Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 верасьня 1999 г.


Сёньня гарадзкія ўлады Менску забаранілі правядзеньне пікетаў у абарону Міхала Чыгіра, матывуючы гэта абвастрэньнем тэрарызму ў суседняй Расеі…

У штаб-кватэры экс-прэм'ера Міхала Чыгіра сёньня быў атрыманы дакумэнт за подпісам намесьніка старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Віктара Чыкіна, у якім паведамляецца, што анулююцца раней дадзеныя дазволы на правядзеньне пікетаў у парку Горкага й на вуліцы Гарадзкі Вал.

Намесьнік старшыні выканаўчага камітэту патлумачыў гэты крок "рэзкім абвастрэньнем грамадзка-палітычнага стану ў хаўруснай краіне – Расейскай Фэдэрацыі.

Віктар Чыкін прапанаваў арганізатарам пікету правесьці свае акцыі ў іншых мейсцах – на пляцы Бангалёр, да прыкладу, якая знаходзіцца на адлегласьці некалькіх кілямэтраў ад цэнтру гораду.

Актывісты штабу Міхала чыгіра лічаць гэтае рашэньне непрыймальным і заяўляюць пра грубае парушэньне іхных грамадзянскіх правоў з боку менскіх уладаў.

Так атрымалася, што менавіта ў той час, калі гэтае рашэньне дасылалася апазыцыянэрам, намесьнік кіраўніка менскае гарадзкое міліцыі Станіслаў Курэль у тым жа будынку Гарадзкога выканаўчага камітэту праводзіў прэсавую канфэрэнцыю на тэму, як менская міліцыя зьбіраецца адрэагаваць на падзеі ў Маскве.

Спадар Курэль заявіў, што ў міліцыі няма апэратыўных зьвестак на карысьць таго, што хваля тэрарызму ў Расеі захлыне й Беларусь. Аднак, папераджальныя захады ўсё ж робяцца. Паводле спадара Курэля, бліжэйшымі днямі менскія міліцыянты, як і іхныя калегі з Масквы, правераць усе сутарэньні й гарышчы. Абыйдуць усе кватэры й высьветляць, дзе жывуць кватаранты, хто яны й адкуль.

Міліцыя просіць жыхароў гораду тэлефаніць па 02 і паведамляць пра ўсіх падазроных асобаў, аднак, не турбаваць дарэмнымі пагрозамі аб выбухах. Намесьнік кіраўніка гарадзкое міліцыі папярэдзіў патэнцыйных "тэлефонных тэрарыстаў", што іх лёгка вылічаць і прыцягнуць да адказнасьці.

Станіслаў Курэль абверг абвінавачваньне ў тым, што міліцыя сама й стварае ажыятаж вакол маскоўскіх падзеяў: "такія падзеі, як у Маскве, адбываліся ў многіх краінах. І паўсюль надзвычайныя захады рабіліся таксама й суседзямі. Штосьці дапамагло ўратавацца ад тэрарыстаў". Пры гэтым ён сказаў, што міліцыя разумее простую рэч – змаганьне з тэрарыстамі не павінна ператварацца ў змаганьне з народам. "Антытэрарыстычныя захады аніяк не адаб'юцца на нармальным жыцьці горада", – запэўніў намесьнік кіраўніка менскае міліцыі.

Бачна па ўсяму, што гаворачы гэта, ён ня ведаў, або рабіў выгляд, што ня ведае пра апошняе рашэньне супраць апазыцыянэраў, падпісанае Віктарам Чыкіным.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Толькі што мы атрымалі копію Патрабаваньня кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну беларускае сталіцы Чыкілева, якое накіраванае кіраўнікам усіх прадпрыемстваў і арганізацыяў.

У ім патрабуецца ўзмацніць прапускны рэжым у будынкі, наладзіць абсьледваньне сутарэньняў, гарышчаў, усіх арэндуемых памяшканьняў, і пра ўсе падазроныя прадметы неадкладна паведамляць у міліцыю.

Зусім магчыма, што такім падазронымі прадметамі могуць быць і апазыцыйныя ўлёткі, і, натуральна, бел-чырвона-белыя сьцягі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG