Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 верасьня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня Дзень беларускае вайсковае славы. У гэтыя хвіліны ў беларускай сталіцы пачынаецца акцыя Беларускага Народнага Фронту, прымеркаваная да гадавіны Аршанскае бітвы. гарадзкія ўлады санкцыянавалі яе правядзеньне.

А 17:30 паводле менскага часу акцыя БНФ распачынаецца на менскім пляцы Парыскае камуны ля Опэрнага тэатру. Адтуль удзельнікі рушаць у сквэр Янкі Купалы, дзе адбудзецца мітынг і сьвяточны канцэрт беларускіх рок-гуртоў.

Акцыя сьвяточная — 485 гадоў таму войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Канстантына Астрожскага перамаглі палкі Маскоўскае дзяржавы. Сцэнар сёньняшняе ацыі, адпаведна, сьвяточна-палітычны — з улікам цяперашняе інтэграцыйнае сытуацыі ды візыту ў Менск расейскага прэм'ера.

Да 8 верасьня напісаны нават музычны твор у клясычнай форме, які аднак пакуль трымаецца ў сакрэце. Яго пачуюць тыя, хто дойдзе да сквэру Янкі Купалы, дзе таксама будзе наладжаны рок-канцэрт.

Як патлумачыў нашаму радыё арганізатар сёньняшняе акцыі, выканаўца абвязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі, з гарадзкімі ўладамі дасягнутая дамоўленасьць, што шэсьце дэманстрантаў будзе па праезнай частцы з перакрыцьцём руху транспарту на першай паласе.

Баршчэўскі заявіў, што сёньняшняя дэманстрацыя распачынае восеньскі "палітычны марафон" апазыцыі:

(Баршчэўскі: ) "Гэтая акцыя прымеркавана да пачатку палітычнае восені. І яна павінна ў першую чаргу выканаць сваю задачу — нагадаць пра пэўную гістарычную падзею, і ўсё, што зьвязана з гэтым: гульні вакол "інтэграцыі", візыты тых ваяжораў, якія падтрымліваюць існуючы нелегітымны рэжым. З другога боку, мы меркавалі, што гэтая акцыя ўсё ж такі павінна быць менавіта сьвяточнай. І на гэта былі пакладзеныя асноўныя сілы й рэсурсы, і магчымасьці.

Плянуецца выступ прафэсыйных актораў. Да гэтай даты напісаны адмысловы музычны твор, які будзе выконвацца аркестрам.

І калі ўлады не дапусьцяць нейкіх правакацыяў і нечаканасьцяў, то думаю, што гэтая акцыя пройдзе адпаведным чынам, паказваючы нашую арганізаванасьць і нашую волю, нашую дэманстрацыю таго, што мы ня толькі памятаем гісторыю, але мы й думаем пра будучыню — думаем пра тое, каб нам зноў не апынуцца ў сытуацыі Воршы, каб зноў не апынуцца ў новай імпэрыі. І гэта галоўная мэта".

Паводле словаў Лявона Баршчэўскага, у Менскім гарадзкім выканаўчым камітэце арганізатарам акцыі ўжо патлумачылі, што мітынг і шэсьце 8 верасьня — гэта апошняя акцыя, якая адбудзецца ў цэнтры гораду. Надалей апазыцыйныя мерапрыемствы будуць праходзіць у менш людных мейсцах. Відаць для таго, каб мінакі не змаглі бачыць колькасьць міліцыянтаў і АМАПаўцаў, якія ўжо патрулююць вуліцы беларускай сталіцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG