Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 верасьня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Камэнтуе вынікі візыту прэм'ера Расеі Пуціна й прагназуе магчымае разьвіцьцё падзеяў у пытаньні беларуска-расейскага хаўрусу Аляксей Часнакоў – дырэктар маскоўскага Цэнтру палітычнае кан'юнктуры, які займаецца маніторынгам сытуацыі ў Расеі і краінах СНД.

(Вядучы: ) "Спадар Аляксей, як вы ацэньваеце візыт прэм'ер-міністра Пуціна ў Беларусь у такі складаны для Расеі час?"

(Часнакоў: ) "Я магу адзначыць некалькі фактараў, якія, мабыць, паўплывалі на ўспрыняцьце гэтага візыту. Візыт быў, шчыра кажучы, увогуле незаўважаны расейскімі сродкамі масавае інфармацыі, і я б назваў яго дзяжурным.

Першая прычына – гэта, безумоўна, узмацненьне канфрантацыі на Паўночным Каўказе, падзеі ў Дагэстане. Зразумела, гэтая з гэтай падзеі распачынаюцца сёньня зводкі навінаў, і візыт прэмьера ў Беларусь, як гэта было, калі прэм'ерам быў Сьцяпашын, ці калі прэм'ерам быў Кірыенка (ён таксама наведваў Менск) – тады гэта было сярод першых навінаў, а сёньня гэтая навіна, усё ж такі не самая галоўная для Расеі.

Па-другое, безумоўна, інтэграцыйны зуд, на які ўвесь час хварэе то Расея, то Беларусь, якія пэрыядычна абвінавачваюць адна аднаю, што ў некага зудзіць больш – ён мінуў. І Расея на сёньняшні дзень апынулася ў сытуацыі выбару ў значна больш вострай палітычнай барацьбе, чымся чакалася.

Таму, хаця яшчэ ў ліпені ўсе чакалі, што вось-вось пачнуць выкарыстоўваць беларускую карту як элемент выбарчай барацьбы ў Расеі, гэтага не адбылося. Не адбылося таму, што Крэмль зараз вельмі слабы. Урад уяўляе сабою структуру, якая толькі распачынае працу, і патрабаваць ад Пуціна, каб ён прынес нешта новае, нечаканае, што зрушыла б працэс інтэграцыі, нельга.

Таму візыт гэты сапраўды можна назваць візытам ветлівасьці".

(Вядучы: ) "А якія пэрспэктывы падпісаньня "саюзнай" дамовы паміж Беларусьсю й Расеяй? І наколькі рэальна, што ў выпадку стварэньня такога "саюзу" ягоным прэзыдэнтам будзе Барыс Ельцын?"

(Часнакоў: ) "Ведаеце, гэтае пытаньне, напэўна, самае складанае, таму што ўсе аналітыкі ў Расеі, якія так ці йнакш займаюцца праблемамі стасункаў зь Беларусяй, ацэньваюць сытуацыю адназначна: калі дамова й будзе падпісаная (такую магчымасьць выключаць, натуральна, нельга), дык гэта будзе чарговы дэкляратыўны акт, які не прынясе анічога новага а ні Беларусі, а ні Расеі.

Зразумела, у падпісаньні зацікаўленае ў першую чаргу менавіта беларускае кіраўніцтва. А расейцы, якія яшчэ спадзяваліся, што аб'яднаньне адбудзецца дзеля таго, каб Барыса Ельцына вылучыць на больш высокую пасаду, і гэта б сталася сцэнарам павольнага ягонага зыходу, сёньня ўсё менш увагі надаюць такому сцэнару. Таму што прэзыдэнт, у зьвязку з карупцыйнымі скандаламі, усё больш успрымаецца як паранены ды хворы леў. На жаль, хаўрус параненага й хворага зь ня менш хворым у эканамічным пляне ўспрымаецца нэгатыўна.

Зараз пачынаюцца выбары, і насельніцтва ўсё больш настройваецца на негатыў у дачыненьні гэтае асобы. Таму ўсе дзеяньні, нейкім чынам зьвязаныя зь "інтэграцыйнымі" працэсамі, міжволі могуць успрымацца як палітычная мітатворчасьць з мэтаю падвышэньня рэйтынгу прэзыдэнта. Але хоць сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што ў адносінах хаўрусу ў Расеі існуе пазытыў, тыя ж апытаньні паказваюць, што гэта ў першую чаргу пазытыў эмацыйны. Няма рацыянальнага разуменьня таго, навошта патрэбны хаўрус зь Беларусяй.

Прафэсійнае падтрыманьне гэтага негатыву ў адносінах да Захаду, якое мы нядаўна бачылі на сустрэчы ў Бішкеку, і няспынныя крыкі аб тым, што нам трэба наладжваць адносіны Беларусі, Расеі ды Югаславіі – яны будуць элемэнтамі палітычнае барацьбы. Але ўсё ж такі рэальнага зьбліжэньня дзьвюх дзяржаваў, я думаю, ня будзе, паколькі ня йснуе канкрэтных мэханізмаў, якія маглі б рэальна працаваць у самой Расеі. У меншай ступені тут можна казаць пра Беларусь, якая стала рэальным рухавіком інтэграцыі. А па-другое, уплыў выбарчае кампаніі вельмі нэгатыўны. І парлямэнцкая кампанія, а потым прэзыдэнцкая будуць не на карысьць гэтаму хаўрусу".

XS
SM
MD
LG