Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 верасьня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

У Менску распачаліся доўгачаканыя кансультацыі паміж апазыцыйнай і ўрадавай дэлегацыямі. Бакі дамаўляюцца пра доступ апазыцыі да сродкаў масавае інфармацыі. Пасярэднік, кіраўнік кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік назваў сёньняшнія кансультацыі "маленькім крокам, наступствы якога могуць быць самымі вялікімі".

Сёньня, упершыню з моманту сканчэньня прэзыдэнцкае легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікі ўлады і апазыцыі селі за стол перамоваў. Сустрэча, якая цягнулася дзьве з паловаю гадзіны, адбывалася пад эгідаю АБСЭ ў будынку кансультатыўна-назіральнае місіі ў Менску. Фармат сустрэчы — папярэднія кансультацыі ўрадавае дэлегацыі з прадстаўнікамі апазыцыйнае экспэртавае групы ў пытаньнях доступу да сродкаў масавае інфармацыі.

Апазыцыянэры перадалі свае прапановы ў гэтым пытаньні ўрадавай дэлегацыі. Тое ж самае зрабіла група АБСЭ. Урадавая дэлегацыя зь ветлівым тварам, але моўчкі гэтыя прапановы прыняла й паабяцала вывучыць.

Доступ да дзяржаўных СМІ апазыцыя называе адной з умоваў перамоваў з уладамі.

Бок Лукашэнкі на сёньняшніх кансультацыях прадстаўлялі ягоны дарадца Міхал Сазонаў, які і ўзначаліў урадавую дэлегацыю, а таксама Яўген Матусевіч і Алена Шніткова. Экспэртаў у галіне СМІ ад урадавае дэлегацыі на сёньняшніх кансультацыях не было. Апазыцыйную дэлегацыю ачоліў кіраўнік Цэнтру праўнае абароны Беларускае Асацыяцыі Журналістаў Міхал Пастухоў. У склад экспэртавай групы ўвайшлі Ўладзімер Нісьцюк, Юры Тапарашаў і Ўладзімер Глод. На сустрэчы прысутнічаў кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік. У якасьці назіральніка быў запрошаны прадстаўнік лібэрал-дэмакратаў Аляксандар Рабатай.

Кансультацыі, паводле словаў Міхала Пастухова, зьвяліся да перадачы групай АБСЭ і апазыцыянэрамі прапановаў урадаве дэлегацыі:

(Пастухоў: ) "Вынік плённы, паколькі зроблены першы крок да таго, каб пачаць шырокамаштабныя перамовы паміж апазыцый і ўладаю. Сутнасьць нашых прапановаў зводзіцца да таго, што мы патрабавалі, каб палітычным партыям у апазыцыі была прапанавана ня меней за палову таго часу, які адводзіцца на палітычную тэматыку, каб матэрыялы рыхтаваліся журналістамі, якія будуць прызначаны апазыцыяй, і каб абавязкова гэта было ў наўпроставым эфіры".

Пастухоў паведаміў, што апазыцыя таксама патрабуе доступу да друкаваных сродкаў масавае інфармацыі, у тым ліку й рэгіянальных. Фармат патрабаваньняў вызначаны апазыцыйнай плятформаю. Раз на два тыдні адзін матэрыял у цэнтральным афіцыйным выданьні памерам ня меней за 15 тысячаў знакаў.

Група АБСЭ перадала Сазонаву пакет прапановаў зь сямі пунктаў. Сярод іх інтэрвалы правядзеньня прэсавых канфэрэнцыяў, фармат тэледэбатаў і г.д. Такім чынам, і апазыцыянэры, і АБСЭ даводзілі сэнсава аднолькавыя прапановы, сфармуляваныя па-рознаму.

Наступны раўнд кансультацыяў адбудзецца 8 верасьня. Тады ўрадавы бок мусіць даць адказ. І на чарговым раўндзе кансультацыяў бакі выпрацуюць узгоднены дакумэнт, а 9 верасьня гэты дакумэнт будзе абмеркаваны на нарадзе апазыцыйных палітычных партыяў.

XS
SM
MD
LG