Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 верасьня 1999 г.


Учора, 8 верасьня, у Канстытуцыйным судзе краіны ўпершыню за ўвесь час існаваньня гэтае ўстановы разгляд справы вёўся па-беларуску.

Старшыня суду Рыгор Васілевіч у кароткім уступным слове падкрэсьліў, што па-беларуску разгляд справы вядзецца ўпершыню за ўвесь час існаваньня гэтае ўстановы, а таксама праінструктаваў сваіх калегаў адносна беларускамоўнага ўжытку імі адмысловае лексыкі ў ходзе разгляду справы.

Яе распачаў даклад судзьдзі Вераб'ёвай. Далей усё йшло як звычайна: пытаньні судзьдзяў, адказы бакоў. Першыя – па-беларуску, другія – па-расейску. Другімі былі ў той дзень прадстаўнікі дзяржаўнае падатковае інспэкцыі ды вышэйшага гаспадарчага суду краіны. І гэта цікавы момант, бо, як нам стала вядома (і гэта падцьвердзіла кіраўніца прэсавае службы Канстытуцыйнага суду Антаніна Губіч), учорашняя беларускасьць ахоўнікаў асноўнага закону нарадзілася пасьля адкрытага звароту Таварыства Беларускае Мовы да судзьдзяў краіны.

Адныя судзьдзі пачулі голас ТБМаўцаў, іншыя ж – не. Праўда, яны за сваю расейскамоўнасьць учора прабачаліся, ды запэўнівалі, што ў наступны раз абавязкова будуць адказваць у Канстытуцыйным судзе па-беларуску.

Аднак, ці будзе ў "наступны раз" беларуская мова ў Канстытуцыйным судзе ці гэта быў аднаразовы "паказальны працэс"? На маё пытаньне адказвае старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч:

(Васілевіч: ) "Мы даўно плянавалі разгляд нашых справаў на беларускай мове, але не адважваліся гэта зрабіць. У нас яшчэ няма канчатковага рашэньня, наколькі часта гэта будзе ажыцьцяўляцца… Я мяркую, што трэба, як мінімум, хоць палову паседжаньняў праводзіць на беларускай мове. І мы вырашылі, то калі-небудзь, але мусім пачаць выконваць той закон аб мовах, які ёсьць і забясьпечыць ужываньне беларускай мовы ў разглядзе судовых справаў. Будучыня пакажа, наколькі нам удасца рэалізоўваць і нормы Канстытуцыі, і норму закону аб дзяржаўнасьці расейскай і беларускай моваў.

Я хачу адзначыць таксама, што й раней – на працягу гэтых апошніх 2,5 гадоў, ды й раней – мы праводзілі самі пераклад прымаемых рашэньняў у расейскай мове на беларускую мову. І гэтыя тэксты нашых заключэньняў, іншых рашэньняў Канстытуцыйнага суду заўсёды падпісваліся старшынём суду. Нашыя рашэньні заўсёды друкаваліся і на беларускай, і на расейскай мове. У нас не было нейкіх выключэньняў.

Я нават скажу, што да нас зьвярталіся раней грамадзяне наконт таго, што былі нейкія парушэньні з магчымасцю ўжываньня беларускае мовы – мы прапанавалі Палаце прадстаўнікоў нацыянальнага сходу рэспублікі Беларусь прадугледзіць адміністрацыйную адказнасьць за парушэньне заканадаўства аб мовах.

Таму гэта толькі нейкая такая частка той работы, якую мы праводзім дзеля таго, каб забясьпечыць больш шырокае ўжываньне беларускае мовы".

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце, калі ласка, Вы прыймалі сваё рашэньне самастойна ці з кімсьці ўзгаднялі?"

(Васілевіч: ) "Абсалютна. Гэта выключна нашае рашэньне".

Валянціна Аксак, Менск

Наш камэнтар

Арганізацыя якая называе сябе "Канстытуцыйным Судом Беларусі", не валодае канстытуцыйнай легітымнасьцю.

Канстытуцыйны Суд Беларусі на чале са старшынём Ціхінем скончыў сваё існаваньне пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Бальшыня судзьдзяў пайшла у адстаўку, а некаторыя, у тым ліку Рыгор Васілевіч, прынесьлі новую, паўторную прысягу й прызнаўшы зьмены ў Канстытуцыю, па ранейшаму мянуюць сябе "канстытуцыйнымі судзьдзямі".

Спроба гэтага воргану ўступіць у аўтарытэтную міжнародную арганізацыю – Раду Канстытуцыйных Судоў Эўропы – сёлета ў траўні была адхіленая поўнай бальшынёю галасоў.

Ва ўмовах страты легітымнасьці прэзыдэнтам Беларусі, міжнароднага непрызнаньня кішэнёвага парлямэнту, "Канстытуцыйны Суд Беларусі" не зьяўляецца самастойным і не адыгрывае ролі, якая вынікае зь ягонае назвы.

Ініцыятыва размовы па-беларуску ў сьценах будынку "Канстытуцыйнага Суду" ў гэтых варунках можа разглядацца хіба як прывабная, але прыватная справа групы асобаў.

XS
SM
MD
LG