Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 верасьня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Гаворачы пра Дзень беларускае вайсковае славы, мы, безумоўна, маем дачыненьне з новай традыцыяй, якая набыла як сваіх прыхільнікаў, так і сваіх праціўнікаў. Адныя ўважаюць вяртаньне да славы Аршанскае бітвы разумным крокам нашчадкаў. Іншыя лічаць выбар даты досыць выпадковым. Сёньня мы зьвязаліся зь вядомым гісторыкам і пісьменьнікам Кастусём Тарасавым і папрасілі яго выказаць свой погляд на новае гістарычнае сьвята і значэньне бітвы пад Воршай...

(Тарасаў: ) "Ва ўсіх падручніках ваеннай гісторыі яна адзначана, таму што маскоўскае войска было 80 тысячаў, а войска беларуска-літоўскае 30 тысячаў — такое вельмі зрэдку здараецца. І вайсковы талент Астроскага адзначаюць усе падручнікі гісторыі, нават даваенныя.

Але я давяраю нашаму гісторыку — ён, нажаль, ужо не жыве — Міхасю Ткачову. Ён шмат пісаў на гэтую тэму, дасьледваў яе. І на самай справе гэтае 30-тысячнае войска, якое мы лічым беларускім — на самай справе складалася толькі напалову зь беларусаў. А 14 тысячаў было палякаў, 4 тысячы складала вугорская наёмная пехота і г.д. То бок кажучы сёньняшняй моваю, там быў такі інтэрнацыянальны склад.

І самае галоўнае — што гэта перамога не прынесла анічога стратэгічнага. У 1515 годзе зноў маскоўцы напалі на Амсьціслаў, потым на Віцебск, на Менск. На Вільну нападалі. І так кожны год да 34-га — а потым трохгадовая вайна.

І гэта вельмі штучная дата, на мой погляд. А самае галоўнае, што прайшло ўжо 500 гадоў — гэта прыкладна 12 пакаленьняў людзей пражыло. І мы схаваліся за сьпіны сваіх дзядоў. Яны змагаліся за мову, культуру сваю, за Радзіму, за сваіх родных. А мы сёньня — бальшыня народу — апроч дзесяці тысячаў, якія ходзяць на мітынгі, аддаюць сваю энэргію барацьбе за мову — а ўсе астатнія проста сьпяць такім мёртвым сном... І гэтая сьвята не адпавядае таму, за што мы мусім змагацца. Нельга ж увесь час сьвяткаваць перамогі сваіх дзядоў! А самі мы..."

(Вядучая: ) "Я разумею Вашую лёгіку, спадар Тарасаў, але скажыце, ці не прызнаеце Вы неабходнасьці стварэньня свайго роду нацыянальнае міталёгіі, як гэта скажам, зрабілі летувісы або тады прапануйце нейкую іншую дату..."

(Тарасаў: ) "На маю думку, з такіх датаў, якія б маглі адзначаць сьмела — натуральна, гэта Грунвальдзкая бітва. Таму што яна зьбіла карты апошняй тэакратычнай дзяржаве ў Эўропе — Тэўтонскаму Ордэну. Ці калі б я ўж сам вызначаў дату — то я выбраў бы дату, прыкладам, апошняга бою паўстанцаў Каліноўскага з царскімі карнікамі ў 1864 годзе пад Мілавідамі. Гэта для мяне было б ясна, што тут людзі загінулі, і было б вядома — за што".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG