Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 верасьня 1999 г.


Сяргей Абламейка, Прага

Гадавы даклад Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў справе свабоды рэлігіяў
(Працяг)

На мінулым тыдні Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўпершыню ў гісторыі прадставіў Кангрэсу гадавое пасланьне ў справе датрыманьня ў сьвеце рэлігійных свабодаў. Паводле гэтага дакумэнту, прэзыдэнт Лукашэнка разглядае Праваслаўную царкву як сродак для дасягненьня ў рэгіёне славянскага адзінства й надае ёй важную ролю ў працэсе "аб'яднаньня" Беларусі з Расеяй.

У беларускім разьдзеле гадавога пасланьня Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША гаворыцца, што зарэгістраваныя беларускія рэлігійныя арганізацыі маюць падатковыя ільготы, але ў той жа час любыя дзяржаўныя субсыдыі прынцыпова прадстаўляюцца толькі Праваслаўнай царкве.

Сем дзесяцігодзьдзяў рэлігійных перасьледваньняў пад час савецкае ўлады, – гаворыцца далей у дакладзе Дзяржаўнага дэпартамэнту, – прывялі да значнай сэкулярызацыі беларускае культуры.

Паводле аднаго з апытаньняў грамадзкае думкі, праведзенага ў 1998 годзе, толькі троху больш за палову насельніцтва верыць у Бога. Зь іх ад 60 да 80 адсоткаў гістарычна ці культурна ідэнтыфікуюць сябе з Праваслаўнай царквою. Дзяржаўны камітэт Беларусі ў справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў заяўляе, што 80 адсоткаў усіх вернікаў краіны належаць да гэтай царквы.

Пад час рэлігійнай канфэрэнцыі ў красавіку сёлета ў Менску, патрыяршы эгзарх Беларусі Мітрапаліт Філярэт заявіў, што Праваслаўная царква не шукае статусу дзяржаўнае рэлігіі. Пры гэтым мітрапаліт падкрэсьліў, што ягоная царква хацела б супрацоўнічаць толькі з традыцыйнымі для краіны канфэсіямі, гэта значыць з тымі, якія маюць гістарычныя карані ў Беларусі, і заявіў, што ён выступае супраць экспансіі ў Беларусь замежных цэркваў "з разбуральнай ідэалёгіяй".

Разьмешчаная паміж Польшчай і Расеяй, – гаворыцца далей у пасланьні Кангрэсу, – Беларусь гістарычна была арэнаю ўзаемадзеяньня, суперніцтва й канфліктаў паміж Расейкай Праваслаўнай і Рыма-Каталіцкай цэрквамі. Ад 8 да 20 адсоткаў насельніцтва краіны зьяўляюцца практыкуючымі каталікамі або ідэнтыфікуюць сябе з Рыма-Каталіцкай царквою. Каталіцкае насельніцтва, такім чынам, складае другую па велічыні канфэсійную групу. Менска-Магілеўскі кардынал Казімір Сьвёнтак узначальвае 400 каталіцкіх парафіяў.

У выніку адраджэньня ў постсавецкі пэрыяд Рыма-Каталіцкая царква Беларусі адчувае недахоп кваліфікаванага нацыянальнага клеру. Гэтая царква, – працягваецца ў дакладзе Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, – мае цяжкасьці з дазволам уладаў на запрашэньне дастатковае колькасьці замежных сьвятароў, пераважна з Польшчы, для замяшчэньня вакансіяў.

Як паведамляюць незалежныя сродкі масавае інфармацыі, урад Лукашэнкі дазволіў Каталіцкай царкве адчыніць сваю сэмінарыю і даў зразумець, што ў далейшым замежныя сьвятары ня будуць даставаць дазволаў на працу ў Беларусі. Аднак на мейсцах гэтае рашэньне ўраду не выконваецца, і там ўсё яшчэ працуе шмат сьвятароў з Польшчы. Біскупы мусяць зьвяртацца ў Дзяржаўны камітэт у справе рэлігіяў па дазвол на перавод замежнага сьвятара на любую іншую парафію.

Рымскія каталікі, – гаворыцца далей у гадавым пасланьні Кангрэсу ЗША, – традыцыйна асацыююцца ў Беларусі з польскай мяншыняю, якая зараз налічвае каля 400 тысячаў чалавек. Увогуле, рыма-каталіцкія парафіі можна знайсьці па ўсёй краіне, аднак большая іх частка разьмешчаная у заходніх вабласьцях паблізу мяжы з Польшчаю. У выніку, – гаворыцца ў дакумэнце, – Каталіцкая царква застаецца вельмі адчувальнай да пагрозы, што яе пачнуць разглядаць як замежную. Таму Кардынал Сьвёнтак забараніў вывешваць у касьцёлах польскія нацыянальныя сымбалі й загадаў ужываць беларускую мову замест польскай у царкоўных службах.

XS
SM
MD
LG