Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Ужо некалькі тыдняў расейскія сілы бамбуюць пазыцыі ісьлямскіх баявікоў ў Дагэстане, аднак няма а ні якіх прыкметаў перамогі, а ні нармалізацыі абстаноўкі. Працяг узброенага канфлікту ў Дагэстане выклікае боязь паўтору прайгранай Масквою вайны ў Чачэніі, і можа азначаць для Крамля страту кантролю над чарговай часткаю Фэдэрацыі…

Такая боязь чутная ў выказваньнях шэрагу аналітыкаў і палітыкаў. Барыс Ельцын скрытыкаваў расейскія сілы за, як ён сказаў, "неахайнасьць" з прычыны паўторнага ўварваньня ісьлямскіх баявікоў з тэрыторыі Чачэніі ў Дагэстан. З гэтай заяваю ён выступіў перад сёньняшнім паседжаньнем Рады Бясьпекі Расеі пад старшынствам прэм'ера Ўладзімера Пуціна. Сёньня ўраніцу Барыс Ельцын запатрабаваў ад прэм'ера прыняць ўсе неабходныя крокі дзеля разьвязкі найбольш небясьпечнага крызысу з часу чачэнскае вайны ў 1994-1996 гадох.

Як паведаміў у тэлевізыйным выступе прадстаўнік Крамля Якушкін, Барыс Ельцын лічыць уварваньне ісьлямскіх баявікоў ў Дагэстан "рэальнай пагрозаю для тэрытарыяльнай цэласьці Расеі". Расейскі прэзыдэнт прызнаў таксама, што вайна ў Чачэніі была "адной вялікай памылкаю" і ён ня хоча, каб падобнае паўтарылася.

Між тым, сёньня расейскія сілы працягвалі авія- і артылерыйскі абстрэл пазыцыяў ісьлямістаў, якія захапілі некалькі вёсак у памежным раёне вёскі Навалацкае і спрабуюць рухацца ў напрамку гораду Хасав'юрт.

Прэсавая служба расейскае арміі ў Дагэстане паведаміла, што фэдэральным сілам удалося паўстрымаць наступ ісьлямістаў на горад. Прадстаўнік міністэрства нутраных справаў Расеі Аксёнаў паведаміў, што дагэтуль ў баёх 104-вайскоўцы загінулі і 400 паранена. Новым элемэнтам у двухтыднёвым супрацьстаяньні сталі паветраныя рэйды на базы баявікоў на тэрыторыі Чачэніі.

Афіцыйны Грозны паведаміў, што у выніку апошніх налётаў, пераважна на вёску Мазай-Юрт, загінулі як мінімум 45 чалавек.

Згодна інфармацыі ФСБ Расеі, арыштавана трое людзей, западозраных ў бамбовым замаху на будынак расейскіх вайскоўцаў у Буйнакску. Паводле ФСБ, ўсе яны зьяўляюцца сябрамі фундамэнталісцкае, ісьлямскае сэкты. Згодна апошнім дадзеным, у выніку замаху 64 чалавекі загінулі і 140 паранена.

"На жаль, мы вымушаны прызнаць магчымасьць пачатку вайны параўнальнай з чэчэнскай, магчыма яшчэ з горшымі вынікамі. Яшчэ тры месяцы таму ніхто не мог чакаць чагосьці падобнага", – заявіў дараднік прэзыдэнта Ельцына Эміль Паін. Сьпікэр Дзяржаўнае думы Генеадзь Селязьнёў лічыць, што выведка й фэдэральная служба бясьпекі павінны былі прадбачыць такое разьвіцьцё падзеяў і своечасова прадухіліць уварваньне ісьлямістаў ў Дагэстан.

А вось што наконт магчымасьці й прыкметаў паўтору чачэнскае вайны сказала палітычны аглядальнік нашага радыё Ліз Фулер:

(Фулер: ) "Я думаю, што пасьля апошніх выхадных, калі новыя чачэнскія сілы: ад дзьвюх да пяці тысячаў баявікоў уварваліся ў Дагэстан, пераходзячы мяжу ў некалькіх мейсцах, зьявілася сытуацыя падобная на вайну. Галоўная розьніца паміж гэтай і чэчэнскай вайною ў тым, што ў Чачэніі расейцы напалі на гэтую рэспубліку, спрабуючы аднавіць кантроль над ёю, а ў выпадку Дагэстану, чачэнскія сілы напалі на Дагэстан з мэтаю адарваньня гэтае рэспублікі ад Расейскай Фэдэрацыі й стварэньня там разам з часткаю Чачэніі ісьлямскае дзяржавы. Ў дадзеным выпадку нельга назваць Расею агрэсарам. Яна спрабуе затрымаць Дагэстан у рамках Фэдэрацыі, абапіраючыся на мяйсцовае насельніцтва".

Цалкам меркаваньні палітычнага аналітыка нашага радыё Ліз Фулер наконт падзеяў ў Дагестане глядзіце ў наступным матэрыяле.

На думку аналітыка з Фонду Карнэгі Мікалая Пятрова, Масква дапусьціла ў Дагэстане вялікую памылку. Выціснуўшы з Дагэстану чачэнскіх баявікоў, заміж таго, каб узмоцніць кантроль над памежным з Чачэніяй рэгіёнам, расейскія сілы пачалі распраўляцца зь мяйсцовымі вахабітамі, які кантралявалі некалькі вёсак ў цэнтральным Дагэстане ўжо на працягу году.

Іхныя мэты былі даўно вядомыя – стварэньне ісьлямскае дзяржавы на паўночным Каўказе, але сур'ёзных інцыдэнтаў не было. Дагэстанскія вахабіты карысталіся адносна шырокай аўтаноміяй, але не прадстаўлялі сур'ёзнай пагрозы для уладаў рэспублікі.

На думку аналітыкаў, вяртаньне дзьвюх тысячаў баявікоў з Чачэніі, якія паўторна перайшлі мяжу дзеля дапамогі сваім аднаверцам ў Дагэстане, прадвяшчае паўтор вайны ў Чачэніі трохгадовае даўніны. Ўжо зараз па двух бакох чачэнска-дагэстанскай мяжы расейскім сілам супрастаяць 5 тысячаў узброеных ісьлямістаў, якіх Масква называе ня йнакш, як "бандыты й тэрарысты".

Вайсковыя аналітыкі й аглядальнікі лічаць, што Расея пасьпяшалася з абвяшчэньнем перамогі над вахабітамі. Дагэтуль, пераважная частка насельніцтва Дагэстану падтрымоўвала Маскву й лічыла баявікоў з Чачэніі няпрошанымі гасьцямі, але прарасейскія настроі вельмі крохкія ў рэспубліцы, дзе мноства варагуючых груповак і кланаў.

Расейскія сілы цесна супрацоўнічаюць з адным з рэгіянальных лідэраў, Магамедавым, але ня ўсе ў Дагэстане любяць яго.

Паводле словаў Эміля Паіна, папулярнасьць вахабізму ў гэтым рэгіёне ня выклікана рэлігійнымі матывамі: раптоўным ўсплёскам зацікаўленьня Каранам. Гэтаму спрыяюць расейскія бомбы, бо мяйсцовае насельніцтва можа адвярнуцца ад уладаў ў Махачкале, спрабуючы хавацца пад крылы ўзброеных вахабітаў.

Далейшы аналіз сытуацыі ў Дагэстане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG