Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 верасьня 1999 г.


Чарговы рабочы сход Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня будзе працягвацца два дні — з 18 па 19 верасьня. Такое рашэньне было прынятае сёньня на паседжаньні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, якое вёў выканаўца абавязкаў сьпікэра Віктар Ганчар.

Выконваючы абавязкі старшыні Вярхоўнага Савету, а менавіта так падпісаныя дакумэнты, якія разглядаліся на прэзыдыюме, мяркуе, што сесія будзе працягвацца ня толькі два дні запар 18 і 19 верасьня, але й зьбярэ ў другі дзень недзе каля 400 чалавек.

Напачатку ў суботу 18 верасьня дэпутаты адпрацуюць у камісіях і ў фракцыях Вярхоўнага Савету, а плянарнае паседжаньне пройдзе ў нядзелю 19 верасьня. На яго, як дамовіліся сёньня на прэзыдыюме, будуць запрошаныя ня толькі дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня, але й іхныя папярэднікі 12 скліканьня, сябры Канстытуцыйнага Суду першай кадэнцыі, лідэры партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, прадстаўнікі незалежных прафэсійных зьвязаў, працоўных калектываў, а таксама замежныя госьці.

У парадак дня прэзыдыюм будзе прапаноўваць уключыць два галоўныя пытаньні: першае — справаздача мандатнае камісіі на чале зь Мечыславам Грыбам аб сваёй працы і другое — выступленьне выконваючага абавязкі старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара аб палітычных выніках пяцігадовага кіраваньня краінаю Аляксандрам Лукашэнкам.

На паседжаньні прэзыдыюму спадар Грыб даклаў калегам пра тое, што на сёньняшні дзень на думку мандатнае камісіі легітымны парлямэнт складаецца з 82 дэпутатаў, 54 зь якіх ужо напісалі пісьмовыя заявы аб сваім намеры працаваць у Вярхоўным Савеце.

Пасьля апошняга паседжаньня мандатнае камісіі паступіла яшчэ адная, 55-я па ліку заява. А яшчэ сем чалавек папрасілі адтэрміноўку й паабяцалі паведаміць пра сваё канчатковае рашэньне крыху пазьней.

Што тычыцца зацьверджаньня старшыні новага ўраду, дык гэтае пытаньне хутчэй за ўсё пакуль ня будзе разглядацца. Як вядома, Міхал Чыгір адмовіўся прыняць запрашэньне Сямёна Шарэцкага ўзначаліць урад, а прозьвішчы новых прэтэндэнтаў ад спадара Шарэцкага пакуль не паступалі.

Уладзімер Глод, Менск

Тым часам старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі, да якога, згодна Канстытуцыі, перайшлі абавязкі кіраўніка дзяржавы, даў у Вільні інтэрвію выканаўчаму дырэктару Міжнароднае Лігі правоў чалавека Кэтрын Фіцпатрык. Згодна з паведамленьнем "БелаПАН", Сямён Шарэцкі цягам інтэрвію заявіў, што доступ апазыцыі да сродкаў масавае інфармацыі ёсьць абавязковай перадумоваю ўдзелу ў перамовах з уладамі.

Нагадайма, што папярэднія кансультацыі паміж уладамі ды апазыцыяй распачаліся ў Беларусі 3 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG