Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 верасьня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Ня гледзячы на аптымістычныя заявы расейскага боку, сытуацыя ў Дагэстане застаецца напружаная. Баявікам, якія вядуць жорсткія баі з фэдэральнымі сіламі Расеі пачало спрыяць нарвор'е…

У Дагэстане туман, нізкая хмарнасьць і дождж. Такія ўмовы не даюць магчымасьці эфэктыўна ўжываць авіяцыю, каб бамбаваць апорныя пункты тамтэйшых незалежнікаў. У раёне вёскі Карамахі, з пануючых вышыняў, працуюць снайпэры. Мяйсцовасьць вакол вёскі моцна замінаваная.

Падобная сытуацыя і ў раёне яшчэ аднаго амаль цалкам падкантрольнага баявікам населенага пункту – Чабанмахі, які фэдэралы дзень таму спрабавалі было штурмаваць. Але а ні ўдары з паветра, а ні гарматная падрыхтоўка не дапамаглі. Баявікі пераседжваюць гэтыя акцыі ў сховах, а потым зноў займаюць баявыя пазыцыі.

Гэткім чынам лінія абароны ісьлямістаў ужо некалькі дзён застаецца той самай.

Прэсавая служба міністэрства абароны Расеі у сваіх афіцыйных паведамленьнях цьвердзіць, што незалежнікі нясуць вялікія страты і, са спасылкаю на радыёперахопы дадае, што баявікі зьвярнуліся па дапамогу да сваіх прыхільнікаў у Ічкерыі і Дагэстане.

Тым часам мяйсцовыя праваахоўныя ворганы паведамляюць, што для выхаду з зоны баёў ісьлямісты ўжываюць сродкі радыёэлектроннага процідзеяньня. Адмысловая апаратура падаўляе сыгналы кіраваньня й сувязі вайсковых аддзелаў і сыстэмаў навядзеньня авіяцыі.

Экспэрты расейскага міністэрства абароны лічаць, што такое абсталяваньне можа быць прывезенае толькі замежным спэцслужбамі. Апрача гэтага, на ягонае ўжываньне патрэбныя моцныя крыніцы сілкаваньня. Гэткія крыніцы, разам са складанай антэннай гаспадаркаю, могуць знаходзіцца ў суседніх з Дагэстанам раёнах Ічкерыі.

Паводле дадзеных міністэрства нутраных справаў Дагэстану, цягам мінулых сутак у зоне баёў загінуў адзін расейскі вайсковец і сямёра былі параненыя. Апрача гэтага параненымі былі і 20 супрацоўнікаў дагэстанскае міліцыі. Усяго ж, у часе канфлікту, страты расейскага боку ў Буйнацкім раёне склалі 13 забітых і больш як 90 параненых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG