Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 верасьня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Крызысны час перажывае найбуйнейшая палітычная арганізацыя Беларусі — Беларускі Народны Фронт. Сёньня ў сядзібе БНФ адбылася прэсавая канфэрэнцыя. Сутнасьць яе зьвялася да высьвятленьня адносінаў паміж рознымі плынямі ў кіраўніцтве БНФ.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі было агучана дзьве вэрсіі падзеяў у Беларускім Народным Фронце. Абодва бакі апэлююць да статуту БНФ, абвінавачваючы апанэнтаў у яго парушэньні.

Першую вэрсію выклаў намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка. Ён паведаміў, што на суботнім Сойме БНФ было прынятае рашэньне правесьці другую сэсію зьезда БНФ 30-31 кастрычніка. Паводле статуту, менавіта Сойм мусіў гэта зрабіць. Спадар Вячорка паведаміў, што Сойм прыняў заяву, у якой заклікаў не дапусьціць падзелу БНФ на рух і партыю, бо, як заявілі сябры Сойму, "кепскі мір лепшы за добрую сварку". Асабліва ва ўмовах, калі патрэбная кансалідацыя апазыцыйных сілаў у пэрыяд плянаваных вулічных акцыяў пратэсту, заявіў Вінцук Вячорка.

Другую вэрсію агучыў Сяргей Папкоў. Ён заявіў, што аніякага Сойму ў суботу не было, а была нарада сябраў Сойму. Паводле словаў спадара Папкова, на Сойме не было кворуму, і старшыня БНФ Зянон Пазьняк не выступаў зь ініцыятываю скліканьня Сойму. Акрамя гэтага, Сойм склаў свае паўнамоцтвы на перашй сэсіі зьезду. А таму зараз прымаць рашэньне мусіць кіраўніцтва зьезду.

Як лічыць Сяргей Папкоў, пытаньне пра старшыню ўжо вырашанае, бо ім на зьездзе быў абраны Зянон Пазьняк:

(Папкоў: ) "Зараз сытуацыя ў Фронце: абраны старшыня Беларускага Народнага Фронту на шостым зьезьдзе і, фактычна, Фронтам кіруе кіраўніцтва зьезду на гэты пэрыяд. Таму большая частка сябраў Сойму не прысутнічала на скліканым спадарамі Баршчэўскім, Вячоркам і Бяляцкім Сойме. І ўсе рашэньні, якія прынятыя на гэтым паседжаньні, на гэтай нарадзе — яны неправамоцныя, паколькі вядучым — Баршчэўскім — было груба парушанае... то сваім загадам старшыня партыі БНФ Зянон Пазьняк прызначыў дату правядзеньня зьезду партыі БНФ на 26 верасьня. Зьезд партыі БНФ адбудзецца 26 верасьня".

На пытаньне: "ці не выключаецца варыянт, пры якім на 26 верасьня зьезд партыі правядзе Сяргей Папкоў, а 30-31 кастрычніка — усе астатнія?" Вінцук Вячорка адказаў:

(Вячорка: ) "Усё, што адбываецца ў арганізацыі — павінна адбывацца ў межах статуту. Нейкія імправізацыі нейкай групы магчымыя, але што да мяне — я буду, па-першае, бараніць вернасьць статуту, па-другое, бараніць адзінства Фронту".

У суботу спадара Крыварота вызвалілі ад пасады адказнага сакратара Ўправы ў зьвязку зь фінансавымі афёрамі. Паводле вэрсіі Анатоля Крыварота, ён застаецца адказным сакратаром Управы, бо "суботні Сойм быў неправамоцны". Спадар Крыварот адказаў на нашыя пытаньні:

(Карэспандэнт: ) "Ідзе гаворка пра тое, што Вы быццам бы стваралі піраміду — зьбіралі грошы ў сябраў Фронту. І цяпер гэтыя людзі, у якіх Вы бралі грошы скардзяцца й пішуць заявы да кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту. Ці так гэта, ці не?"

(Крыварот: ) "Сытуацыя ў тым, што спадар Баршчэўскі намякаў... Але я яму сказаў, што гэта не ягоная функцыя. Калі ў кагосьці ёсьць дакумэнты, якія падцьверджваюць, што я, менавіта я канкрэтна браў грошы, і ёсьць мае подпісы, то калі ласка — гэта можна падаць у суд. Гэта ж працэдура вырашэньня ўсіх пытаньняў. А нешта там хадзіць зьбіраць... Ну гэта не функцыя кіраўніка Фронту. Не функцыя. Спадар Пазьняк пра гэтую інфармацыю ведае, і ён ставіцца да гэтага вельмі скептычна й спакойна".

Пакуль усё гаворыць на карысьць той вэрсіі, што менавіта ад пазыцыі Зянона Пазьняка цяпер будзе залежыць, ці адбудзіцца, і галоўнае, у якой форме адбудзіцца развод у БНФ.

XS
SM
MD
LG