Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Пад ціскам з боку міжнароднае супольнасьці, ўчора прэзыдэнт Інданэзіі Габібі заявіў, што пасьля кансультацыяў з вайсковымі камандзірамі й прадстаўнікамі Рады Бясьпекі ААН, ён вырашыў дазволіць разьмяшчэньне міжнародных сілаў ва Ўсходнім Тыморы.

Міжнародная супольнасьць вітала гэтую пастанову. Некалькі краінаў на чале з Аўстраліяй ўжо выказалі гатоўнасьць накіраваць ў Інданэзію сваіх вайскоўцаў, аднак Злучаныя Штаты пасьлядоўна заяўляюць, што сваіх вайскоўцаў ва Ўсходні Тымор не пашлюць і могуць аказаць міратворчым сілам толькі тэхнічную дапамогу.

"З часу пачатку бяспарадкаў зашмат людзей страцілі сваё жыцьцё, дамы й пачуцьцё бясьпекі… Мы не можам даўжэй чакаць і мусім неадкладна спыніць пакуты і гора", – заявіў у тэлевізыйным выступе прэзыдэнт Габібі.

Лідэры шэрагу краінаў віталі ягонае рашэньне. "Гэта важны крок наперад для насельніцтва Ўсходняга Тымору… Тут справа ў дабрабыце, будучыні, бясьпецы й свабодзе гэтых людзей", – заявіў прэм'ер Аўстраліі Джон Гоўард.

Міністар абароны Аўстраліі Мур лічыць, што міжнародны кантынгэнт мусіць налічваць як мінімум 7 тысячаў вайскоўцаў. Аўстралія першая выказала гатоўнасьць прыслаць 4,5 тысячы жаўнераў. У апэрацыі гатовы ўдзельнічаць таксама Малайзія, Сынгапур, Філіпіны й Тайлянд.

Аўстралія заявіла, што калі Джакарта ўзгодніць з ААН ўсе падрабязнасьці, ўжо празь пяць дзён могуць прыбыць ва Ўсходні Тымор першыя міратворцы. Прэзыдэнт Габібі разам зь міністрам замежных справаў Алатасам ўжо накіраваліся ў Нью Ёрк дзеля перамоваў з Кофі Ананам.

Прамаўляючы ў часе Азіяцка-Ціхаакіянскага саміту ў Новай Зэляндыі, прэзыдэнт ЗША Клінтан задэкляраваў тэхнічную дапамогу міратворчым сілам, але выключыў накіраваньне амэрыканскіх вайскоўцаў.

Прэзыдэнт Габібі адзначыў, што міжнародныя сілы будуць шчыльна супрацоўнічаць зь інданэзійскай арміяй.

Паводле газэты "New York Times", сама інданэзійская армія ня ў стане навесьці парадак ў правінцыі. Накіраваньне туды дадатковых пяці батальёнаў і ўвядзеньне ваеннага становішча мала што дало. Нефармальныя ўзброеныя групоўкі бясконца атакуюць мяйсцовае насельніцтва.

Назіраецца нават пэўная заканамернасьць: атакуюцца найбольш адукаваныя і сьведамыя пласты насельніцтва: каталіцкае сьвятарства, студэнты ды іншыя маладыя людзі.

90 тысячаў людзей хлынулі ў горы у напрамку мяжы з заходнім Тыморам. У лягеры Атамбуа згуртаваліся 56 тысячаў чалавек.

Інданэзійскі журналіст Сундары паведаміў, што ўзброеныя баевікі бачныя паўсюль. Яны кантралююць дарогі й тэрарызуюць лягеры ўцекачоў ў заходняй частцы востраву.

Нефармальныя групоўкі правяраюць аўтамабілі й гатэлі ў пошуках аўстралійцаў. Чалавек з мачэта заявіў, што калі ёсьць ў групе нейкі аўстраліец, дык тут-жа ён будзе абязгалоўлены.

Ляўрэат Нобелеўскай прэміі, каталіцкі біскуп Карлас Бэла, які на мінулым тыдні пасьля нападу на ягоную кватэру пакінуў Ўсходні Тымор, заклікаў да стварэньня Міжнароднага Трыбуналу дзеля разгляду злачынстваў супраць чалавечнасьці з боку інданэзійскае арміі ды цывільных груповак.

Біскуп цьвердзіць, што ачольнік інданэзійскае арміі гэнэрал Віранта "сам ўсё заплянаваў і сам за ўсё адказны". Паводле ягоных словаў, гэта помста за тое, што Джакарта ня здолела ўтрымаць правінцыю ў сваіх руках.

Урадавая армія падзеленая ў пытаньні стаўленьня да Ўсходняга Тымору. Нават ў выпадку, калі камандаваньне арміі загадае супрацоўнічаць зь міжнароднымі сіламі, няма ўпэўненасьці, што ўсе вайскоўцы падпарадкуюцца загаду.

Пасьля наведаньня Ўсходняга Тымору гэнэрал Віранта прызнаў, што вайскоўцы, вельмі эмацыйна ставяцца да пытаньня незалежнасьці Ўсходняга Тымору, і цяжка ім было б зьмірыцца са стратаю правінцыі.

Армія праліла нямала крыві за 24 гады барацьбы з мяйсцовымі сэпаратыстамі, у выніку чаго на 800 тысячаў усяго насельніцтва загінулі 200 тысячаў чалавек.

Аглядальнікі лічаць, што рашэньне прэзыдэнта Габібі рызыкоўнае для яго палітычнае карьеры. Пасьля заканчэньня ў лістападзе парлямэнцкіх выбараў ён можа страціць сваю пасаду.

Хаця міжнародная супольнасьць ніколі не прызнала захопу Інданэзіяй Ўсходняга Тымору, аднак з 1975 году правінцыя дэ-факто належала да Джакарты. Зараз, пасьля рэфэрэндуму ў пытаньні незалежнасьці, і ўводу замежных сілаў, сэпаратысцкія памкненьні толькі ўмацуюцца, і Джакарта можа канчаткова страціць тое, што яна лічыць сваёй 27-й правінцыяй. Для многіх інданэзійцаў гэта было б нацыянальнае прыніжэньне, і гэтага яны маглі б не дараваць прэзыдэнту.

Акрамя таго, за прыкладам Ўсходняга Тымору могуць пайсьці іншыя правінцыі, ў прыватнасьці Ачэх ды Ір'ян Джая, дзе тлеюць вугельчыкі бунту.

XS
SM
MD
LG