Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 верасьня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Некаторыя грамадзяне Беларусі гадавіну Аршанскае бітвы пачалі сьвяткаваць яшчэ ўчора, правёўшы ў Менску несанкцыянаваную акцыю пад назваю "Мы разьбілі маскалёў!". Паводле апошніх дадзеных, тры ўдзельнікі гэтай акцыі былі затрыманыя міліцыяй. Дваіх чакае суд за парушэньне парадку правядзеньня вулічных акцыяў.

На сёньняшні дзень дакладна вядома пра рэпрэсыі супраць трох удзельнікаў учорайшняй акцыі ў менскім сквэры Янкі Купалы. Гэта вядомы паэт Славамір Адамовіч, які быў схоплены на выхадзе са сквэру пасьля таго, як акцыя "Мы разьбілі маскалёў!" скончылася, таксама актывіст Партыі Свабоды Яўген Пятроў і журналіст газэты "Беларуская мадазёжная" Сяргей Чырык.

Цікава, што прэсавая служба гарадзкой міліцыі падцьвярджае толькі затрыманьне Славаміра Адамовіча, які, паводле зьвестак міліцыі, быў неўзабаве адпушчаны з позваю зьявіцца сёньня ўраніцу ў Цэнтральны раённы аддзел нутраных справаў для складаньня пратаколу з факту адміністратыўнага правапарушэньня. Міліцыя зьбіралася прыцягнуць Адамовіча да адказнасьці паводле 1671 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу — гэта парушэньне правілаў правядзеньня вулічных акцыяў.

Прэсавы цэнтар гарадзкое міліцыі быў упэўнены, што з раённага аддзелу міліцыі Адамовіча даставяць у Цэнтральны раённы суд, дзе яго ўжо чакае вядомы судзьдзя Анатоль Барысёнак.

Аднак да суду Адамовіч так і не дабраўся. Паводле атрыманай інфармацыі, ураніцу ў раённым аддзеле міліцыі Адамовічу сказалі йсьці дадому, маўляў, зараз не да яго. Пасьля гэтага паэт зьехаў у Горадню дзеля ўдзелу ў тамтэйшых сьвяткаваньнях Дня вайсковае славы.

Дзе падзеўся Яўген Пятроў — таксама дакладна не вядома. Кіраўнік Партыі Свабоды спадар Высоцкі сьцьвярджае, што той быў затрыманы. І яго зьбіраюцца абвінавацтць у хуліганстве за спальваньне расейскага сьцягу. Аднак міліцыя пакуль гэтых зьвестак не падцьвярджае.

Пра тое, што найбольш цікавіла менскіх міліцыянтаў, мне распавёў Сяргей Чырык з газэты "Беларуская маладзёжная", які здымаў учорашнія падзеі ў журналісцкіх мэтах і на палову гадзіны быў затрыманы:

(Чырык: ) "Пасьля заканчэньня акцыі Партыі Свабоды я пайшоў у кірунку Цэнтральнага пляцу... Падляцеў міліцэйскі УАЗік, мяне скруцілі, кінулі ў машыну..."

(Карэспандэнт: ) "То бок, яны кінуліся менавіта на цябе?"

(Чырык: ) "Так. І каманда была: "Хватайце этага чалавека с камерай!" Мяне ўтраіх сунулі ў машыну..."

(Карэспандэнт: ) "Цябе зьбівалі? Як абыходзіліся?"

(Чырык: ) "Ну сінякі на руках ёсьць...Упхнулі туды за шыю. Недзе хвілінаў дваццаць, пакуль адвезьлі да Купалаўскага, мяне проста трымалі за шыю.

Прывезьлі ў сквэр. Падыйшоў да мяне чалавек у форме маёра міліцыі, не прадставіўся, паглядзеў маё пасьведчаньне, сыйшоў. Хвілінаў празь дзесяць падыйшоў ізноў, спытаўся, ці бачыў я — хто падпальваў сьцяг? Я адказаў, што я ня ведаю, бо знаходзіўся збоку й здымаў, і што там зьверху — не было бачна.

Потым ён ізноў сыйшоў, тады вярнуўся, паставіў маю камэру й сказаў, што я свабодны. Я расчыніў камэру, паглядзеў, што там стаіць не мая касэта — у мяне стаяла касэта SuperVHS, а мне ўклалі звычайную VHS-касэту (з фільмам Сьпілбэрга "Апошні крыжовы паход").

Я вярнуўся назад, сказаў маёру проста ў вочы, што ён "звычайны злодзей". На што маёр ня даў аніякага адказу. селі яны ў машыну чырвонага колеру й зьехалі".

(Карэспандэнт: ) "Скажы, Сяргей, гэта ж ня першая акцыя, на якой ты прысутнічаеш у якасьці такога дабрахвотнага апэратара? Калі-небудзь раней з табою так абыходзіліся?"

(Чырык: ) "Не. Такое ўпершыню".

Такім чынам, Сяргей упэўнены, што міліцыянтаў у ягонай касэце цікавіў толькі той кавалак стужкі, на якім зьнялі момант спальваньня расейскага сьцягу. Відаць, зь нейкіх прычынаў міліцэйскія апэратары "праваронілі" гэты эпізод учарашняе падзеі, "вось і вырашылі скарыстацца маёй стужкаю",-- сказаў Сяргей. Пры гэтым ён заўважае, што былі парушаныя ягоныя журналісцкія і грамадзянскія правы, бо адбыўся самы сапраўдны разбой, які ўчынілі міліцыянты.

XS
SM
MD
LG