Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 верасьня 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Пакуль беларуская апазыцыя і міжнародныя арганізацыі ўскладаюць даволі вялікія спадзяваньні на перамовы з уладамі, у кватэру аднаго з удзельнікаў гэтых перамоваў — Юрыя Хадыкі — сёньня спрабавалі ўламіцца супрацоўнікі міліцыі. Аргумэнтам дзеля гвалтоўнага пранікненьня ў кватэру стала наяўнасьць позвы ў суд. Толькі ўмяшаньне сыноў Юрыя Хадыкі перашкодзіла магчымаму ператрусу ў кватэры.

Гэтымі днямі Юры Хадыка, намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту, знаходзіцца ў ад'езьдзе. Але чамусьці менавіта ў гэты час міліцыянтам было патрэбна ўпэўніцца ў прысутнасьці Хадыкі дома. Верагодна, каб уручыць позву на чарговае судовае паседжаньне.

Пра здарэньне, што адбылося сёньня ўраніцу, апавядае сын Юрыя Віктарваіча Кастусь:

(Хадыка: ) "...Тут падскачылі два такія здаравенныя дзецюкі. І адзін зь іх мелькам паказаў пасьведчаньне супрацоўніка міліцыі і сказаў, што ім патрэбен мой бацька. Юры Віктаравіч зараз у ад'езьдзе, і я сказаў, што яго дома няма. Яны заявілі, што ім трэба прайсьці ў кватэру, каб пабачыць на свае вочы, што яго няма. Пры гэтым адзін зь іх заявіў, што толькі што бачыў майго бацьку ў вакне! Я запытаў, ці маюць яны санкцыю натое, каб заходзіць у кватэру? Яны адказалі, што ў іх ёсьць позва ў суд. Яны пачалі вырываць дзьверы і ўваходзіць. Я, як мог, спрабаваў іх спыніць, але ж два такіх здаравенных жлаба было... Дзякуй, што ў хаце быў яшчэ мой брат і далей за калідор мы іх не пусьцілі па-просту. А яны спрабавалі пайсьці й шарыць па пакоях..."

Няпрошаныя госьці ня мелі пры сабе аніякіх судовых папераў, позвы... Прынамсі, калі й мелі, то не паказвалі. Сваю прыналежнасьць да ворганаў нутраных справаў адзін зь іх падцьвердзіў нейкім пасьведчаньнем, на якім родныя Юрыя Хадыі ўбачылі надпіс "Упраўленне ўнутраных спраў". Абодва мужчыны былі ў цывільным.

Калі яны ўпэўніліся, што ніхто акрамя двух сыноў да іх не выходзіць, то згубілі імпэт, больш імкнуцца ў памяшканьне ня сталі й хутка пакінулі кватэру.

Што характэрна, аніякіх сваіх каардынатаў, тэлефонаў ці візытовак дзеля наступнай сувязі, а таксама запрашэньне прыйсьці ў суд яны не пакідалі. Гэта й дало Кастусю Хадыку падставу меркаваць, што позва ў суд была толькі нагодаю:

(Хадыка: ) "Мне падаецца, што гэта ціск на майго бацьку, як на аднаго з кіраўнікоў канусльтацыйнае групы ў перамоўным працэсе. таму што гэтыя справы, паводле якіх яго зараз выклікаюць у суд, шыты белымі ніткамі".

У якасьці падставы дзеля падобнага меркаваньня Кастусь Хадыка прывёў уласныя назіраньні:

(Хадыка: ) "Самае галоўнае — у мяне склалася адчуваньне, што яны па-просту сочаць за кватэраю. Таму што, калі я праходзіў каля свайго дому, гэтых хлопцаў ня бачыў, і так сама нечакана яны абыйшлі кватэру й зьніклі.

Я думаю, што найбольшая абарона, якой мы валодаем на дадзены момант — гэта незалежныя журналісты, і магчымасьць давесьці інфармацыю ня толькі да беларускага грамадзтва, але й да міжнароднага".

Нагадаю, што сёлета Юрыя Хадыку некалькі разоў выклікалі ў суд пасьля ўдзелу ў апазыцыйных акцыях і спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці за ўдзел у іх. Тое, да прыкладу, было за шэсьце, зарганізаванае сацыял-дэмакратамі на сьвята незалежнасьці ў ліпені. Але сур'ёзнае пакараньне судом вынесенае не было.

Зараз, відавочна, робяцца спробы паўзьдзейнічаць на намесьніка старшыні БНФ у часе кансультацыяў, якія наладжаныя між прадстаўнікамі апазыцыі і ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG