Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 верасьня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Апошнія падзеі ў Расеі зноў прыцягнулі ўвагу міжнароднае прэсы. Выбух ды моцны пажар у жылым будынку ў Маскве, выклікаў падазрэньні ўладаў ў датычнасьці да яго тэрарыстаў у зьвязку з апошнімі падзеямі ў Дагестане. Між тым, уладам аніяк не ўдаецца згасіць іншы пажар – пажар скандалу вакол карупцыі ў Крамлі.

Пачатковая афіцыйная вэрсія аб тым, што прычынаю выбуху магла быць уцечка газу, практычна адхіленая. Мэр Масквы Юры Лужкоў яшчэ ўчора, у часе адной з рабочых нарадаў на мейсцы здарэньня заявіў, што ў выніку сьледзтва выяўленая прысутнасць гэксагэну – выбуховага рэчыва, якое выкарыстоўваецца, як правіла, ў баявых умовах. "Зь вялікай ступеньню верагоднасьці, – сказаў Лужкоў, – гэта можна назваць дывэрсіяй".

Маскоўскія ўлады лічаць выбух чарговым выклікам з боку ўзброеных ісьлямістаў, якія ўварваліся ў мінулую суботу з Чачэніі ў Дагэстан і ўзялі пад свой кантроль некалькі вёсак у гэтым рэгіёне. Іхная колькасьць складае прыблізна 2000 чалавек.

Як паведамляе "Los Angeles Times", у сераду ў тэлефоннай размове з дырэктарам ФБР Луісам Фры міністар нтраных справаў Расеі Ўладзімер Рушайшла заявіў, што расейскія ўлады маюць інфармацыю аб тым, што інсургентаў фінансуе арабскі тэрарыст Асама Бэн Ладэн. Ён абвінавачваецца ЗША ў арганізацыі выбухаў у амэрыканскіх амбасадах у Кеніі ды Танзаніі летась.

У чацьвер стала вядома аб тым, што разьбіўся адзін з расейскіх самалётаў СУ-25 – з тых, што бралі ўдзел у бамбаваньні ісьлямістаў. Прычынаю аварыі былі абвешчаныя тэхнічныя праблемы. Згодна з інфармацыяй афіцыйных асобаў у Чачэніі, у выніку бамбаваньня на іхнай тэрыторыі загінулі 128 чалавек.

Расейскія афіцыйныя асобы спачатку ня зьвязвалі выбух у Пячатніках з ісьлямістамі, пакуль нейкі ананім не затэлефаніў у "Interfax" і паведаміў, што будынак быў замінаваны ў адказ на бамбаваньне вёсак у Чачэніі й Дагэстане.

Акрамя таго, гэты выбух адбыўся неўзабаве пасьля выбуху ў гандлёвым цэнтры на Манежным пляцы ў Маскве й выбуху ў Буйнацку ў Дагэстане, у выніку якога загінулі 64 чалавекі.

Усе гэтыя падзеі спарадзілі сярод расейскіх палітыкаў і журналістаў размовы аб магчымасьці ўвядзеньня вайсковага стану ў Расеі. Пры гэтым, разглядаюцца самыя неверагодныя вэрсіі, у тым ліку й тая, што вайсковы стан быў бы выгодны Крамлю дзеля захаваньня сваёй улады.

Між тым, Крэмль сапраўды апынуўся нібы між вагню. Наймоцны галаўны боль крамлёўскай адміністрацыі прычыняе карупцыйны скандал.

Газэта "New York Times" паведамляе сёньня падрабязнасьці сьледзтва ў справе, дзе фігуруюць асабістыя рахункі Барыса Ельцына ды ягоных дзьвюх дачок у Швайцарыі, а таксама фатакопіі іхных крэдытных картак. Сьцьвярджаецца, што грошы на гэтыя рахункі былі пераведзеныя швайцарскай будаўнічай кампаніяй "Mabetex Project Engineering", якая атрымала 1,5 мільёны даляраў за будаўнічыя работы ў Крамлі.

Галоўным інфарматарам у справе выступае нехта Філіп Туровэр, савецкі эмігрант, які мае гішпанскі ды ізраільскі пашпарты, і які дапамагаў швайцарскаму банку ў вяртаньні пазыкаў з Расеі. Туровэр сьцвярдаже, быццам ён атрымаў прэзэнт ад кіраўніка справамі прэзыдэнта Паўла Барадзіна. Паводле ягоных словаў, гэта звычайная практыка для бізнэсу.

Крэмль абверг паведамленьні, што Ельцын і ягоныя дочкі маюць рахункі ў замежных банках. У тэлефоннай размове з прэзыдэнтам ЗША Клінтанам Ельцын таксама адмаўляў сваю датычнасьць да скандалу з адмываньнем грошай.

Адміністрацыя "Banca del Gottardo", зь якім супрацоўнічаў Туровэр, адмаўляецца камэнтаваць ягоныя заявы.

Прадстаўнік сьледчых ворганаў Швайцарыі паведаміў, што ўсе датычныя справы дакумэнты, сканфіскаваныя ў офісы "Mabetex", адпраўленыя ў Маскву.

Спадар Туровэр ужо быў дапытаны гэнэральным пракурорам Швайцарыі Карлаю дэль Понтэ.

Вось дык сурпрыз! Карупцыя квітнее ў Крамлі.

Швайцарскія сьледчыя знайшлі вялікія грошы на сакрэтных банкаўскіх рахунках асабіста Ельцына, ды ягоных крэўных. У ЗША, "у Банку Нью-Ёрку выяўленыя "адмытыя" грошы галоўных расейскіх алігархаў", – так пачынаецца артыкул вядомага журналіста Ўільяма Сэфайра ў сёньняшнім нумары "New York Times".

Ўільям Сэфайр прыводзіць меркаваньне расейскага рэфарматара Грыгорыя Яўлінскага. На ягоную думку, яшчэ пяць гадоў таму можна было запытаць дзяцей у якім-небудзь маленькім мястэчку ў Сібіры, і яны б усё распавялі наконт крымінальшчыкаў ды іхных справаў. Чаму гэтая тэма сталася навіною зараз? Ды з-за выбараў.

"Камісія Гора-Чарнамырдзіна, – працягвае Ўіляьм Сэфайр, – разглядала карупцыю ў якасьці звычайных выбоінаў на шляху да рынкавай эканамікі. Эл Гор нават праславіўся моцнымі эпітэтамі ў сваім пісьмовым водгуку на даклад ЦРУ на тэму карупцыі. Бо ён лічыў непатрэбным лезьці ў кішэню спадара Ельцына ды ягонае клікі".

"Напярэдадні 2000 году, праз пэўную адлегласьць часу, гэтая праблема вярнулася да спадара Гора ў выглядзе таго, што атрымала назву "Крэмльгэйту" (паводле асацыяцыі з Уотэргэйтам, калі разглядалася справа аб парушэньнях Канстытуцыі прэзыдэнтам ЗША Ніксанам). Рэспубліканцы ўжо аблізваюць вусны ў прадчуваньні свайго посьпеху ў "праймэрыз" – папярэдніх выбарах у прэзыдэнцкай кампаніі наступнага году. І магчыма, гэтак сама задаволеныя няпрыяцелі Ельцына ў Расеі, якія прадчуваюць посьпех на парлямэнцкіх ды прэзыдэнцкіх выбарах", – піша Уільям Сэфайр

Выбары, што маюць адбыцца ў Расеі, нагадваюць амэрыканскаму журналісту сытуацыю ў ЗША 1800 году, калі выбітныя прадстаўнікі Фэдэралістаў Джон Адамс ды Аляксандар Гамільтан былі выбітыя з барацьбы, і ў выніку ў прэзыдэнты прайшоў антыфэдэраліст Томас Джэфэрсан.

У расейскай палітыцы выбар зараз таксама досыць абмежаваны. Зьлева – кампартыя, якая мела палову мейсцаў у Думе, але якая можа заваяваць на сьнежаньскіх выбарах хіба што трэць мейсцаў у парлямэнце.

У цэнтры стары майстар выведкі Яўген Прымакоў і мэр Масквы Юры Лужкоў, якія карыстаюцца падтрымкаю многіх заможных людзей, а таксама мэдыя-магнатаў.

На правым флянзе "Яблоко" начале з Грыгорыем Яўлінскім. Ён аб'яднаўся з 47-гадовым экс-прэм'ерам Сяргеем Сьцяпашыным.

Ёсьць яшчэ "Правое дело", у які ўваходзяць эканаміст Ягор Гайдар, малады рэфарматар Барыс Нямцоў і былы кіраўнік адміністрацыі Ельцына Анатоль Чубайс. Аднак, іхная частка электарату ўжо захопленая гэнэралам Лебедзем і Ўладзімерам Жырыноўскім.

Акрамя карупцыі, наймоцным фактарам расейскае палітыкі ёсьць зараз вайна ў Дагэстане, – піша Уільям Сэфаер. Нават тыя рэфарматары, якія выступалі супраць вайны з Чачэніяй, зараз падтрымліваюць дзеяньні ўраду супраць ісьлямскіх фундамэнталістаў, якім дапамагае фінансамі міжнародны тэрарыст Асама Бэн Ладэн.

"Што мусіць зрабіць Амэрыка, каб дапамагчы перамозе дэмакратыі на выбарах у Расеі? Ці мусіць Амэрыка дапамагчы сьледзтву ў справе Крэмльгэйту, што ў вачох звычайных грамадзянаў Расеі выглядае як зьнявага іхнай краіны ў цяжкі для яе момант?" – такімі пытаньнямі задаецца аглядальнік "New York Times" Уільям Сэфайр. І дае на іх свой адказ: "Злучаныя Штаты мусяць трымаць дыстанцыю ў адносінах да расейскай палітыкі. Умяшаньне ў яе можа прынесьці больш шкоды справе рэформаў, чымся дапамагчы ім. У той самы час Амэрыка мусіць асудзіць практыку драпежніцкага раскраданьня Расеі й дапамагчы наступнаму ейнаму кіраўніцтву як мага больш энэргічна ачысьціць краіну ад карупцыі ды арганізаванае злачыннасьці".

"Карупцыя ня ёсьць унікальнай зьяваю. Элемэнты карупцыі час ад часу выліваюца ў гучныя працэсы ў Японіі, Мексіцы, Італіі. Аднак, наступствы карупцыі, асабліва ў Расеі, якая толькі дзесяць гадоў як пайшла шляхам рынкавых рэформаў, нельга прымяншаць", – піша ў рэдакцыйным артыкуле "Washington Post". "Карупцыя падрывае дзяржаўныя інстытуты, стварае няпэўную, нэрвовую сытуацыю на рынках, выклікае ў насельніцтва пачуцьцё апатыі, няверу ў каштоўнасьці дэмакратыі, і акрамя таго карупцыя палохае замежных інвэстараў. Адолець карупцыю цяжка, але Расея можа зьменшыць шкодныя яе наступствы, як толькі ейнае кіраўніцтва ўсьвядоміць сур'ёзнасць выкліку", – піша газэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG