Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 верасьня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Некалькі ўдакладненьняў пра канфэрэнцыю "Балта-Чарнаморскага супрацоўніцтва", якая сёньня адкрылася ў Ялце і правядзеньне якой сталася прычынай напружанасьці ў адносінах паміж Менскам і Кіевам.

Прадугледжвалася, што ў самiце будуць браць удзел прэзыдэнты краiнаў Чарнаморскага й Балтыйскага рэгiёнаў, а Беларусь, паводле ўкраінскага боку, не зьяўляецца сябрам i не супрацоўнiчае а нi з Арганiзацыяй чарнаморскага эканамiчнага супрацоўнiцтва, а нi з Радаю дзяржаваў Балтыйскага мора. Таму, яна не была запрошаная на форум.

МЗС Беларусi сьцьвярджае адваротнае й заяўляе, што Ўкраiна адклiкала сваё запрашэнне да беларускага кіраўніцтва ўдзельнiчаць у Ялцiнскай сустрэчы. Учора на брыфінгу ў МЗС Беларусі было заяўлена, што "адклiканьне Ўкраiнаю запросінаў зьяўляецца непасьлядоўным крокам,:незразумелым ў кантэксьце добрасуседзкiх адносiнаў памiж нашымi народамi".

Удакладніць арганізацыйныя моманты правядзеньня Ялцінскай сустрэчы мы папрасілі сёньня спадара Ігара Грушко, які зьяўляецца начальнікам управы інфармацыі міністэрства замежных справаў Ўкраіны:

(Грушко: ) "Адзначу, што саміт праходзіць у двох фарматах. Адзін – гэта саміт кіраўнікоў дзяржаваў, другі – навуковая канфэрэнцыя. Што да навуковай канфэрэнцыі, у якой бяруць удзел грамадзкія дзячы, навукоўцы, экспэрты – то тут запрашэньні ніякія на пасылаюцца. Усе, хто выяўляюць цікаўнасьць, можа браць удзел. Гэта значыць, што навуковая канфэрэнцыя адкрытая для ўсіх, улучна зь беларускімі палітыкамі й навукоўцамі…"

(Вядучая: ) "А што датычыць запрашэньня беларускага боку на саміт кіраўнікоў: ці падцьвярджаеце Вы, што такое запрашэньне не пасылалася?"

(Грушко: ) "Я нічога не падцьвярджаю, толькі кажу, што ў мяне такой інфармацыі няма".

Учора ж у нашай праграме, са спасылкаю на ўплывовую летувіскую газэту "Lietuvos Rytas", прагучала паведамленьне пра тое, што самалёту прэзыдэнта Летувы Валдаса Адамкуса, які кіраваўся на саміт у Ялту, быў забаронены пералёт праз паветраную прастору Беларусі.

Сёньня летувіскія дыпляматы абверглі гэтую інфармацыю і растлумачылі, што ў часе падрыхтоўкі палёту яны хваляваліся, што падобная сытуацыя можа паўстаць, і беларускі бок сапраўды можа ня даць дазволу пералёту над Беларусяй. Але адпаведныя дакумэнты, якія звычайна патрэбныя для такога пералёту, былі атрыманыя.

У чацьвер, паведамляе летувіская інфармацыйная агэнцыя "ELTA", газэта "Lietuvos Rytas" напісала, што беларускі лід'р Аяксандар Лукашэнка, які не атрымаў запросінаў на ўкраінскі форум у Ялце, хацеў блякаваць палёт летувіскага прэзыдэнта. Паводле газэты, Вільня рыхтавалася да магчымасьці ўжываць для пералёту паветраную прастору Польшчы.

Выбраны паўтары гады таму прэзыдэнт Адамкус нагадаў, што ён за добрыя адносіны з суседзямі. І ў часе леташняга спатканьня з Аляксандрам Лукашэнкам яны супольна падцьвердзілі, што абедзьве краіны будуць шанаваць свабоды, правы чалавека і ўзаемна падтрымліваць кожнае імкненьне суседа далучыцца да міжнароднай палітыкі, эканомікі і бясьпекі.

Але палітычныя аналітыкі ў "Lietuvos Rytas" вырашылі, што магчыма Лукашэнка быў абражаны словамі летувіскага прэзыдэнта, які мінулай вясною акрэсьліў беларускага лідэра, як непрадказальнага чалавека, які можа быць прычынаю будучых праблемаў.

Як паведамілі нам у службе дзяржаўнага й дыпляматычнага пратаколу Летувы, самалёт прэзыдэнта Адамкуса, у часе ўчорашняга пералёту ў Ялту, ужываў паветраную прастору Рэспублікі Беларусь.

XS
SM
MD
LG