Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Закон аб люстрацыі палітыкаў і стварэньне адмысловага Суду дзеля разгляду абвінавачваньняў у супрацоўніцтве з сакрэтнымі, камуністычнымі службамі Польшчы, парадаксальна абярнуўся супраць ініцыятараў гэтае ідэі. Люстрацыя, якая мела сьпіхнуць з палітычнай сцэны калябарантаў з былым рэжымам, прывяла да кампрамэтацыі кіруючай кааліцыі на чале з "Салідарнасьцю"…

Правядзеньне люстрацыі было адным з перадвыбарчых абяцаньняў "Выбарчай Акцыі Салідарнасьць", якая ў верасьні 1997 году перамагла ў выбарах. Напачатку гэтага году канчаткова быў сфармаваны Люстрацыйны Суд і акрэсьленыя працэдуры разгляду справаў супрацоўніцтва са спэцслужбамі ў камуністычныя часы.

У адпаведнасьці з законам, ўсе сябры ўраду, дэпутаты парлямэнту, а таксама гэтак званыя людзі "публічнага даверу", як судзьдзі й адвакаты, павінны перад уступам на пасаду напісаць, якія былі іхныя дачыненьні з камуністычнымі спэцслужбамі перад 89-м годам.

Калі кандыдат на згаданыя пасаду прызнаецца, што быў сэксотам але раскаецца, ён можа нават атрымаць пасаду. Калі, аднак, на падставе архіўных дакумэнтаў Суд палічыць, што у сваёй дэклярацыі ён схлусіў, нават не чакаючы канчатковага вэрдыкту такі чалавек мусіць аўтаматычна падаць у адстаўку.

Гэта можа падацца несправядлівым, што ў адстаўку трэба йсьці нават без судовага прызнаньня вінаватым, але такі парадак запрапанавалі самі ініцыятары люстрацыі, спадзяючыся, што гэткім чынам яны знайшлі пугу на апазыцыйных, левых палітыкаў.

Аднак атрымалася наадварот. Найбольш высокапастаўленай ахвяраю люстрацыі сталася другая асоба ва ўрадзе, былы прафзьвязовы дзяяч, віцэ-прэм'ер, міністар нутраных справаў і адміністрацыі Януш Тамашэўскі.

Скандальны тыднёвік "NIЕ", які пасьлядоўна выяўляе ўсе анамаліі ў жыцьці краіны, выпадкі карупцыі, крывадушніцтва, і непатызму палітыкаў ды каталіцкага духавенцва ўжо некалькі месяцаў таму знайшоў доказы ягонага супрацоўніцтва са службаю бясьпекі ў горадзе Лудзь, назваў ягоную агэнтурную мянушку "Багдан" і прозьвішчы афіцэраў бясьпекі, якім у пачатку 80-х гадоў ён пастаўляў інфармацыю пра рух "Салідарнасьць".

Тамашэўскі, які быў адным зь вядучых дзяячоў "Салідарнасьці" ды стаўленікам ейнага цяперашняга лідэра Кшаклеўскага, пасьлядоўна запярэчваў абвінавачаньням, аднак пад ціскам з боку прэсы і ў атмасфэры скандалу ў чацьвер падаў у адстаўку. Некаторыя лічаць, што сапраўднай прычынаю адстаўкі не былі магчымыя кантакты Тамашэўскага са спэцслужбамі, але трывожнае пашырэньне ягоных паўнамоцтваў і яўныя промахі ў сваёй міністэрскай дзейнасьці.

Тыднёвік, якога афіцыйна ўсе брыдзяцца з прычыны непрыстойнай мовы й малюнкаў, але ўсе прытоена чытаюць, знайшоў таксама доказы супрацоўніцтва са службаю бясьпекі самога прэм'ера Ежы Бузэка. Што праўда, Люстрацыйны Суд не знайшоў падставаў да разгляду справы й прэм'ер застаўся на пасадзе, аднак цень падозраньняў і сумневу застаўся і прэм'ер апынуўся ў вельмі няёмкім становішчы.

У выніку люстрацыі цяперашняя адміністрацыя Польшчы панесла яшчэ іншыя страты. У адстаўку быў вымушаны падаць сябра кабінэту Януш Качурба, які быў галоўным перамоўнікам у пытаньні сяброўства Польшчы ў Эўрапейскім Зьвязе. Па абвінавачваньні ў супрацоўнцтве са службаю бясьпекі адмовіўся ад пасады намесьнік міністра абароны Робэрт Мрозевіч, які адказваў за кантакты з хаўрусам NATO.

У шэрагах кіруючай кааліцыі Польшчы, гэтыя скандальныя адстаўкі выклікалі сапраўдны землятрус і поўную разгубленасьць. Давер да ўраду й рэйтынг "Выбарчай Акцыі Салідарнасьць" упалі да найніжэйшага ўзроўню за ўсе гады пасьля краху камунізму. У грамадзтве дамінуе перакананьне, што ўвесь урад скампрамэтаваў сябе й павінны адбыцца датэрміноваыя выбары.

Перад люстрацыяй, як ўзаемна небясьпечнай зброяй, даўно перасьцярагалі найбольш дальнабачныя палітыкі – такія як Яцэк Куронь з кааліцыйнай партыі "Ўнія Свабоды", якія ня проста баяцца за сябе або маюць нешта на сваім сумленьні. Яны лічаць, што люстрацыя ў польскім варыянце будзе толькі прыладаю палітычнае барацьбы і ад яе будзе больш шкоды чым карысьці. Як бачна, так і атрымалася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG