Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 верасьня 1999 г.


Сяргей Абламейка, Прага

На гэтым тыдні Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўпершыню апублікаваў гадавы даклад у справе датрыманьня ў сьвеце рэлігійных свабодаў. Беларусі ў ім прысьвечаны асобны разьдзел.

Канстытуцыя Беларусі абвяшчае свабоду рэлігіі, – гаворыцца ў гадавым дакладзе Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, – аднак на практыцы ўрад абмяжоўвае гэтае права. У 16 артыкуле прынятае ў 1996 годзе на незаконным рэфэрэндуме Канстытуцыі пацьвярджаецца роўнасьць усіх рэлігіяў і дэнамінацыяў перад законам, але і ў ім абмежавальнаю моваю гаворыцца, што супрацоўніцтва паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі рэгулюецца з улікам іх уплыву на фармаваньне духоўных, культурных і нацыянальных традыцыяў беларускага народу.

З самага моманту свайго абраньня ў 1994 годзе, – гаворыцца далей у дакладзе Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, – прэзыдэнт Лукашэнка праводзіць прадуманую палітыку вылучэньня Праваслаўнае царквы як галоўнае рэлігіі краіны. Урад і прэзыдэнт усяляк падтрымліваюць вядучую ролю Праваслаўнае царквы, што зьяўляецца часткаю стратэгіі дасягненьня славянскага адзінства ў рэгіёне і сродкам для далейшага прасоўваньня па шляху аб'яднаньня Беларусі і Расеі. Прэзыдэнт адорвае Праваслаўную царкву значнымі грашовымі сумамі, чым ня могуць пахваліцца іншыя дэнамінацыі, і абвяшчае, што абарона і разьвіцьцё Праваслаўнае царквы зьяўляецца "маральнай неабходнасьцю".

Пад час візыту ў Беларусь Патрыярха Расейскай Праваслаўнай царквы Алексія ІІ у верасьні 1998 году, – гаворыцца далей у дакладзе Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, – Лукашэнка абвесьціў аб дзяржаўнай дапамозе ў будаўніцтве праваслаўных храмаў. Паводле паведамленьняў незалежнай расейскай прэсы, прэзыдэнт Лукашэнка асабліва падкрэсьліў перад Патрыярхам, што Праваслаўе павінна застацца "галоўнай рэлігіяй" краіны, і што хрысьціянскія каштоўнасьці павінны стацца "дзяржаўнай ідэалёгіяй Беларусі".

Гэткімі словамі адкрываецца адмысловы беларускі раздел у першым гадавым пасланьні Дзяржаўнага дэпартамэнту Кангрэсу ЗША, які прысьвечаны датрыманьню ў сьвеце рэлігійных свабодаў.

Ацэньваючы гэты дакумэнт высокапастаўленыя асобы Дзяржаўнага дэпартамэнту заяўляюць, што свабода рэлігіі – гэта нават больш, чым выяўленьне амэрыканскіх ідэалаў, гэта – фундамэнтальная крыніца амэрыканскае магутнасьці ў сьвеце.

У пачатку Пасланьня падкрэсьліваецца, што гэты дакумант ясна высьвечвае розьніцу паміж словам і справай у датрыманьні рэлігійных свабодаў і дадаецца, што хоць большасьць урадаў і ўзяла на сябе абавязак паважаць рэлігійныя свабоды, у сьвеце яшчэ застаюцца краіны, у якіх назіраецца вялікая розьніца паміж абяцаньнямі і практыкай.

Прадстаўляючы Пасланьне на брыфінгу для прэсы, памочнік дзяржаўнага сакратара ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і прафсаюзаў Гаральд Кох заявіў журналістам, што рэлігійныя свабоды былі усімі прызнаныя адным з асноўных правоў чалавека. Ён сказаў, што 18 артыкул Усеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека забясьпечвае кожнаму права на свабоду думкі, сумленьня і рэлігіі. Кох таксама дадаў, што гэтае права прадугледжвае свабоду для кожнага выяўляць сваю веру ці рэлігію ў навучаньні, практыцы, набажэнствах і рытуалах.

"Рэлігійныя свабоды ня толькі зьяўляюцца залатым правілам, але і служаць базісам для многіх канцэпцыяў як чалавечага сумленьня гэтак і чалавечае сьвядомасьці. Права верыць альбо ня верыць паводле ўласнага сумленьня зьяўляецца цэнтральным кампанэнтам кожнае вялікае верніцкае традыцыі, а таксама і неад'емнаю годнасьцю кожнае чалавечае асобы. Урады ня могуць законна адхіліць гэтае права, і не узаконьваньне яго важнае. Больш за тое, калі мы баронім рэлігійныя свабоды, мы баронім усе чалавечыя правы".

У дакладзе асабліва вылучаюцца Афганістан, Кітай, Куба, Іран ды Ірак за таталітарызм і таталітарныя спробы узяць пад кантроль рэлігійныя культы. Дзярждэпартамант таксама рэзка скрытыкаваў Расею і Турцыю за дыскрымінацыйнае заканадаўства і за палітыку стрымліваньня росту гэтак званых маладых рэлігіяў.

Пакістан, Сэрбія ды Судан схарактарызаваныя як краіны, дзе існуе дзяржаўная варожасьць да рэлігійных меншасьцяў альбо нетрадыцыйных рэлігійных групаў. Інданэзія названая краінаю, якая не зьвяртае ўвагі на рэлігійную дыскрымінацыю ў краіне.

Названыя зараз некалькі краінаў зьяўляюцца толькі невялікай групай з ліку амаль 200 дзяржаваў, ахопленых у дакладзе Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Сам даклад мае больш за 1000 старонак тэксту.

Вось што сказаў амэрыканскі пасол у справе міжнародных рэлігійных свабодаў Роберт Сэйпл, адказваючы на пытаньне журналістаў: "ці патрэбныя і ці будуць накладзеныя нейкія санкцыі на краіны-парушальніцы свабоды сумленьня":

"Магчымыя акцыі ў адказ ніколі не разглядаліся як санкцыі. Санкцыі – гэта апошні сродак, яны могуць быць часткаю акцыі, часткаю вельмі шырокага падыходу. Калі гэта неабходна, можа быць 15 розных санкцыяў, ад прыватнага дэмаршу да адмовы ў прадстаўленьні эканамічнае дапамогі. Забесьпячэньне фундамэнтальных правоў робіць магчымым гнуткі й разнастайны падыход".

Сэйпл таксама назваў штогадовы даклад Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў справе датрыманьня міжнародных свабодаў рэлігіі кепскай навіною для урадаў, якія парушаюць права свабоды сумленьня, і добрай для тых зь іх, хто гэтыя правы паважае. Даклад, – сказаў ён, – гэта добрая падстава для пашырэньня ў сьвеце рэлігійных свабодаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG