Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 верасьня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Прыемнай нечаканасьцю стаў вынік сёньняшняй сустрэчы сябраў прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня й партыяў. Гэтым разам абыйшлося без канфліктаў. Абодва бакі пагадзіліся з галоўным — склад дэлегацыі апазыцыі на перамовах з уладамі будзе зацьверджаны на чарговым рабочым сходзе Вярхоўнага Савету 13 скліканьня.

Крыху больш дзьвюх гадзінаў сябры прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13 скліканьня з а зачыненымі дзьвярыма вялі перамовы зь лідэрамі буйнейшых апазыцыйных палітычных партыяў.

Цікавае назіраньне — і з аднаго, і з другога боку прысутнічалі ўсе, што падкрэсьлівала надзвычайную важнасьць падзеі. Што азначае на першы погляд даволі фармальная працэдура зацьверджаньня складу дэлегацыі на дэпутацкім сходзе? Па-першае, Вярхоўны Савет становіцца той сілаю, што каардынуе й накіроўвае перамоўны працэс з боку апазыцыі. Па-другое, яшчэ раз падцьвярджае статус легітымнага Вярхоўнаму Савету як увачох міжнароднай супольнасьці, так і, што можа й больш значна, у вачох жыхароў Беларусі. Па-трэцяе, удзельнікі кансультацыяў атрымаюць свой афіцыйны статус. Вось чаму ў дзяржаўных сродках масавае інфармацыі пачаўся страшэнны вэрхал — Зімоўскі, Масьлюкова, Дзьмітрыеў ды іншыя папракалі лідэраў партыяў у тым, што тыя быццам бы губляюць самастойнасьць.

Такая палітыка з боку ўладаў зразумелая — заўжды лягчэй справіцца з апазыцыяй, калі яна дзейнічае паасобку, і наадварот, менавіта ў еднасьці сілы апазыцыі. Магчыма, што падвойны статус Станіслава Багданкевіча й Сяргея Калякіна (абодва яны адначасова й лідэры палітычных партыяў, і сябры прэзыдыюму Вярхоўнага Савету) паспрыяў агульнаму настрою. Ды й Віктар Ганчар, паводле некаторых удзельнікаў сустрэчы, паводзіў сябе надзвычай карэктна. Усё гэта дапамагло знайсці кансэнсус.

Усе пагадзіліся з тым, што сьпіс дэлегацыяў ад апазыцыі на мяркуемых перамовах з уладамі будзе зацьверджаны на сходзе дэпутатаў. І вось непасрэдна пад час сустрэчы ў папярэдні парадак дня дэпутацкага сходу дадалі новы пункт. Нагадаем, што сход гэты пройдзе 18 і 19 верасьня ў Менску.

На кампрамісны настрой паўплывала й прапанова кіраўніцтва Вярхоўнага Савету, якую агучыў Сяргей Калякін. Сутнасьць яе вось у чым — прасіць групу АБСЭ ў Менску пашырыць фармат перамоваў, каб з двух бакоў: ад апазыцыі і ўладаў за круглым сталом было не па шэсьць, а па восем асобаў. Такая збмена зьняла б усе праблемы, паколькі цяпер з боку апазыцыі на мейсцы прэтэндуюць восем палітычных партыяў. Ёсьць яшчэ праўда, "Яблоко", але гэта не партыя, а грамадзкая арганізацыя. Калі гэтая прапанова ня пройдзе, дык існуе й другі варыянт — ратацыя. Да прыкладу, перамовы пачнуць шэсьць партыяў, а потым дзьве будуць замененыя дзьвюма, так бы мовіць, "запаснымі". Праўда, гэты варыянт менш прывабны.

Чым усё гэта скончыцца? Пасьля невялічкага перапынку лідэры палітычных партыяў накіраваліся на паседжаньне сваёй кансультатыўнай рады. На яго прыйшлі й прадстаўнікі групы АБСЭ ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG