Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 верасьня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Сёньня італьянская газэта "Corriere della Sera" апублікавала сьпіс з 24 прозьвішчаў расейскіх грамадзянаў, чые замежныя рахункі правяраюць швайцарскія сьледчыя. Сёньня ж Банк Нью-Ёрку, якія застаецца ў цэнтры скандалу вакол адмываньня расейскіх грошай, афіцыйна аб'явіў, што звальняе другую сваю супрацоўніцу, зьвязаную з гэтым скандалам.

Сярод прозьвішчаў расейскіх дзяржаўных чыноўнікаў, якія маюць замежныя рахункі, фігуруюць кіраўнік справамі адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Павал Барадзін, ягоныя жонка, сын, дачка, зяць, былы віцэ-прэм'ер Алег Саскавец, былы кіраўнік мытнага камітэту Анатоль Круглоў. Нагадаем, што яшчэ некалькі дзён таму Барадзін у інтэрвію СМІ, у тым ліку "Радыё Свабода", рашуча заяўляў, што ня мае аніякіх замежных рахункаў. Аднак італьянская "Corriere della Sera" прыводзіць копію запыта жэнэўскага сьледчага наконт банкаўскіх рахункаў расейскіх чыноўнікаў, што праходзяць у справе адмываньня грошай. Дакумэнт быў накіраваны ва ўсе швайцарскія фінансавыя ўстановы.

Тым часам сёньня ж Банк Нью-Ёрку, які застаецца ў цэнтры скандалу вакол адмываньня расейскіх грошай, афіцыйна аб'явіў, што звальняе другую сваю супрацоўніцу, зьвязаную з гэтай справаю. Сьвятлана Кудраўцава, якая працавала ва ўсходнеэўрапейскай філіі Банка Нью-Ёрку, была звольнена за нежаданьне супрацоўнічаць з нутраным сьледзтвам, якое праводзіцца ў банку. Пра гэта паведамілі блізкія да сьледзтва крыніцы. Афіцыйна прэсавы сакратар банку падцьвердзіў факт звальненьня Кудраўцавай, не сказаўшы нічога пра прычыну.

Першай звольненай супрацоўніцай банка на мінулым тыдні стала Люсі Эдвардс, віцэ-прэзыдэнт Лёнданскае філіі. Яна была пазбаўленая працы за парушэньне нутраной палітыкі ўстановы, фальсыфікацыю банкаўскіх дакумэнтаў і таксама нежаданьне супрацоўнічаць са сьледзтвам. Муж Эдвардс, Пітэр Бэрлін – дарэчы, абодва яны зьяўляюцца выхадцамі з былога СССР – зьяўляецца кіраўніком фірмы "Бенэкс", празь якую і праходзілі падазроныя грошы. Нагадаем, скандал пачаўся на мінулым тыдні, калі ў амэрыканскай прэсе былі апублікаваныя зьвесткі, што праз адзін з рахункаў Банка Нью-Ёрку было пераведзена 4 мільярды дзьвесьце мільёнаў даляраў. На рахункі фірмы "Бенэкс" быў накладзены арышт, а ў доме Люсі Эдвардс брытанская паліцыя правяла вобшук.

Банк вельмі занепакоены тым, што ягонае імя апынулася ў цэнтры вялізнага скандалу. Кіраўнік гэтае ўстановы даслаў мэмарандум усім супрацоўнікам, абараняючы рэпутацыю банку і абяцаючы хуткае пакараньне ў выпадку, калі будуць выяўлены новыя неналежныя дзеяньні пэрсаналу.

Але безумоўна, найбольшую заклапочанасьць скандал выклікаў у расейскіх палітыкаў і журналістаў. "Financial Times" прыводзіць меркаваньне міністра нутраных справаў Расеі Ўладзімера Рушайлы, які заяўляе, што скандал носіць папулісцкі характар і аніякіх крымінальных справаў у зьвязку з гэтым не ўзбуджалася. На думку Рушайлы, зрэшты, як і многіх у Расеі, скандал адлюстроўвае пачатак прэзыдэнцкіх кампаніяў у ЗША і Расеі.

Міністар фінансаў Расеі Міхал Касьянаў заявіў, што ў Расею не паступала аніякіх афіцыйных дакумэнтаў аб "адмываньні" грошай праз Банк Нью-Ёрку. Ён паведаміў, што расейская гэнэральная пракуратура накіравала ўжо адпаведныя запыты ў краіны, якія маюць дачыненьне да гэтай справы.

На думку Касьянава, скандал вакол Банка Нью-Ёрку зьвязаны з няздольнасьцю расейскіх камэрцыйных банкаў і прыватных фірмаў урегуляваць дачыненьня з заходнымі партнэрамі пасьля леташняга фінансавага крызысу 17 жніўня. Іншымі словамі, Касьянаў якбы падцьвердзіў тыя вэрсіі расейскае прэсы, паводле якіх заходнія крэдыторы такім незвычайным спосабам адказваюць на расейскі дэфолт – няздольнасьць аддаць узятыя запазыкі.

XS
SM
MD
LG