Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 верасьня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня прыблізна а 15:30 паводле менскага часу амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі Дэніэл Спэкхард вярнуўся ў Беларусь. Прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джэймс Рубін зрабіў наконт гэтага адмысловую заяву: "Вяртаньне амбасадара Спэкхарда стала магчымым дзякуючы пасьпяховым перамовам, у выніку якіх беларускі бок падаў новыя гарантыі таго, што ім будуць выконвацца ўсе забавязаньні ў адпаведнасьці зь Венскай канвэнцыяй, а таксама, што ім будзе зроблена кампэнсацыя выдаткаў, панесеных амэрыканскім бокам у выніку такіх дзеяньняў уладаў Беларусі".

"Я і мая сям'я вельмі радыя вяртацца. Мы палюбілі вашую краіну",-- такімі былі першыя словы амбасадара ЗША, сказаныя ў аэрапорце "Менск-2". Нагадаем, што амбасадар Спэкхард пакінуў Беларусь у чэрвені мінулага году ў знак пратэсту супраць выдаленьня яго зь ягонай рэзыдэнцыі ў "Драздах". ЗША тады расцанілі дзеяньні беларускіх уладаў, як брутальнае парушэньне Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных стасунках. Тады ж зь Беларусі зьехалі і амбасадары ўсіх краінаў Эўразьвязу, а "Дразды" сталі асабістай рэзыдэнцыяй Лукашэнкі.

Напрыканцы 98-га году эўрапейскія амбасадары вярнуліся, але Злучаныя Штаты працягвалі весьці перамовы зь беларускім МЗС, а амбасадар Спэкхард заставаўся ў Амэрыцы.

У сёньняшняй заяве Дзярждэпартамэнту адзначаецца, што вяртаньне амбасадара стала магчымым дзякуючы пасьпяховым перамовам, пад час якіх беларускі бок падаў новыя гарантыі ў выкананьні Венскай канвэнцыі, а таксама гарантаваў выплату кампэнсацыі за страты, якія панес амэрыканскі бок.

Пасьля прыбыцьця ў Менск спадар Спэкхард падцьвердзіў, што перамовы па "Драздах" завершыліся посьпехам. "Сьведчаньне гэтаму — тое, што я вярнуўся",-- сказаў ён. Амбасадар дадаў, што канчатковыя дэталі яшчэ трэба ўзгадніць. Ён адмовіўся адказаць на пытаньні аб памеры кампэнсацыі. І аб парадку яе выплаты.

Ня выключана, што дадатковым аргумэнтам на карысьць вяртаньня амэрыканскага амбасадара стаў перамоўны працэс паміж уладай і апазыцыяй, зарганізаваны Арганізацыяй па Бясьпецы й Супрацоўніцтву ў Эўропе. Гэты чыньнік адзначаны ў сёньняшняй заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту. Сам амбасадар Спэкхард у адказ на маё пытаньне заявіў, што Злучаныя Штаты цалкам падтрымліваюць мэты АБСЭ у Беларусі, а таксама дзейнасьць назіральнай групы гэтае арганізацыі на чале з амбасадарам Вікам.

У заяве амэрыканскага ведамства вонкавае палітыкі канстатуецца, што сучасны момант беларускае гісторыі азмрочаны адмоўнымі тэндэнцыямі. Такімі, як ціск на апазыцыю, запалохваньне апазыцыйных лідэраў, сканчэньне тэрміну паўнамоцтваў, на які прэзыдэнт Лукашэнка быў абраны ў 1994 годзе.

Пад час размовы з журналістамі амбасадар Спэкхард дадаў, што легітымнасьць і правамоцнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі знаходзіцца пад пытаньнем. І гэтая праблема, паводле меркаваньня амбасадара, таксама павінна быць абмеркаваная на перамовах.

Пэўны час таму сьпікэр Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі заявіў, што згодна з Канстытуцыяй 1994 году з 21 ліпеня да яго перайшлі паўнамоцтвы кіраўніка беларускае дзяржавы. Спадару Спэкхарду было зададзена пытаньне — кім ЗША лічаць спадара Шарэцкага і ці можа Амэрыка забясьпечыць гарантыі ягонага вяртаньня на радзіму.

Спадар Спэкхард адказаў, што ЗША лічаць Сямёна Шарэцкага старшынём Вярхоўнага Савету, які зьяўляецца адзіныным правамоцным і заканадаўчым ворганам Беларусі. Пры гэтым амбасадар заўважыў, што забясьпечваць бясьпеку вяртаньня Шарэцкага ў Беларусь — гэта справа не амэрыканскага, а беларускага ўраду.

Жонка Дэніэла Спэкхарда, Эн паведаміла, што іх сям'я будзе жыць у рэзыдэнцыі каля мястэчка Раўбічы пад Менскам. Амбасадар выбраў гэтае мейсца пад час сваёй апошняй часовай паездкі ў Беларусь. А зараз ён вяртаецца на сталае мейсца працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG