Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 06 верасьня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня 20-гадовы Яўген Асінскі, які быў затрыманы ў Менску за ўдзел у сьвяткаваньні 27 ліпеня ды правёў за кратамі больш як месяц, даў прэсавую канфэрэнцыю. Яўген Асінскі заявіў, што супрацоўнікі праваахоўных ворганаў зьбівалі яго.

Сёньня ў штаб-кватэры грамадзкае праваабарончае арганізацыі "Вясна-96" даў прэсавую канфэрэнцыю 20-гадовы мянчук Яўген Асінскі, які больш месяца правёў і беларускіх ізалятарах пасьля сьвяткаваньня Дня незалежнасьці 27 ліпеня. Паводле расповеду спадара Асінскага, ён быў схоплены міліцыянтамі пасьля мітынгу, і адразу ж у пастарунку зьбіты:

(Асінскі: ) "Першыя трое сутак затрыманьня аніводнага разу не пакармілі, амаль што не давалі спаць — праз кожную гадзіну-дзьве мяне цягалі на допыты. Першы раз я паеў толькі тады, калі да мяне маці прыехала.

...Мне зноў такі даставалася то ныркам, то па жывату. Мяне адводзілі ў камэру, потым зноў выклікалі... Так да паловы начы. Потым адвезьлі ў Цэнтральны РАУС Менску. Там мяне йзноў такі пры допытах палохалі, што будуць зьбіваць, але толькі адзін раз там ударылі".

Гэтак Яўген Асінскі распавёў журналістам падзеі. Сьледчым не ўдалося атрымаць ад затрыманага прызнаньня віны паводле гэтага абвінавачваньня, і ў рэшце рэшт яго перавялі зь ізалятару на Дабрамысьленскім завулку ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Дарэчы, спадар Асінскі ўдакладніў, што не зьяўляецца сябрам аніводнае палітычнае партыі.

Зараз хлопцу пагражае турма "да 5 гадоў" — столькі прадугледжвае закон за парушэньне 1861 і 189 частка 3 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх ён абвінавачваецца згодна з крымінальнай справаю.

Толькі намаганьнямі адвакаткі Натальлі Тарасюк удалося зьняць абвінавачваньне ў злосным хуліганцтве, якое прадугледжвае большае пакараньне — "да 8 гадоў турмы", і дамагчыся зьмены арышту на падпіску аб нявыезьдзе.

XS
SM
MD
LG