Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 верасьня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Вынікі рэфэрэндуму ва Ўсходнім Тыморы яшчэ не падведзеныя – але над гэтай 27-й правінцыяй Інданэзіі зноў навісла пагроза грамадзянскае вайны. У сераду беспасярэдне перад прадстаўніцтвам ААН у цэнтральным месьце Тымору Дылі было забіта пяць людзей. Урад суседняй Аўстраліі выказаў меркаваньне пра верагоднасьць увядзеньня ва Ўсходні Тымор міжнародных сілаў ААН.

Рэфэрэндум ва Ўсходнім Тыморы прайшоў у панядзелак. Жыхары правінцыі выбіралі паміж статусам пашыранае аўтаноміі, які прапанавала Джакарта, і незалежнасьцю. Назіральнікі выказваюць меркаваньне, што пераважная бальшыня галасоў была пададзеная за незалежнасьць. Аднак, выглядае, рэалізацыя такога выніку зусім ня спыніць грамадзянскую вайну на гэтай тэрыторыі. Узброеныя праінданэзійскія сілы, які выступаюць супраць незалежнасьці , сваю зброю складаць не зьбіраюцца. Як падае "ВВС", на тэрыторыі Ўсходняга Тымору дзейнічаюць прынамсі пяць фармаваньняў міліцыі. Кіраўнік аднаго зь іх, якое называецца "Aitarak", заявіў, што па абвяшчэньні незалежнасьці Ўсходні Тымор ператворыцца ў мора агню.

Міліцэйскія групоўкі ўзброеныя як традыцыйнымі мачэтэ й коп'ямі, так і сучаснымі аўтаматамі. Адны зь міліцыянтаў носяць чырвоныя бэрэты, іншыя хусткі, а на чорных саколках – абавязковы сымбаль чырвона-белага інданэзійскага сьцяга. Адна з груповак так і называецца –"Besi Merah Putih" (Чырвона–Белае Жалеза). Аднак гэтыя міліцыі ёсьць нешта іншае, чым ёсьць міліцыя ў астатнім свеце. Гэта а ні паліцэйскія, а ні паўвайсковыя арганізацыі, а хутчэй узброеныя групы, якія дзейнічаюць афіцыйна, але незалежна ад дзяржаўных структураў. Але гэта й не звычайныя атрады дабрахвотнікаў. Многія зь міліцыянтаў былі адмыслова падрыхтаваныя і ўзброеныя інданэзійскай арміяй. Супрацьстаіць ім пранезалежніцкі паўстанцкі рух "Falintil".

З гэтай раскладкі сілаў вынікае, што любыя вынікі рэфэрэндуму – незалежнасьць або аўтаномія – выклічуць новую хвалю супрацьстаяньня. У зьвязку з падзеямі апошніх дзён міністар замежных справаў Аўстраліі Аляксандар Доўнар абвясьціў пра магчымасьць увядзеньня ва Ўсходні Тымор міжнародных сілаў. Інданэзія, якая раней заяўляла, што мае сытуацыю пад кантролем, нечакана дала зразумець, што такой магчымасьці не выключае. Пра гэта ўчора заявіў дзяржаўны сакратар Інданэзіі Муладзі. Некаторыя пранезалежніцкія дзяячы Ўсходняга Тымору, як паведамляе "Reuters", згодныя зь ідэяй увядзеньня ААНаўскага кіраваньня на пераходны пэрыяд ад чатырох да пяці гадоў.

У заходняй прэсе сёньня назіральнікі выказваюць станоўкі погляд на магчымасьць міжнароднае міратворчае акцыі ва Ўсходнім Тыморы. Так, брытанская газэта "Guardian" у рэдакцыйным камэнтары сёньня адзначае, што гэта – праблематычны праект, але калі – пасля столькіх гадоў змаганьня ўсходніх тыморцаў – ізноў паўстае прывід другое крывавае грамадзянскае вайны, тады нельга больш ухіляцца ад вырашэньня гэтага пытаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG