Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 верасьня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Цэнтральным судзе Менску завяршыўся разгляд справы вядомага паэта Славаміра Адамовіча. Ён быў затрыманы міліцыяй 7 верасьня пад час несанкцыянаванай акцыі, прысьвечанай Дню беларускай вайсковай славы. Сёньня, аднак, судзьдзя Анатоль Барысёнак не прызнаў Адамовіча вінаватым. Справа прыпыненая.

Нагадаем, Адамовіч быў затрыманы ўвечары 7 верасьня ў Купалаўскім сквэры быццам бы як арганізатар несанкцыянаванае акцыі "Мы разьбілі маскалёў!". Славіцца перамогаю "над маскалямі" зьбіралася Беларуская Партыя Свабоды, аднак яе актывісты, якія разрэклямавалі гэтую акцыю, ціхенька сядзелі на лаўках у сквэры, калі міліцыянты з Цэнтральнага раённага аддзелу нутраных справаў пад кіраўніцтвам маёра Барысава накінуліся на Адамовіча, які ўсяго толькі раздаваў аўтографы аматарам сваёй творчасьці.

Потым у пратаколе міліцыянты запішуць, што гэта Адамовіч зарганізаваў акцыю, вынікам якой стала спальваньне расейскага сьцягу. Аднак сьцяг спальвалі ўжо пасьля затрыманьня Адамовіча, што суд лёгка высьветліў на допыце міліцыянтаў — яны не хавалі ад судзьдзі Барысёнка, што напярэдадні затрыманьня Адамовіч не мітынгаваў, з прамовамі ні каго не зьвяртаўся, захопліваць уладу не заклікаў.

З чаго вы ўзялі, што ён арганіўзатар акцыі? — спытаў міліцыянтаў судзьдзя. І тыя спаслаліся на недзяржаўныя газэты, у якіх Адамовіч узгадваўся, як магчымы ўдзельнік. Міліцыянты прызналіся, што самі яны гэтых газэтаў не чыталі, але пра іх распавяло ім начальства.

судзьдзя Барысёнак выслухаў гэтыя прызнаньні ды пайшоў раіцца са сваім сумленьнем. Ледзь не празь дзьве гадзіны было нарэшце агалошана простае рашэньне: справу прыпыніць за недаказаннасьцю парушэньняў з боку Адамовіча.

Наколькі проста далося гэтае рашэньне, сузьдзя не патлумачыў. А Славамір Адамовіч, камэнтуючы вынік суду, пажартаваў: вось што бывае, калі міліцыянты глядзяць не ў Кодэкс, а ў рот свамі начальнікам.

Між тым, пачыналася гэтая гісторыя зусім не так, як скончылася. Адамовіч узгадвае:

(Адамовіч: ) "Больш за тры гадзіны знаходзіўся ў пастарунку. Мэтоды затрыманьня гвалтоўныя, прычым, з боку супрацоўнікаў АМАПу было фізычнае ўзьдзеяньне, хоць я не аказваў супраціву, быў згодны разабрацца — у чым справы, і ў мяне з сабою былі дакумэнты.

Так атрымалася, што ворганы міліцыі недзе пачулі, прачыталі аб'яву ў газэце, і на гэтай падставе пачалі нейкія дзеяньні. Што й прывяло ў выніку да канфузу.

Трэба ўзгадаць асабліва ўдзел маёра Барысава — намесьніка начальніка Цэнтральнага РАНС, які асабліва некампэтэнтава дзейнічаў у гэтай сытуацыі, і больш за тое, не спраўляўся сіламі сваіх міліцыянтаў, дзеля чаго былі запрошаныя супраацоўнікі АМАПу. Я лічу, што гэта проста бяздарныя, бязглуздыя дзеяньні міліцыі, і, нават не сярэдняга зьвяна, а вышэйшых кіраўнікоў ворганаў правапарадку".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG