Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 верасьня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

(Эфір 4 верасьня)
У гасьцёх на Радыё "Свабода" паэт і грамадзкі дзяяч Уладзімер Некляеў.
Нагадаем, што напачатку чэрвеня старшыня Зьвязу пісьменьнікаў пакінуў Менск і выехаў у Варшаву. Там ён зьбіраеца працягваць сваю літаратурную і грамадзкую дзейнасьць…

(Карэспандэнт: ) "Уладзімер, як зьявілася ідэя выехаць? Што было той апошняй кропляй (а я ведаю, што гэта была й не гарэлка, і не сьляза) той апошняй кропляй, якая змусіла пакінуць межы Беларусі?"

(Некляеў: ) "Можна сказаць, што й гарэлка, і сьляза. Але – не, вядома. Ёсьць шэраг розных прычынаў і вонкавых і нутраных.

І для таго, каб усім усё было зразумела, звычайна, кожны чалавек тлумачыць любы свой крок незразумелымі прычынамі. І калі браць вонкавыя прычыны, то яны нібыта навідавоку. Гэта тое, што адбывалася вакол "Крыніцы" і адносіны, якія склаліся з уладамі, выступленьні Лукашэнкі з нападамі на Зьвяз пісьменьнікаў і гэтак далей.

Але, усё гэта важна, ды ня ў той ступені, як прычыны нутраныя.

6 верасьня быў дзень нараджэньня Аляксандара Сяргеевіча Пушкіна й дзень нараджэньня майго сябра Аляксея Дударава, і я зьбіраўся ехаць яго віншаваць, да яго на лецішча. І прачнуўся з гэтым. І якраз у мяне ляжаў на стале томік Пушкіна, які я гартаў перад гэтым рыхтуючыся, дарэчы, да выступленьня на ягоным юбілеі.

І я згадаў якраз, што гэты паэт і быў паэтам свабоды. І яно сапраўды так, калі ўзяць ягоныя тэксты, то яны так ці йнакш – усе пра волю ці пра ймкненьне да гэтай волі.

І я раптам сам у сябе запытаўся: а калі б быў жывы Аляксандар Сяргеевіч – ва ўсіх адносінах вялікі чалавек (ён жыў вясёлым жыцьцём, ён піў шампаньскае, ён кахаў жанчынаў) і што б я змог падараваць вось такому чалавеку?

І як я ні выбіраў падарункі – годнага падарунка так і не знайшоў. Ён большы за любыя мае падарункі. І тады я спытаўся, а што б ён мог падараваць мне ў гэты дзень, каб я мог гэта перадаць Аляксею Дудараву? І я сам сабе сказаў, што падары ты мне, Аляксандар Сяргеевіч, волю.

Якраз у гэты дзень у Менску былі мае студэнцкія сябры зь якімі я сеў і паехаў у Варшаву".

(Карэспандэнт: ) "І застаўся Зьвяз пісьменьнікаў без кіраўніка. Які далейшы лёс можа быць у Зьвязу пісьменьнікаў?"

(Някляеў: ) "Безумоўна, можа быць раскол у Зьвязе пісьменьнікаў, таму што была задумка раскалоць Зьвяз, якая пачала была рэалізоўвацца на апошнім зьезьдзе, але не дайшла да свайго заканчэньня з-за шэрагу прычынаў.

І ёсьць натуральна такія погляды, што непатрэбная гэтая арганізацыя, бо яна сама сябе перажыла. У іншых умовах і ў іншай краіне я б з гэтым пагадзіўся, але ў нас (я ўжо пра гэта казаў) дзе савецкія традыцыі захоўваюцца як нідзе трывала і дзе дзяржава прызвычаілася мець справу са структурамі, з арганізацыямі, дзе асобна ўзяты чалавек для яе анічога ня значыць – там патрэбная арганізацыя, каб быць у стасунках зь іншымі дзяржаўнымі інстытуцыямі. І пакуль ня зьменіцца сама гэтая палітычна-грамадзкая сытуацыя ў Беларусі, казаць пра тое, што Зьвяз пісьменьнікаў ужо нікому не патрэбны, я думаю, зарана".

(Карэспандэнт: ) "І ўсё ж, калі гэткі раскол адбудзецца, па якой лініі пройдзе мяжа расколу?"

(Някляеў: ) "Тут дзьве лініі і абедзьве яны зьвязаныя з палітыкаю.

На сёньняшні дзень мяжа палягае там, дзе сьхільнасьць у адзін бок – каб быць самастойнай дзяржаваю, незалежнай ні ад каго, і, з другога боку, каб "інтэгравацца" з Расеяй і жыць вось гэтай звыклай, даўняй, дружнай сям'ёю. Хто лічыць так – з аднаго боку, хто лічыць інакш – з другога.

І яшчэ адна лінія – гэта тых людзей, якія ня лічуць, што ўлада (такая, якая яна ёсьць) пасланая зь нябёсаў Усявышнім, а што гэта проста часовая рэч, як і ўсё, зрэшты, на гэтым сьвеце".

(Карэспандэнт: ) "Вось кажуць, што калі б у свой час – у 20-30 гадох больш беларускіх пісьменьнікаў выехала за мяжу, то літаратура ад гэтага выйграла б і тыя людзі, прынамсі не загінулі б у часы сталінскіх рэпрэсыяў і літаратура разьвівалася б…"

(Някляеў: ) "З тых камэнтароў, якія мне пераслалі з нагоды майго ад'езду, мяне вельмі ўразіў камэнтар Рыгора Барадуліна (паэта й чалавека, якога я паважаю, зь якім сябрую, хоць ён і старэйшы за мяне) які хораша пра мяне казаў. Але, што ён сказаў: вось тое, што я выехаў і наогул, што зрабіў гэты крок, ну хай сабе гэта й будзе, і нятрэба мяне за гэта судзіць.

Разумееце, як гэта ўсё ўелася? За што судзіць? Дык я ж і кажу, што гэта чамусьці застаецца ў крыві і ў касьцях, у валасох, у пазногцях, вось гэтая повязь з гэтай ня самай лепшай традыцыяй няволі.

Гэта ж таксама адчуваньне па-сутнасьці, калі б перакруціць увесь наш нацыянальны патрыятызм і зірнуць на яго з другога боку, то ў ім шмат і заганнага. Гэта і боязь выйсьці на вольны шырокі сьвет, на гэты вецер, на гэты сьвіст сусьветны… Вось тут. Дома. Каля сваіх градаў. Пры сваім лясочку. Дзе ўсе расьпісаныя па рангох, па заслугах і ўсе адзін пра аднаго ведаюць. Ну, толькі можа адзін не пагадзіцца зь іншым – хто зь іх больш гэніяльны, хто – менш гэніяльны. Вось тут утульна, цёпла, добра. Як толькі ты выйшаў у сусьвет – адразу паныласьць, панурасьць, няўтульнасьць і хучэй, хучэй зграбаць манаткі й бегчы да хаткі. Я не скажу, што я гэтага пазбаўлены. Гэтае адчуваньне раз-пораз і ў ва мне жыве".

(Карэспандэнт: ) "Адчуваньне страху?"

(Някляеў: ) "Адчуваньне страху, так".

(Карэспандэнт: ) "Ну, бо ён як бы выхаваны многімі многімі папярэднімі гадамі. І выхаваны на чужых прыкладах. На прыкладах тых самых пісьменьнікаў. Вось як, да прыкладу, з Дубоўкам. Як гэта было?"

(Някляеў: ) "Так. Калі пра гэта думаеш – нявесела робіцца на душы… Калі Дубоўка вярнуўся і юбілей у яго быў, і пачалі за яго падымаць тост і віншаваць яго. Гэты чалавек… Ён падняўся: "Не, не. Давайце спачатку не за мяне, давайце спачатку за нашу родную партыю, за наш савецкі ўрад". Гэта сапраўды, з аднаго боку – ёсьць чаму зьдзіўляцца, а з другога боку – ёсьць чаму жахацца".

(Карэспандэнт: ) "А як бачыцца асабістая і агульная будучыня?"

(Някляеў: ) "Я адчуваю надзею, якая можа спраўдзіцца. Палягае яна на тым, што я не лічу, скажам, пачынаючы з палітыкаў, нашую апазыцыю слабой, як гэта прынята чамусьці лічыць у нутры нашае краіны і на Захадзе таксама: вось у нас слабая палітычная апазыцыя.

Выбачайце! Калі ўлічыць тое, што апазыцыя на Захадзе – гэта проста альтэрнатыўная палітычная сіла (ня больш за тое), якая ідзе да ўлады…

А нашая апазыцыя – гэта пэрсанальна кляймёная. Кожны зь іх як пэрсанальны вораг народу і асабіста прэзыдэнта. І калі гэтыя людзі, ведаючы пра тое, якія наступствы могуць мець, выходзяць на пляцы, тысячамі выходзяць – то гэта ня ёсьць слабая апазыцыя. Пры нармальным існаваньні апазыцыі гэтыя тры-чатыры-пяць тысячаў адразу перарастаюць у 30-40-50 тысячаў".

Па-другое: дух. Дух.

Тое, што называецца духам (нацыянальным, беларускім) толькі ўяўляецца некаму ў беспрабуднай сьпячцы. Гэта ня так, пра што сьведчыць хаця б той пад'ём, які адбываееца ў той жа літаратуры. Як гэта каму ні падасца дзіўным, але сёньня якасна нашая літаратура пераўзыходзіць і даўных і нядаўных ейных папярэднікаў. Яна становіцца Літаратураю. І наперадзе не такія ўжо чорныя дні, як некаму падаецца".

XS
SM
MD
LG