Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Расейскае кіраўніцтва, а таксама шэраг замежных аглядальнікаў і палітыкаў выказваюць сур'ёзную занепакоенасьць разьвіцьцём падзеяў ў Дагэстане, ў прыватнасьці рэальнай пагрозаю новай вайны накшталт чачэнскай…

Выразна ўсхваляваны Барыс Ельцын неспадзявана сам ўзначаліў сёньняшняе паседжаньне Рады Бясьпекі, якое яшчэ ўчора ён даручыў правесьці прэм'еру Ўладзімеру Пуціну. Ён назваў ісьлямскіх баявікоў ў Дагэстане "забойцамі" і "дэгэнэратамі" і загадаў рашуча й неадкладна здушыць узброены бунт.

Ісьлямісты прадпрынялі наступ у напрамку гораду Хасав'юрт, аднак занялі толькі некалькі вёсак недалёка ад гораду. Паведамляецца, што сам Хасав'юрт, другі па вялічыні горад ў Дагэстане, літаральна напоўнены расейскімі вайскоўцамі і міліцыяй.

Сёньня з просьбаю пракамэнтаваць сытуацыю ў Дагэстане, прычыны канфлікту й пэрспэктывы паўтору чачэнскай вайны, мы зьвярнуліся да палітычнага аналітыка нашага радыё Ліз Фулер, якая спэцыялізуецца ў пытаньнях Каўказу. У прыватнасьці, яна заявіла, што ў Дагэстане ўжо можна гаварыць пра вайну, але йснуе таксама шмат розьніцы паміж гэтым канфліктам і вайною ў Чачэніі. Ў выпадку цяперашняга канфлікту ў Дагестане, як лічыць Ліз Фулер, Расею нельга назваць агрэсарам (падрабязьней).

Мы пацікавіліся таксама магчымасьцю эканамічных прычынаў напружанасьці ў рэгіёне. Ці адыграла тут ролю пытаньне, да прыкладу, нафты або зьбядненьня насельніцтва і адсюль незадаволеньня людзей кіраваньнем Масквы? Вось што адказала Ліз Фулер:

(Фулер: ) "На маю думку, трэба ўлічваць шэраг розных фактараў. У выпадку Дагэстану, па-мойму магчыма, што чачэнскія баявікі занадта разьлічвалі на тое, што насельніцтва Дагэстану, якое складаецца з 30 розных этнічных груповак, і ня йснуе паняцьце "этнічнага дагэстанца", больш чым на самой справе незадаволенае Масквою.

Расея сапраўды ўкладвае ў Дагэстан вельмі мала сродкаў. 80% насельніцтва рэспублікі беспрацоўныя. На маю думку, чэчэнцы спадзяваліся, што незадавальненьне эканамічнай сытуацыяй падштурхне шмат каго зь мяйсцовага насельніцтва падтрымаць іх. Аднак тое дагэтуль не здарылася.

Што тычыцца нафтаводу, дык я думаю, што ў гэтым канфлікце ён не адыграў аніякае ролі. Напад з боку ісьлямістаў на чале з чачэнцамі быў матываваны ідэялягічнымі, а не эканамічнымі фактарамі. Я не думаю, што Шаміль Басаеў або Хатаб ставілі перад сабою мэту прыпыніць экспарт азэрбайджанскай нафты праз Дагэстан або Чачэнію. Для экспарту каспійскае нафты дзейнічае ўжо іншы нафтавод праз тэрыторыю Грузіі".

(Карэспандэнт: ) "Некаторыя аналітыкі лічаць, што вайна ў Чачэніі Маскву ні чаму не навучыла, што яна паўтарае тыя самыя памылкі. Ці вы згодныя з такім меркаваньнем?"

(Фулер: ) "Калі Масква мела б чаго навучыцца з вайны ў Чачэніі, дык можна тут гаварыць пра тры аспэкты справы. Самы важны ў дадзеным выпадку – ваенны аспэкт.

У мяне склалася ўражаньне, што першы наступ ісьлямістаў напачатку жніўня быў выпрабавальным. Баявікі хацелі пераканацца, як расейскія сілы адрэагуюць на ваенныя дзеяньні зь іхнага боку, ці зараз яны гатовыя рэагаваць больш энэргічна, ці здольныя скіраваць свае сілы дзеля адбіцьця атакаў адначасова ў некалькіх мейсцах. У гэтым сэнсе расейцы нічаму не навучыліся з вайны ў Чачэніі.

Другая справа – гэта запозьненая рэакцыя Масквы. Некалькі гадоў таму Масква гэтак жа запозна адрэагавала на разьвіцьцё падзеяў ў Чачэніі. І зараз Масква не прадбачыла й своечасова не прадухіліла нападу на Дагэстан.

Між тым расейская прэса, да прыкладу, "Независимая Газета" ўжо ў ліпені пісала, што расейская выведка ведае пра пляны Басаева распачаць новую вайну, аднак расейскія сілы да нападу не былі падрыхтаваныя.

Трэці аспэкт – эканамічны. У эканамічным сэнсе беднае было й насельніцтва Чачэніі. І гэтак жа беднае насельніцтва Дагэстану. Кожныя некалькі месяцаў або прэм'ер, або міністар нацянальнасьцяў Абдулатыпаў, наведваючы Дагэстан, у адзін голас заяўлялі: "Мы разумеем, што вашая сытуацыя цяжкая, што мы мусім накіроўваць больш сродкаў ў вашую эканоміку, ў вашыя сацыяльныя праграмы". На самой справе аніякія абяцаньні не былі выкананыя.

На маю думку, ў кожным з гэтых трох аспэктаў Масква ні чаму не навучылася ад вайны ў Чачэніі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG