Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Напружаная абстаноўка склалася па-за паўднёвымі межамі Расеі ды на тэрыторыі самой Расейскае Фэдэрацыі. З розных прычынаў сваю дзейнасьць актывізавалі ісьлямскія экстрэмісты, якія ўсё настойлівей выступаюць за стварэньне ісьлямскіх дзяржаваў і зь якімі насуперак самаўпэўненым заявам Крамля, Расея відавочна ня можа справіцца.

Масква заявіла, што Расея накіравала дадатковыя паўтары тысячы вайскоўцаў у Дагэстан для барацьбы зь ісьлямскімі баявікамі. Насуперак заявам прэм'ера Расеі Пуціна, што Масква хутка справіцца з ісьляміскімі бунтаўнікамі, сытуацыя далёкая ад урэгуляваньня.

Учора вялікая група баявікоў ўвайшла на тэрыторыю Дагэстану з суседняй Чачэніі. Ісьлямісты на чале з Шамілём Басаевым адкрыта заяўляюць, што іхнай мэтаю зьяўлецца усталяваньне ісьлямскіх парадкаў ва ўсім каўкаскім рэгіёне і што яны гатовыя ваяваць нават і 30 гадоў, пакуль не дасягнуць сваёй мэты.

Паведамляецца, што сёньня ўраніцу каля дзьвюх тысячаў вахабітаў пачалі наступ, захапілі яшчэ некалькі вёсак і атачылі міліцэйскі пастарунак у сяле Навалацкае. Жанчынам, дзецям і старым дазволена пакінуць свае дамы, аднак маладым мужчынам баявікі загадваюць рыць акопы.

Баявікі паведамілі, што забілі каля 20 расейцаў і 10 вайскоўцаў захапілі як закладнікаў. Баявікі на чале з Шамілём Басаевым заяўляюць, што яны спрабуюць прайсьці з дапамогаю іншай узброенай групоўцы да вёсках Карамахі й Чабанмахі.

Расейскія сілы атачылі гэты раён і ўжо тыдзень іхная артылерыя і авіяцыя абстрэльваюць пазыцыі ісьлямістаў. У апэрацыі ўжо 33 вайскоўцы загінулі і 147 паранена.

Пакуль не вядома, хто адказны за тэракт, але мяркуецца, што яго ініцятарам зьяўляецца сам Басаеў, або лідэр Расейскага Ісьлямскага Хаўрусу Хачылаеў. Дзяржаўная Рада Дагэстану абвясьціла ўсеагульную мабілізацыю і заявіла, што цяперашні крызыс пагражае тэрытарыяльнай цэласьці рэспублікі.

Між тым Барыс Ельцын загадаў сёньня прэм'еру Ўладзімеру Пуціну неадкладна ўзяць сытуацыю у Дагэстане пад свой кантроль. Ельцын таксама загадаў знайсьці адказных за ўчарашні бамбовы замах на будынак расейскіх вайскоўцаў у Буйнакску, у выніку якога як мінімум 17 чалавек, пераважна жанчынаў і дзяцей загінулі, і больш за 100 паранена.

У тэлевізыйным выступленьні першы намесьнік міністра нутраных справаў Расеі Калесьнікаў асудзіў тэракт і заклікаў насельніцтва паўночнага Каўказу дапамагчы расейскім сілам у барацьбе з ісьлямскімі баевікамі. Выступаючы у праграме "ОРТ" Пуцін сказаў, што расейскія сілы не плянуюць атакаў на базы паўстанцаў на тэрыторыі Чачэніі.

Паводле ягоных словаў, такія праблемы трэба разьвязваць палітычнымі мэтадамі. У адрозьненьне ад Пуціна, былы прэм'ер Сьцяпашын заявіў, што з тэрарыстамі ня трэба весьці перамоваў і атакаваць іх таксама і ў межах Чачэніі.

Дарэчы, учора стала вядомым, што перад пачаткам узброенага бунту ў Дагэстане, які пачаўся 7-га жніўня, абвучальную базу ісьлямскіх экстрэмістаў ў Чачэніі наведаў вядомы саўдаўскі дысыдэнт Бэн Ладэн, які лічыцца міжнародным тэрарыстам. Мяркуецца, што гэты мільянэр фіанансаваў апэрацыю ісьлямістаў у Дагэстане. У падрыхтоўцы апэрацыі ўдзельнічалі таксама каля 40 спэцыялістаў у вядзеньні партызанскае вайны з краінаў Блізкага Ўсходу й Цэнтральнае Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG