Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 верасьня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Сёньня ўначы ў Расеі адбыўся чарговы тэрарыстычны акт – моцны выбух цалкам разбурыў 8-павярховы жылы дом у Маскве на Кашырскай шашы.

Падцьверджаная колькасьць ахвяраў павялічваецца кожную хвіліну й на цяперашні момант дасягае каля 50 чалавек. Выбух адбыўся ў дзень агульнанацыянальнае жалобы па ахвярам нядаўніх тэрарыстычных актаў у Буйнакску й Маскве.

Гэта ўжо чацьверты гучны тэрарыстычны акт за апошнія два тыдні ў Расеі.

30 жніўня адбыўся выбух у гандлёвым цэнтры "Манэж" у Маскве, які, відаць, быў толькі своеасаблівым папярэджваньнем і не прынёс чалавечых ахвяраў.

Аднак ужо 4 верасьня ў выніку выбуху у дагэстанскім горадзе Буйнакску загінула звыш 60 чалавек.

9 верасьня тэракт абрынуў 9-павярховы дом у маскоўскім раёне Пячатнікі, што прынесла пагібель амаль сотні людзей, і цяпер сёньняшні выбух.

Прэзыдэнт Ельцын выступіў з тэлевізійным зваротам да грамадзянаў Расеі, дзе заявіў, што галоўная мэта бандытаў – пасеяць паніку й страх.

"Нам – народам Расеі – тэрарызм аб'явіў вайну", – сказаў расейскі прэзыдэнт. – "Мы жывем ва ўмовах пагрозьлівага распаўсюджваньня тэрарызму. А значыць – неабходна аб'яднаньне ўсіх сілаў грамадзтва і дзяржавы дзеля адпору нутранаму ворагу. У гэтага ворага няма сумленьня, шкадобы й гонару. Няма твару, нацыянальнасьці й веры". Заканчваецца зварот Ельцына наступнымі словамі – "на выклік бандытаў улада адкажа адэкватна жорстка, хутка, рашуча".

Раней сёньня Ельцын адзначыў, што ўсе прынятыя захады будуць у рамках канстытуцыі Расейскае Фэдэрацыі. Многія чакалі й баяліся, што прэзыдэнт Расеі ўвядзе ў краіне надзвычайнае становішча, але гэтага не адбылося.

Цяпер тэракт стаў зброяй палітычнае ўнутрырасейскае палітычнае барацьбы – нацыяналістычныя групоўкі патрабуюць увядзеньня народнага апалчэньня, Прымакоў абвінавачвае міністэрства нутраных справаў, а Рагозін заяўляе, што расейскі мэр Лужкоў спрыяе чачэнскай абшчыне ў Маскве.

Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін, які тэрмінова выляцеў у Маскву з Новай Зэляндыі, заявіў:

(Пуцін: ) "Гэта выклік ужо не дзяржаве, а народу. Таму адказ павінен быць адпаведным, звышжорсткім. Што могуць зрабіць простыя людзі? Хаця б выявіць павышаную пільнасьць. Трэба ўважліва ставіцца да ўсіх падобных выпадкаў, здачы ў арэнду службовых і жылых памяшканьняў, своечасова паведамляць праваахоўным ворганам. У Маскве ўсяго 30 тысячаў будынкаў, яны ўсе будуць узятыя пад кантроль. Гэта будзе зроблена ўжо сёньня".

Многія, аднак, сумняюцца, што гэта магчыма ажыцьцявіць. Хутчэй за ўсё, першым адказам уладаў стане антычачэнская і ўвогуле атныкаўкаская істэрыя. Мэр Масквы Юры Лужкоў ужо сказаў, што ў расейскай сталіцы будуць праведзеныя чысткі.

Лужкоў таксама паведаміў пра комплекс самых рашучых і радыкальных захадаў – у прыватнасьці, будуць правярацца дакумэнты, наладжвацца аблавы на іншагародніх і гэтак далей.

Адзін з чачэнскіх палявых камандзіраў Шаміль Басаеў у інтэрвію карэспандэнту "France Press" адхіліў далучанасьць ягоных людзей да тэрактаў у Маскве й Буйнакску. Ён таксама назваў "хлусьлівымі" цьверджаньні расейскага кіраўніцтва, нібы за падзеямі ў Дагэстане стаіць Усама-Бін-Ладзін, якога ЗША называюць тэрарыстам № 1 у сьвеце.

Афіцыйныя прадстаўнікі Чачэнскае Рэспублікі таксама адхілілі далучанасьць грамадзянаў рэспублікі да тэрактаў. Аднак, прэзыдэнт Масхадаў сёньня заклікаў народ Чачэніі рыхтавацца да вайны, паколькі "йснуе пагроза агрэсіі супраць Ічкерыі". У той жа час лідэр маджахедаў Хатаб заявіў, што ваюе ня толькі супраць расейскае арміі, але і ўсяго расейскага народу.

Карэспандэнт нашага радыё ў Маскве адзначае нарастаньне нэрвовасьці й падазронасьці у жыхароў расейскае сталіцы. Бармэнка ў адным з кафэ каля ўжо ўзгаданага "Манэжу" кажа, што ня бачыць вакол аніякай узмоцненай аховы пасьля выбуху ў гандлёвым цэнтры. Яна распавяла, як днямі наведвальнікі кафэ папрасілі яе выклікаць міліцыю, калі ўбачылі на адным са сталоў плястыкавы пакет.

Агэнцыя "Associated Press" адразу пасьля выбуху абнародвала вельмі крытычны камэнтар наконт здольнасьцяў расейскіх спэцслужбаў. "Расейскія праваахоўныя ворганы няздольныя спыніць выбухі, забойствы, наступы баявікоў" – так называецца гэты камэнтар. "Вялізны праваахоўны апарат з савецкіх часоў змагаўся з дысыдэнтамі, але меў малы досьвед у прадухіленьні й раскрыцьці сапраўдных злачынстваў. Развал расейскіх спэцслужбаў, які адбыўся за апошнія гады, падбадзёрыў крымінальнікаў, тэрарыстаў – увогуле кожнага, хто жадае распаўсюдзіць у краіне анархію", – піша "Associated Press".

"Расея ўсё яшчэ мае найбольшую колькасьць зьняволеных – адзначае агэнцыя, – і ўрад увесь час абяцае жорсткія дзеяньні супраць злачыннасьці. Але рэальныя справы дзяржавы не выклікаюць упэўненасьці. Праваахоўныя ворганы аплочваюцца вельмі нізка, і таму яны часта моцна карумпаваныя, часам служачы прыкрыцьцём для бандытаў", – адзначае у сёняшнім камэнтары "Associated Press".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG