Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 верасьня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Безвынікова скончыліся сёньня кансультацыі апазыцыйных партыяў наконт вызначэньня складу дэлегацыяў на перамовы з уладамі. Кансультацыі партыяў пад эгідаю АБСЭ працягнуцца ў панядзелак.

Сёньняшняя пяцігадзінныя кансультацыі апазыцыйных партыяў плёну не далі і больш нагадвалі лічылку пра "дзесяць негрыцят". У кансультацыях бралі ўдзел 9 апазыцыйных структураў і партыя "Надзея", прадстаўнік якой не зьявіўся.

Апазыцыянэры мусілі былі вызначыць 6 партыяў, якія будуць браць удзел у перамовах. Спачатку галасаваньнем было вырашана, што ўперамовах могуць браць удзел толькі партыі, а не грамадзкія рухі. За бортам, такім чынам, апынулася Вольга Абрамава са сваім рухам "Яблоко".

Абрамава першай дэманстартыўна пакінула залю.

Потым было вырашана, што ў дэлегацыі ня можа ўдзельнічаць прадстаўнік Вярхоўнага Савету. Як патлумачыў намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка, Вярхоўны Савет будзе зацьвярджаць склад дэлегацыі і вынікі перамоваў, а таму сам браць удзел у перамовах ня можа.

Такім чынам, на 6 мейсцаў засталося 8 кандыдатаў: БНФ, АГП, БСДП "Народная Грамада", сацыял-дэмакраты (Шушкевіча), камуністы, Партыя "Працы", ЛДПБ і Партыя жанчынаў "Надзея".

Было вырашана наладзіць рэйтынгавае галасаваньне, у выніку якога за бортам апынуліся лібэрал-дэмакраты і "Грамада" Станіслава Шушкевіча, які дэманстратыўна пакінуў залю.

Ён заявіў, што не пакрыўдзіўся, але зьвінаваціў кіраўніка кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ Ганса-Георга Віка ў подкупе апазыцыянэраў:

(Шушкевіч: ) "Ну будзем гаварыць проста. Вік фактычна фінансуе, гэта значыцца — ну, прабачце, паводле майго разуменьня — займаецца подкупам пэўных структураў, пэўных лідэраў вось тут. Да прыкладу, мяне ўжо зусім зьдзівіла, што Грыб галасуе супраць нашае партыі. Ну гэта ж сьмеху варта! Ведаеце што, яны — гэтыя людзі — атрымоўваюць пэўную фінансавую падтрымку на пэўную працу... Да прыкладу, на распрацоўку заканадаўства, на правядзеньне пэўных акцыяў. Мы — БСДГ — ніколі аніводнага цэнту, аніводнага пфэніга не атрымалі ні ад якой арганізацыі".

Такім чынам, засталося 6 партыяў на 6 мейсцаў апазыцыйнай дэлегацыі: АГП, БНФ, Народная Грамада, камуністы, Партыя "Працы" і Партыя "Надзея". Аднак зацьвердзіць і гэты склад самі апазыцыянэры ня здолелі. І с прапановы лідэра камуістаў Сяргея Калякіна кансультацыі перанесеныя на панядзелак.

Як патлумачыў нашаму Радыё лідэр "Народнай Грамады" Мікола Статкевіч, які сёньня быў старшынём паседжаньня, хутчэй за ўсё будзе ўжытая схэма "4+2", паводле якой 4 партыі: БНФ, АГП, "Народная Грамада" і камуністы будуць стала ўдзельнічаць у перамовах, а два мейсцы будуць аддадзеныя астатнім партыям, якія будуць удзельнічаць у перамовах на прынцыпе ратацыі.

Удзельнікі сёньняшніх кансультацыяў не падтрымалі прапанову Беларускага Народнага Фронту аб уключэньні ў апазыцыйную плятформу дадатка пра тое, што павінныя быць спыненыя ўсе "інтэграцыйныя" ініцыятывы. Намесьнік старшыні БНФ Юры Беленькі заявіў:

(Беленькі: ) "Вельмі дзіўна, што яно было адхілена. Што важней для ўдзельнікаў перамоўнага працэсу — абстрактная дэмакратыя ці канкрэтная незалежнасьць нашай краіны? Я зрабіў заяву, што ў гэтым пытаньні мною будуць праведзеныя кансультацыі з кіраўніцтвам Беларускага Народнага Фронту..."

Сёньня ж былі выслуханы прадстаўнікі экспэртавай групы ў пытаньні доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ. Ім дадзена заданьне да 13 верасьня распрацаваць канкрэтныя прапановы. Сёньняшнія баталіі апазыцыянэраў пра перамовы асабліва эфэктна выглядаюць на тле заявы Ганса-Георга Віка, які канстатаваў, што ўлады па-ранейшаму ўжываюць паліцэйскія мэтоды супраць апазыцыі.

XS
SM
MD
LG