Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

У цэнтры ўвагі міжнароднага друку працяглы час знаходзіцца асоба прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча. Аглядальнікі згодныя ў тым, што й сама Югаславія ў цяперашнім кшталце, і ейны лідэр ня маюць перад сабою будучыні, аднак, з другога боку, палітычная апазыцыя, якая мусіць ініцыяваць карэнныя зьмены, таксама слабая і падзеленая…

Тры месяцы пасьля відавочнае паразы ва ўзброеным канфлікце з сіламі NATO, далей няясна, як і калі прэзыдэнт Мілошавіч канчаткова сыйдзе з палітычнай сцэны, – піша Бэрнард Купэрс ў "Suddeutsche Zeitung". Заміж абьяднацца ў часе жнівеньскіх дэманстрацыяў, так званая "дэмакратычная апазыцыя" падзялілася яшчэ больш. Вук Драшковіч і ягоны Рух Адраджэньня пераняў нават ад кіруючага рэжыму прапагандысцкія мэтоды супраць свайго канкурэнта Зорана Джынджыча і ягонай Дэмакратычнай Партыі. Драшковіч пашырае чуткі, што Джынджыч чый "Альянс за зьмены" праводзіць найбольш дэманстрацыяў, выконваючы дырэктывы сваіх заходніх сяброў, хоча выклікаць грамадзянскую вайну.

На думку Бэрнарда Купэрса, гэты апошні канфуз ставіць пад сумнеў і эфэктыўнасьць апазыцыйнае дэманстрацыі, заплянаванай на 21 верасьня ў Белградзе. "Альянс за зьмены" мае намер зарганізаваць дэманстрацыі ва ўсіх буйных гарадох Югаславіі ды распачаць кампанію грамадзянскага непаслушэнства па ўсёй краіне. Аднак жнівенскія падзеі выразна паказалі, што такіх масавых пратэстаў, якія ўзімку 96-97-га гадоў праводзіў апазыцыйны альянс "Заедно", зараз ўжо не ўдасца паўтарыць. Нават былы камандзір ўзброеных сілаў гэнэрал Пэрысіч адмовіўся далучыцца да якой-небудзь апазацыйнай групоўкі й заснаваў свой ўласны "Рух за дэмакратычную Сэрбію".

Аднак побач са стомленымі й дыскрэдытаванымі апазыцыйнымі лідэрамі, зьявіліся новыя твары. Адным зь іх зьяўляецца мэр гораду Чачак Вэлімір Іліч. У традыцыйна настроеных супраць Мілошавіча гарадох Крусэвач і Чачак, антыўрадавыя дэманстрацыі не спыняліся нават пад NATOўскімі бомбамі. Паводле нямецкае газэты "Suddeutsche Zeitung", ў глыбінцы антыпрэзыдэнцкі рух зараз нават мацнейшы за Белград.

Экспэрты з Аб'яднаных Нацыяў прадказваюць, што Сэрбію чакае цяжкая зіма, у прыватнасьці ў сэнсе зьменшанай падачы цяпла ды электрычнасьці. Ўжо зараз адчуваюцца збоі ў пастаўках малака, мяса, алею і цукру. Акрамя таго зьбяднелае, бяспрацоўнае грамадзтва ня ў стане набыць нават найбольш неабходныя тавары. Краіна ўжо паралізаваная ўцекачамі. Апрача тысяч этнічных сэрбаў з Харватыі і Босьніі, зараз сытуацыю пагоршылі ўцекачы з Косава.

Пасьля паветранае апэрацыі NATO, ў грамадзтве захоўваецца глыбокае пачуцьцё крыўды на Захад, які акрамя таго ня здолеў прадухіліць масавых ўцёкаў сэрбаў з Косава. Ўсё гэта, – на думку "Suddeutsche Zeitung", – зрабіла народ глухім на заходнія абяцаньня дапамогі ды эўрапейскай інтэграцыі, калі толькі ён пазбудзецца Мілошавіча. У такой сытуацыі невялікая група заходніх дыпляматаў, якія засталіся яшчэ ў Белградзе, спадзяюцца на нейкія трэшчыны ў самым рэжыме Мілошавіча, што запачаткуе ягоны крах.

Тым часам афіцыйная прапаганда працягвае маляваць карціну ўстойлівага й гатовага да "перабудовы" "патрыятычнага блоку", згуртаванага вакол Мілошавіча, ў адрозьненьне ад "NATOўскіх памагатых" сярод апазыцыі. Аднак паводле "Suddeutsche Zeitung", кола падлізьнікаў і фаварытаў, а таксама поле манэўру Мілошавіча і ягонай жонкі Міры Марковіч няспынна звужваецца. Заходнія краіны заблякавалі югаслаўскія рахункі за мяжою і склалі сьпіс 300 чыноўнікаў, якім адмаўляецца ва ўезьдзе ў Эўразьвяз.

Мяркуючы па ранейшых кроках Мілошавіча, загнаны ў кут, ён праўдападобна спрабуе разгарнуць чарговы крызыс, да прыкладу, распальваючы канфлікт з хаўруснай Чарнагорыяй. Заклік прэзыдэнта Чарнагорыі Дзюканавіча да стварэньня Фэдэрацыі сэрбаў і чарнагорцаў на роўных правох, Мілошавіч адкінуў.

На думку Бэрнарда Купэрса, ня выключана, што Чарнагорыя можа правесьці рэфэрэндум ў пытаньні сувэрэнітэту, абвясьціць незалежнасьць і тады Сэрбія застанецца сама.

І калі ўжо не будзе Югаславіі, само сабою разумеецца, што ня можа быць і функцыі югаслаўскага прэзыдэнта, – канстатуе нямецкая газэта "Suddeutsche Zeitung".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG