Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 верасьня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

(Эфір 8 верасьня)
Сёньня ў Менску прайшла санкцыянаваная ўладамі акцыя апазыцыі, прысьвечаная Дню беларускае вайсковае славы. У акцыі, зарганізаванай Беларускім Народным Фронтам, паводле назіральнікаў, узялі ўдзел каля 3 тысячаў чалавек. Улады адрэагавалі адключэньнем электрычнасьці й зрывам канцэрту беларускіх рок-гуртоў.

(Фон рэпартажу: ) "Чамадан — Вакзал — Расея! Чамадан — Вакзал — Расея!"...

Чарговая "інтэграцыйная" ініцыятыва афіцыйнага Менску й візыт расейскага прэм'ера прадвызначылі танальнасьць сёньняшняй акцыі, якая была абвешчана Беларускім Народным Фронтам як сьвята.

"Беларусь! Цябе чакае наперадзе новая Ворша!" — напісана на адным зь лёзунгаў.

А 17:30 калёна маніфэстантаў рушыла ад опэрнага тэатру да сквэра Янкі Купалы.

(Фон рэпартажу: ) "Незалежнасьць! Незалежнасьць! Незалежнасьць!"...

Пад час шэсьця дэманстранты занялі першую паласу праезнай часткі. На чале калёны — выключна лідэры Фронту, сярод якіх заявіцелі сьвята: Лявон Баршчэўскі й Аляксей Кавалец. Асноўную частку складае моладзь:

(Дэманстрантка: ) "Мне 15 гадоў, завуць мяне Ганна. Для мяне — гэта сьвята. Сьвята незалежнасьці маёй краіны".

Сквэр Янкі Купалы, куды дакрочылі маніфэстанты, стаў мейсцам правядзеньня сьвяточных мерапрыемставаў.

(Фон рэпартажу — гучыць урачыстая музыка.)

Прэм'ераю гэтае музычнае кампазыцыі Віктара Войціна "Шляхам аршанскіх ваяроў" распачалося тэатралізаванае прадстаўленьне, якое наладзіў тэатар "Вольная сцэна": "войскі Канстатнына Астрожскага", натуральна, перамаглі такі "маскоўскія войскі", але сам "Канстантын Астрожскі" хваляваўся вельмі...

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, а справа Канстантына Астрожскага — жыве?"

("Астрожскі": ) "...вельмі мала. Хацелася б, каб народ нешта такое стварыў, нешта такое рабіў і быў моцны... А зараз нешта — ня вельмі".

Сканчэньнем тэатралізаванага відовішча завершылася і аптымістычная частка акцыі. Спачатку высьветлілася, што ўлады адключылі электрычнасьць — з-за чаго быў адменены канцэрт самага папулярнага рок-гурту — "НРМ". Палітыкі абураліся праз мегафоны. Гаворыць Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) "Сёньня ўлада паказвае — хто ёй кіруе. Значыць — паступіў загад з Масквы: "адключыць" — халуі і адключылі... (Сьвіст прысутных).

Яшчэ адной непрыемнасьцю стала бойка паміж прафашыстоўскай групоўкаю скінгэдаў і беларускай моладзьдзю. Скінгэды — чалавек сем — пачалі выгукваць: "слава Расеі!" і ўскідаць угару рукі ў характэрным жесьце. Сьведкам бойкі паміж скінгэдамі й беларускай моладзю стаў назіральнік беларускага Гэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі:

(Маркушэўскі: ) "Тут адбылася правакацыя з боку прафашыстоўскай групоўкі скінгэдаў — так у іх было напісана на саколках — яны зрабілі напад на слухачоў акцыі, а потым пачалі ўцякаць. Некаторыя са слухачоў падаліся за імі, але тыя кінуліся ўрассып, ну і вось..."

Міліцыянты затрымалі двух арганізатараў бойкі.

А 20:00 акцыя, прысьвечаная бітве пад Воршай, была ўжо скончаная. Як патлумачылі арганізатры, невыпадкова, што менавіта гэтая акцыя распачала, як яны сьцьвярджаюць, "восеньскі марафон" апазыцыі.

XS
SM
MD
LG