнародных стандартаў ў галіне правоў чалавека і ўсталяваньня канстытуцыйнае законнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG