Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 верасьня 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Сёньня прадстаўнікі гандляроў-страйкоўцаў мелі сустрэчу ў адміністрацыі прэзыдэнта, куды перадалі свае патрабаваньні. Чыноўнікі паабяцалі зь імі разабрацца, але ад размоваў устрымаліся. Страйк працягваецца. На ягоным тле йдзе стварэньне свабоднага прафэсыйнага зьвязу прадпрыймальнікаў.

Учора прадстаўнікі свабодных прафэсыйных зьвязаў прадпрыймальнікаў дамовіліся, што сёньня ў адміністрацыі прэзыдэнта выслухаюць іхныя прапановы ў вырашэньні супрацьстаяньня, якое цягнецца ўжо зь 1 верасьня.

Іх, прачакаўшых 2 гадзіны, запрасіў загадчык эканамічным аддзелам Віктар Кандратаў. Далей апавядае кіраўнік свабоднага прафэсыйнага зьвязу кірмашу "Паўднёвы", што ў Горадні, Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) "Гэта немагчыма было назваць сустрэчаю, гэта была проста перадача дакумэнтаў чыноўніку, які анічога не вырашае. Мы зразумелі, што ўлады гэтую праблему на сур'ёзным узроўні вырашаць не будуць. Адную з магчымасьцяў зьняць канфлікт улады ня выкарысталі, а дакумэнты можна было даслаць звычайнай поштаю".

Валеры Леванеўскі заўважыў, што гэтая сустрэча, безумоўна, паўплывае на далейшае разьвіцьцё падзеяў.

Між тым да страйку далучаюцца новыя рэгіёны, у прыватнасьці, інфармацыя пра яго дайшла да Магілева, чые гандляры таксама выказваюць салідарнасьць.

Разам з тым, незразумелую пазыцыю займае афіцыйны прафэсыйны зьвяз прадпрыймальнікаў "Садружнасьць", што ўваходзіць у склад Фэдэрацыі прафэсыйных зьвязаў Беларусі. Ягоныя кіраўнікі напачатку заяўлялі, што зьвяз ня мае дачыненьня да ініцыяваньня акцыі і гэта адпавядала праўдзе. Сёньня выказваючыся з нагоды страйку, яны заяўляюць, што для іх лепшым разьвіцьцём сытуацыі было б маўклівае ігнараваньне чыноўнікамі пунктаў аб канфіскацыі. Яны — у прыватнасьці, кіраўнікі менскае гарадзкое структуры "Садружнасьці" — заяўляюць, што было б лепш, каб гандляры прыступілі да працы, таму што перамовы з уладамі йдуць. А цягнуцца яны могуць на працягу аднаго-двух месяцаў.

Да падобных заклікаў прыслухаліся — паводле розных падлікаў, ад 10 да 40 адсоткаў гандляроў кірмашу на сталічным стадыёне "Дынама" выйшлі на працу.

Радыкальна настроеныя Свабодныя прафэсыйныя зьвязы гатовыя стаяць да часу, пакуль ня будуць выкананыя іхныя патрабаваньні: адмена абавязковай сэртыфікацыі і падцьверджаньне легальнага набыцьця валюты. Камэнтуе Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) "Я мяркую, што гэта натуральная правакацыя, якая ідзе паўсюль, дзе ёсьць структуры "Садружнасьці". Яна мае на мэце разбурыць наш рух і зьяўляецца праяваю няздольнасьці ейных кіраўнікоў кіраваць масамі. Гэта акцыя пратэсту. Няўжо лепей гандляваць і чакаць — пакуль падыйдуць і адымуць увесь тавар?"

Што да сілы, якая можа рухаць страйкоўцамі — на хвалі страйкавага руху йдзе ўтварэньні арганізацыйнае структуры Свабоднага прафэсыйнага зьвязу прадпрыймальнікаў. Да яго мяркуецца далучыць кожны горад, дзе ёсьць прыватныя гандляры:

(Леванеўскі: ) "Мы гутарылі зь людзьмі на ўсіх кірмашох — яны гатовыя бунтаваць, страйкаваць, але пакуль няма структуры. Мы мяркуем скончыць працу па яе стварэньні да сярэдзіны верасьня".

Такая хуткасьць магчымая, паколькі гарадзенцы не плацілі падатак, таму й ня маюць права гандляваць — відаць, будуць займацца стварэньнем структуры.

Па-ранейшаму для працуючых гандляроў застаецца небясьпека ўжываньня канфіскацыйных мераў, прадугледжаных дэкрэтам № 25. Але ў такім разе ўлада падштурхне да супраціву нават самых пасыўных. Ён выльецца ў вялізныя сумы недабораў у мяйсцовыя і сталічныя бюджэты.

Якую з альтэрнатываў — дрэнны мір ці добрую сварку абярэ ўлада, засьведчыць ужо наступны тыдзень. Прынамсі ў Менску на свой страх і рызыку гандляры гатовыя выйсьці працаваць.

XS
SM
MD
LG